Знайсці
14.06.2023 / 20:317РусŁacБел

Крычыш на сабаку? Расказваем, чаму гэта бессэнсоўна і як лепш дзейнічаць

У жыцці амаль кожнага ўладальніка сабакі надыходзіць момант, калі хочацца накрычаць на свайго гадаванца. Пашкоджаныя прадметы хатняга ўжытку, абсіканыя канапы і непрадказальныя паводзіны на шпацырах могуць раззлаваць нават цярплівага чалавека. Але які эфект гэта можа прынесці і як сабака адрэагуе, калі вы на яго крычыце? Ці можа такі метад даць выхаваўчы эфект?

Вядома, крычаць на сабаку дрэнна, і гэта не дасць станоўчых вынікаў.

Як правіла, жывёліна не разумее, чаму вы гэта робіце, і калі вы крычыце, так вы можаце выказаць сваё расчараванне, зазначае onet.pl.

У дадатак да гэтага сабака, які баіцца рэакцыі гаспадара, страчвае да яго давер. Крык прымушае жывёлу баяцца ўсёй сітуацыі. І няўпэўнены сабака зусім не становіцца больш паслухмяным. Эфект можа быць цалкам контрпрадуктыўным. Калі вы крычыце на сабаку, які спраўляе патрэбу ў кватэры, ён, хутчэй за ўсё, пачне рабіць гэта там, дзе вы не заўважыце: на ложку, за ложкам або ў цяжкадаступных месцах.

Ёсць таксама асабліва адчувальныя і палахлівыя сабакі, якія моцна адчуваюць жорсткае стаўленне ўладальніка. Калі ім балюча, могуць узнікнуць дадатковыя праблемы з паводзінамі. Сабака рэагуе з трывогай, пачынае хавацца па кутах, і яго ўпэўненасць у сабе значна падае.

Што адбываецца, калі вы крычыце пасля таго, як штосьці непажаданае ўжо здарылася?

Сітуацыя ўскладняецца яшчэ больш, калі ўладальнік вырашае крычаць пастфактум. Напрыклад, чалавек вяртаецца з працы і бачыць, што сабака пашкодзіў нейкі прадмет. Ніхто дакладна не ведае, калі менавіта прадмет быў пашкоджаны. Магчыма, сабака зрабіў гэта адразу пасля таго, як вы пайшлі, а цяпер проста забыўся пра гэта.

Калі вы крычыце на жывёліну праз некалькі гадзін пасля таго, што адбылося, вы выклікаеце не толькі страх, але і непаразуменне. Сабака нават не можа ацаніць, пра што ідзе гаворка.

Тут варта таксама адзначыць, што сабака чуе нашмат лепш, чым чалавек. Таму, калі вы крычыце, ён можа пужацца значна больш, чым вам падаецца. Калі сабака рэагуе гырканнем — гэта не форма агрэсіі, а спроба абараніць сябе. Гадаванец не разумее, чаму яму робяць шкоду, і рэагуе інстынктыўна. Ён пачуваецца ў небяспецы і не можа нікуды збегчы.

Адкуль бярэцца ідэя, што крык дапамагае

Крык у пэўным сэнсе звязаны з тэорыяй дамінавання, якая прадугледжвае выкарыстанне так званых аверсіўных метадаў, што выклікаюць непрыемныя эмоцыі (ад лацінскага aversatio — агіда). У выніку адмоўнага падмацавання (пакарання) сабака павінен стаць больш паслухмяным і пакорлівым.

Тэорыя дамінавання з'явілася пасля Другой сусветнай вайны. Тады стварылі мноства навучальных устаноў, і трэнеры былі ў асноўным з вайсковага асяроддзя. У навучанні выкарыстоўваліся дысцыпліна і абсалютнае падпарадкаванне. Крык на сабаку таксама часта разглядаўся як элемент дрэсіроўкі.

Адно з самых папулярных даследаванняў па тэорыі дамінавання датуецца 1990 годам. На кнігу Джона Фішэра «Думаць як сабака» дагэтуль арыентуюцца некаторыя ўладальнікі сабак. Але з часу яе распрацоўкі прайшло больш за трыццаць гадоў. Апошнія даследаванні паводзін сабак цалкам супярэчаць тэорыям гэтай кнігі. Сам Джон Фішэр у канцы жыцця адмовіўся ад сваіх поглядаў на тэорыю дамінавання. Сёння мы ведаем, што аверсіўныя метады даюць дрэнны эфект, і замест таго, каб крычаць, лепш выкарыстоўваць станоўчае падмацаванне.

Як зрабіць сабаку больш паслухмяным? Метады замест крыку

Замест таго, каб крычаць на сабаку, мы павінны заваяваць яго давер і навучыцца бавіць час з гадаванцам.

