СААЗ вырашыла называць штамы каранавіруса літарамі грэчаскага алфавіта
Арганізацыя не хоча дыскрымінаваць краіны, дзе штамы былі выяўленыя ўпершыню.
Фота Depositphotos.com
Цяпер варыянты каранавіруса будуць называцца грэчаскімі літарамі ў тым парадку, у якім СААЗ абвясціла іх патэнцыйнай пагрозай. У прыватнасці, брытанскі штам атрымаў назву «Альфа», паўднёваафрыканскі — «Бэта», бразільскі — «Гама», індыйскі — «Дэльта».
Даследчыкі будуць працягваць прысвойваць навуковыя назвы з літар і лічбаў для кожнага штама для сваіх мэт, але ў ненавуковых стылях, як спадзяюцца эксперты, будуць ужывацца літары грэчаскага алфавіта, піша The New York Times.
Новая маркіроўка мусіць замяніць практыку назвы штамаў па тых краінах, дзе іх упершыню знайшлі. Эксперты з СААЗ лічаць, што гэта мае дыскрымінацыйны характар і паглыбляе стыгматызацыю.
Эксперты пачалі абмяркоўваць гэта пытанне некалькі месяцаў таму, з таго часу, як назвы «брытанскі» і «паўднёваафрыканскі» для штамаў каранавіруса пачалі распаўсюджвацца ў СМІ.
Як выявілася, грэчаскія літары вызваліліся ад папярэдняй задачы: Сусветная метэаралагічная арганізацыя паведаміла, што больш не будзе выкарыстоўваць літары грэчаскага алфавіта для назвы ўраганаў.