Знайсці
11.10.2023 / 21:136РусŁacБел

«Беларускі старлінк» сапраўды існуе. Праўда, ён не беларускі, а франка-італьянскі. І не старлінк, а танны аналаг. Вось як ён працуе

Беларусь сапраўды можа ствараць уласны канал спадарожнікавага інтэрнэту, у тым ліку для вайскоўцаў. Гэта магчыма дзякуючы спадарожніку, у якім стаіць еўрапейскае абсталяванне.

Падчас паездкі на Брэстчыну 6 кастрычніка Аляксандру Лукашэнку паказалі абсталяванне, якое назвалі беларускім аналагам Starlink — спутнікавай сістэмы, што забяспечвае высокахуткасны доступ у інтэрнэт.

«Ты тое, што Маск за мільярды даляраў рабіў, сам зрабіў бясплатна?» — спытаў Лукашэнка ў вайскоўца.

«Ну, не бясплатна, але за вельмі маленькія грошы», — адказаў той.

«То-бок Маск нам не патрэбны?» — «Нам — не».

«Дзесьці ў Мінску пункт доступу ў інтэрнэт: ён транслюецца праз станцыю спадарожнікавай сувязі, выходзіць сюды і праз роўтар Wi-Fi раздае інтэрнэт», — растлумачыў тады прынцып працы вайсковец.

Што паказалі Лукашэнку?

На відэа бачны роўтар, вельмі падобны да мадэлі D-Link DWR-921.

Ягоная адметнасць у тым, што ён можа прымаць сігнал як з устаўленай у яго сім-карты, гэтак і праз кабель, або працаваць у рэжыме рэтранслятара Wi-Fi-сігналу.

Маршрутызатар D-Link DWR-921. Фота: «Пул першага», dlink.com

Далей — нешта, падобнае да расійскай антэны «Трыяда МА-993». Яна здольная ўзмацняць 2G і 3G-сігналы.

Антэна «Трыяда МА-993». Фоты: «Пул першага» і, справа, opt-union.ru

Таксама бачная зарадная станцыя EcoFlow RIVER 2. Яна дазваляе забяспечваць бесперабойнае сілкаванне электрычных прыбораў і можа таксама забяспечвацца сонечнымі батарэямі. Вырабляецца яна ў Кітаі.

Зарадная станцыя EcoFlow RIVER 2. Фота: «Пул першага» і, справа, ecoflow.com

Самі вайскоўцы сказалі, што часта выкарыстоўваюць звычайны роўтар з сім-картай. Калі сігнал перадаецца са спадарожніка, то незразумела, праз што менавіта ён транслюецца на роўтар, бо вайскоўцы паказваюць Лукашэнку нешта за кадрам. Адзіны варыянт, як гэта магло б быць — праз раздачу Wi-Fi або 3G-сігналу ад спадарожнікавага мадэма.

Вайсковец кажа, што ў Мінску ёсць пункт доступу да інтэрнэту і сігнал адтуль рэтранслюецца праз станцыю спутнікавай сувязі, а пасля перадаецца на роўтар. Такім чынам, ёсць два рэжымы працы гэтай канструкцыі — «мабільны» і «спадарожнікавы». Невядома, ці могуць яны працаваць паралельна.

Гэта магчыма, але невядома, ці працуе гэта на практыцы, або Лукашэнку зноўку паказалі пшык. Прынамсі, вайскоўцы заявілі, што спадарожнікавы інтэрнэт у іх працуе. Спадарожнікавыя мадэмы ў такім выпадку лагічней падключаюць непасрэдна да маршрутызатара, які можа ствараць Wi-Fi-пункт — на відэа схема іншая.

Гэта б дазваляла атрымліваць стабільнае злучэнне з абедзвюх крыніц. То-бок у прыярытэце злучэнне са спадарожнікам праз кабель Ethernet, але калі яно губляецца, то маршрутызатар ловіць сігнал з мабільнай сеткі. У любым выпадку, сістэма, якую паказала Мінабароны, ад сістэмы Starlink мае вялікія адрозненні.

Дык ці можа Беларусь увогуле перадаваць інтэрнэт праз спадарожнік?

Так. У Беларусі сапраўды ёсць уласны спадарожнік, здольны ўсталёўваць інтэрнэт-злучэнне — гэта «Белінтэрсат-1». Аператар спадарожніка — беларускае прадпрыемства «Завод дакладнай электрамеханікі», які базуецца ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна. На гэты момант ён пад санкцыямі толькі з боку Канады.

«Белінтэрсат-1». Фота: belintersat.by

Спадарожнік выраблены ў Кітаі карпарацыяй «Вялікая сцяна» на базе платформы DFH-4. Але не абышлося і без дапамогі заходніх кампанентаў — пастаўшчыком перадатчыкаў і ўсёй апаратуры перадачы была еўрапейская кампанія Thales Alenia Space.

Гэта франка-італьянскі канцэрн, які займаецца вытворчасцю аэракасмічнай апаратуры. Карысная нагрузка ад гэтай кампаніі ёсць на большасці тэлекамунікацыйных спадарожнікаў свету, уключаючы расійскія. Кітайцам яе пастаўляюць па кантракце.

Нават у выпадку, калі б тэарэтычна супраць «Завода дакладнай электрамеханікі» ўвялі нейкія санкцыі, на функцыянаванне спадарожніка гэта б не паўплывала — у іх не прадугледжаная магчымасць рамонту, таму ўжо запушчаны спадарожнік асабліва ад іх не залежыць. З улікам таго, што Беларусь мае ўласны камандны цэнтр, які абслугоўваецца Кітаем, санкцыі ЕС ці ЗША не паўплываюць на ягонае функцыянаванне.