  1. Вывучэнне «нямых» сігналаў, якія выдае ваш сабака, — першы крок да поспеху. Калі шчанюк круціцца па коле пасля ежы, ён, хутчэй за ўсё, шукае месца для дэфекацыі. Некаторыя сабакі нягучна брэшуць ля дзвярэй або даюць гаспадару значна больш тонкія сігналы. Гэта датычыць як пытанняў гігіены, так і іншых аспектаў жыцця.

  2. Замест таго, каб крычаць на сабаку, лепш правесці адказнае, паслядоўнае навучанне. Сабака лепш за ўсё рэагуе на станоўчае падмацаванне, а не на страх. Ён павінен выказаць жаданне супрацоўнічаць. Метад пазітыўнага падмацавання можа ўключаць слоўную пахвалу, пачастункі і сумесныя гульні. Дзякуючы ім мы можам выпрацаваць у сабакі станоўчыя звычкі і зрабіць яго больш паслухмяным.

  3. Метад умацавання стасункаў са сваім гадаванцам, які асабліва любяць актыўныя апекуны ў Еўропе і Злучаных Штатах, — дог-трэкінг. Гэта спартыўныя пешыя паходы па перасечанай мясцовасці ў суправаджэнні чатырохногіх сяброў. Для гэтага ўладальнік выкарыстоўвае спецыяльны мяккі трос, які мацуецца да паясной папругі. Галоўная ідэя такога баўлення часу — гэта цесны кантакт з жывёлінай. Калі сабака вядзе цябе па перасечанай мясцовасці, пераадольвае цяжкасці і нават дапамагае, ты пачынаеш больш разумець сваю жывёліну, а яна — цябе. Такі спартыўны шпацыр можна спалучаць з дрэсіроўкай і гульнямі. Ёсць і шэраг іншых відаў актыўнай дзейнасці, якія могуць стаць прыемнай забаўкай як для сабакі, так і для яго ўладальніка.

Чытайце яшчэ:

Да і пасля: як жыве сабака, які страціў гаспадароў з-за абстрэлу Львоўшчыны

У Фінляндыі запрацаваў абавязковы рэгістр сабак

Ці можна карміць свайго гадаванца толькі сухімі кармамі? Адказ розны для катоў і сабак

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
19
Панылы сорам
7
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
4
15.06.2023
сабака выхаваны ад маленькага ў хаце з людзьмі разумее кожнае слова і заўсёды разумее што благога зрабіў і разумее чаму крычаць, здаецца маеце кантакт з якімісьці недаразвітымі сабакамі ...
0
умка/адказаць/
15.06.2023
за мяне ён дакладна быў разумнейшы, а я вельмі разумны.:) ва ўсякім разе не сікаў суседцы на шыньён
0
Жвір/адказаць/
15.06.2023
умка, дык ён і гарэлку ня піў, калі што. Вельмі не любіў п'яных. Вось ніколі нікога не аблаяў, маўклівы такі быў да людзей, толькі калі празьмерна радваўся камусьці, дык мог цяўкнуць, кідаючыся да таго. Іншыя сабакі яхкаюць бывала, ва ўсе бакі, а ён ім не адказвае і робіць выгляд, што ўвогуле не заўважае іх... А вось калі хто нападпітку сустрэнецца,.. не, таксама не яхкаў на таго, проста рыкаў. Стане, поўсьць дыбам, і рычыць у той бок. На мяне ў такім стане, канечне, ня рыкаў, але й ня йшоў да мяне, ігнараваў, незадаволена й з дакорам... Аднойчы такім чынам нават выратаваў чалавека! Я пайшоў у краму амаль перад самым яе закрыцьцём, і ўзяў яго прагуляцца. Цёмна, другая палова восені, іду цераз ускраек парка, скарачаю шлях, лавачкі пустыя, наўкол нікога і дубарына, да начнога марозу справа йдзе. Раптам ён спыняецца, падаецца ўперад і пачынае рыкаць некуды ўбок. Я пачаў яго супакойваць, а той ня слухае мяне, працягвае сваё. Пайшоў я зірнуць, што яго ў такі стан прывяло. Аж там, метраў у 12-ці ад ходніку, у кустоўі чалавек ляжыць... Паспрабаваў да яго зьвярнуцца, той маўчыць, патрос за плячо - не рэагуе, але дыхае, значыць у сьвядомасьці. Смурод такі, як нібы ён тыдзень бухаў а закусваў адным толькі часныком, але з ходніку не адчувальна было, мне не адчувальна... Выклікаў яму хуткую, бо хто ведае, можа там і большыя праблемы, ды й замерзьне чалавек за ноч. Тыя прыляцелі, разабраліся, пакрылі мяне тым і тым, за такі выклік, і хаця й круцілі насамі, але загрузілі яго, некуды адвезьлі... А ў краму я спазьніўся тады...
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031