Знайсці
28.10.2022 / 19:4220РусŁacБел

Лукашэнка на саміце АДКБ накрычаў на Пашыняна: Чаго вы ваюеце? Сядзьце вы ўдвух, дамоўцеся, і хай Расія асвяціць

Па сённяшняй рэакцыі Лукашэнкі на пытанні армянскага прэм'ера відаць, наколькі цяперашняя эскалацыя ўзброенага канфлікту ў Нагорным Карабаху і патрабаванне Арменіі, каб АДКБ умяшалася ў яго на баку аднаго з ягоных членаў, нясвоечасовая, а таму дыскамфортная для Мінска і Масквы.

Як вынікае з хвіліннага выступлення Лукашэнкі, Пашынян запатрабаваў ад саюзнікаў дакладнай ацэнкі сітуацыі і выразнага акрэслення сваёй пазіцыі. «Вы што, не ведаеце нашу пазіцыю? Мы хочам, каб паміж дзвюма суседнімі дзяржавамі канфлікт быў урэгуляваны мірным шляхам», — раздражнёна адказаў Лукашэнка. 

Другое пытанне, пастаўленае Пашынянам, тычылася дарожнай карты, якую саюзнікі мелі б прапанаваць па «аднаўленні тэрытарыяльнай цэласнасці Арменіі». Тут Лукашэнка ўвогуле прыняў вельмі рэзкі тон, збіўшыся ледзь не не крык: «Якую дарожную карту? Я вам на гэта адразу адказваю: сядзьце з Ільхамам Аліевым, калі трэба, папрасіце прэзідэнта Расіі і прыміце рашэнне. Не прымеце сёння — будзе ж горш, вы самі разумееце. Нам не патрэбны гэты канфлікт. Вось вы два пытанні паставілі, яны больш чым дзіўныя, Нікол Ваваевіч». 

Перад тым ён выказаўся пра вайну ў Карабаху: «Хлопцы, вы за што ваюеце? Вы за што ваюеце ў гэтых гарах на 2 тысячы метраў вышынёй? Загубілі тры сотні чалавек, тры сотні чалавек загінула — там дзе людзі не жывуць, дзе нават козы не ходзяць. Чаго вы ваюеце? Сядзьце вы ўдваіх, дамоўцеся, і хай Расія асвяціць гэтую дамову. Але вы ж не хочаце. Нейкая тут гульня».

Варта адзначыць, што для Арменіі ўвесь сэнс знаходжання ў АДКБ і іншых постсавецкіх інтэграцыйных структурах, аб'яднаных вакол Расіі, — выключна спадзяванне на тое, што Расія разам з іншымі членамі АДКБ, калі што, дапаможа ёй і абароніць у выпадку абвастрэння канфлікту з Азербайджанам за Нагорны Карабах, які цягнецца ўжо больш за 30 гадоў. Ніякіх іншых рэзонаў быць менавіта ў гэтай кампаніі ў армян няма. І калі Расія ў гэтай дапамозе адкрыта адмаўляе — а Лукашэнка яўна выказвае не толькі сваю ўласную пазіцыю — то ад армянскага кіраўніцтва можна чакаць геапалітычнай пераарыентацыі. Прынамсі, такой, якая магчымая ў тых складаных умовах, у якіх знаходзіцца ў сваім рэгіёне Арменія.

Вядома, цяперашняя пазіцыя Пуціна і Лукашэнкі зусім не ад празмернага міралюбства і прыхільнасці да мірных метадаў вырашэння праблем. Расія акурат вельмі шмат зрабіла для таго, каб гэты канфлікт не вырашаўся дзесяцігоддзямі і атручваў адносіны ў рэгіёне, бо лічыла, што гэта ў яе інтарэсах. Нявырашанасць карабахскага канфлікту дазваляла Крамлю цвёрда трымаць Арменію ў сферы сваіх уплываў. Але цяпер у Пуціна рукі моцна звязаныя ва Украіне, і непасрэдна ўлазіць ва ўмовах недахопу сілаў на гэтым жыццёва важным для яго фронце яшчэ і ў канфлікт на Паўднёвым Каўказе ён не можа сабе дазволіць.

Лукашэнка ж у дадзеным выпадку выказвае прамым тэкстам тое, што не можа гэтак жа сама сказаць ягоны палітычны патрон, ад якога ён знаходзіцца ў поўнай залежнасці. Параза Пуціна ва Украіне можа з вялікай доляй верагоднасці выклікаць крах абодвух рэжымаў. У такой сітуацыі не дзіўна, чаму «нясвоечасовыя» армянскія праблемы так раздражняюць Лукашэнку. Тым больш што ён даўно мае палітычныя кантакты з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, і карысці ад іх куды больш, чым ад адносін з Пашынянам. Бо Азербайджан, па-першае, значна багацейшы. А па-другое, адносіны з Аліевым куды прасцей будаваць на аснове салідарнасці аўтарытарыяў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
88
Ха-ха
51
Ого
6
Сумна
7
Абуральна
13
0
Валя і Дзімір/адказаць/
29.10.2022
Самавар, кіньце дурное, не марнуйце час штосьці патлумачыць гэтаму крамлёўскаму халую - у ягоных метадычках заўсёды вінаваты захад. У яго ў галаве гнілы савок - тое ж самае камунякі брахалі ў далёкіх 50-х, тое ж самае зараз вярзе і Валадзімір.
0
Valadzimir/адказаць/
29.10.2022
Самавар, першая справаздача ICAO аб інцыдэнце з самалётам Ryanair у РБ была апублічана яшчэ ў студзені 2022 г., а другі, больш поўны даклад апублікаваны 20 ліпеня 2022г.  Але чамусьці менавіта зараз краіны Захаду захацелі абмеркаваць гэтае пытаньне у ААН. Калі Вас гэта не зьдзіўляе і не выклікае натуральнага пытаньня, то, напэўна, вашы глузды "падвісаюць" і без мухамораў.
0
Самавар/адказаць/
30.10.2022
Valadzimir,.. ААН - не карэта хуткай дапамогі, і не беларускае судзілішча, таму патрабуецца адпаведнае абгрунтаваньне, папярэдні разглят у розных сакратарыятах, абмеркаваньні, узгадненьні, справаздачы ворганаў расследваньня і т.д., каб нейкая падзея была ўключана ў павестку дня Арганізацыі. Усё патрабуе адпаведнай працы й часу. Сапраўды, ці вы гэтага не разумееце ?... ПС. Валя і Дзімір, тлумачыць трэба, бо калі й ня дойдзе да самых тупых і сьляпых, дык менш тупыя й сьляпыя здолеюць зразумеюць ды ўбачаць. Разглядайце Valadzimira, як з'яву калектыўную... :)
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031