Перад запускам спадарожніка беларусы ездзілі ў Кітай, а пад Станькавам быў створаны камандны цэнтр. «Белінтэрсат» умее перадаваць па спадарожніку відэа і гук, а таксама забяспечваць выхад у інтэрнэт.

Што можа «Белінтэрсат»

Галоўная камерцыйная функцыя спадарожніка — гэта спадарожнікавае вяшчанне. Насамрэч, вялікага попыту на яго, мяркуючы з паведамленняў, няма, бо кампанія-аператарка спадарожніка прызнавалася, што ягоная загрузка — каля 35%. Найбольш кліентаў у спадарожніка — у Нігерыі, дзе праз яго транслююць восем эфірных каналаў.

Але ён можа і выходзіць у інтэрнэт. З улікам таго, што беларускія вайскоўцы могуць карыстацца толькі беларускім спадарожнікам, яны абмежаваныя ягонымі парогавымі параметрамі. У прэзентацыі спадарожніка стваральнікі «Белінтэрсата» раскрылі гэтыя магчымасці.

Кадр з прэзентацыі спадарожніка Belintersat

Нягледзячы на тое, што стваральнікі сцвярджаюць, што спадарожнік можа перадаваць даныя з хуткасцю да двух гігабіт за секунду, карыстальнікам кампанія прапануе значна меншую хуткасць — 6 мегабіт на прыём даных і 4 мегабіты на перадачу.

Кадр з прэзентацыі спадарожніка Belintersat

Прапануюцца таксама і гатовыя рашэнні для гэтага, то-бок вайскоўцы нічога новага не прыдумалі, яно і так было ў Беларусі. Прэзентацыя, якую мы цытуем, датуецца 2018 годам.

Кадр з прэзентацыі спадарожніка Belintersat. Тое, што паказалі Лукашэнку, рэалізаванае па другой схеме

Чаму «Белінтэрсат» — усё ж не Starlink?

Спадарожнік «Белінтэрсат» рэалізуе даволі старую ідэю і тэхналогіі. Ён мае геастацыянарную арбіту — знаходзіцца на вышыні 35 786 кіламетраў над узроўнем мора і абарачаецца вакол зямлі ў кірунку яе кручэння. То-бок ён увесь час «глядзіць» на адну і тую ж зону зямлі.

Гэта трэба для таго, каб амаль нерухомая антэна, накіраваная на спадарожнік, магла атрымліваць пастаянны сігнал з яго.

Галоўны мінус геастацыянарнай арбіты ў нашых шыротах — гэта тое, што ў некаторыя перыяды часу антэна губляе з ім сувязь. Гэтая з'ява называецца «сонечнай засветкай», і адбываецца яна тады, калі спадарожнік і сонца аказваюцца на адной восі. Сігнал ад спадарожніка перабіваецца выпраменьваннем сонца. Сувязь губляецца на перыяд да дзесяці хвілінаў за суткі.

Яшчэ адна праблема — гэта затрымкі. Час перадачы туды-назад ад спадарожніка складае да паўтары секунды, што можа быць крытычна, калі трэба перадаваць звесткі ў рэжыме рэальнага часу.

У Starlink арбіта не геастацыянарная, спадарожнікі пастаянна рухаюцца ўздоўж паверхні зямлі і знаходзяцца на вышыні ад 300 да 600 кіламетраў. Каб яны працавалі, патрэбныя наземныя станцыі, якія будуць рэтрансляваць сігнал ад спадарожніка.

Спадарожнікі Starlink у небе над ЗША. Фота: Jud McCranie / Commons.wikipedia.org

Бесперабойны доступ да сеткі з нашмат меншай, чым у геастацыянарных спадарожнікаў, затрымкай, забяспечваецца за кошт таго, што такіх мікраспадарожнікаў на арбіце ўжо больш за чатыры тысячы. Хуткасці таксама нашмат большыя — да соцень мегабіт за секунду. Нават калі ўлічыць, што карыстальнікаў больш за мільён, старлінк можа без праблемаў забяспечыць патрэбы ў інтэрнэце для ўсёй украінскай арміі.

Магутнасці ж «Белінтэрсата», нават калі ўявіць сабе, што ён будзе перадаваць інфармацыю толькі для вайскоўцаў, будзе недастаткова, каб забяспечыць больш-менш стабільным інтэрнэт-злучэннем усю беларускую армію.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Украінцы паказалі начынку іранскага беспілотніка. Выявілася, што ў ім стаіць заходняя электроніка

«Кінжал» аказаўся блефам. Гэта будзе мець вялікія наступствы

Кітайскі спадарожнік, імаверна, зрабіў серыю лазерных стрэлаў над Гаваямі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
19
Панылы сорам
9
Ха-ха
41
Ого
6
Сумна
9
Абуральна
10
11.10.2023
Саня реально выглядел недалеким, которому развешивали на ушах лапшу.
0
a.hto.tam.idze/адказаць/
12.10.2023
Гадоў недзе дзесяць назад, на першае сакавіка, Гугаль запусціў праект "інтэрнэт праз унітаз". Падаецца, урэшце з'явілася канкурэнтная тэхналогія! 
0
Каменны век/адказаць/
12.10.2023
ё, А вось ябацькам лапшу навешалі на вушы, будуць ганарыцца і думаць, што ім так пашанцавала жыць у моцным і абароненым хрустальным сасуце. Звычайны дурдом.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930