Знайсці
05.05.2021 / 14:10РусŁacБел

Звольненая з Мінкульту чыноўніца: Шчырых прыхільнікаў улады там не больш за дзясятак

Адказнай за пытаньні культуры і нацыянальнай спадчыны ў Народным антыкрызісным упраўленні стала Натальля Задзяркоўская. У інтэрвію «Свабодзе» яна расказала, чаму далучылася да каманды Паўла Латушкі і якія яе задачы ў НАУ.

Павал Латушка і Наталлья Задзяркоўская

«Дзень, калі мяне звальнялі, быў вельмі радасным момантам»

У Міністэрства культуры Натальля Задзяркоўская трапіла пасьля 12 гадоў працы ў Нацыянальнай бібліятэцы. Міністрам культуры ў той час акурат быў Павал Латушка. Спачатку яна была спэцыялістам, які курыруе бібліятэкі. А пазьней узначаліла ўпраўленьне культуры і народнай творчасьці.

«Я адпрацавала там амаль 9 гадоў. Звольнілі мяне ў студзені сёлета. Празь некалькі тыдняў пасьля прыходу ў Мінкульт новага міністра Анатоля Маркевіча ён выклікаў мяне да сябе. Ён сказаў, што, паводле нейкіх зьвестак, мае меркаваньні не адпавядалі дзяржаўнай ідэалёгіі. Гэта быў вельмі радасны для мяне момант, бо гэтай размовы я чакала амаль ад жніўня мінулага году, пасьля таго, як я, мой намесьнік і яшчэ шэраг калегаў, паставілі подпіс супраць гвалту і за новыя выбары», — расказвае Натальля.

На знак салідарнасьці са звольненымі — Натальляй і яе намесьнікам — з упраўленьня культуры і народнай творчасьці сышлі яшчэ два супрацоўнікі. То-бок упраўленьне страціла чатырох зь пяці чалавек. Шчырых прыхільнікаў цяперашняй улады ва ўсім Міністэрстве, паводле Задзяркоўскай, ня больш за дзясятак чалавек.

«Шмат людзей сышло зь Міністэрства, бо не змаглі зь ім працаваць»

Міністар Маркевіч да прыходу ў Міністэрства ў сфэры культуры не працаваў. Раней ён быў памочнікам Лукашэнкі — інспэктарам па Берасьцейскай вобласьці. Да лютага 2019 году ён узначальваў Наваградзкі райвыканкам, а яшчэ раней быў старшынём райсавету, намесьнікам старшыні райвыканкаму, дырэктарам школы, настаўнікам. Паводле Задзяркоўскай, супрацоўнікаў Міністэрства гэта не задавальняе.

«Мае былыя калегі адчуваюць сябе не ў сваёй талерцы са спадаром Маркевічам. З той прычыны, якую я ўжо агучыла, звольнілі мяне і майго намесьніка. Але шмат людзей сышло зь Міністэрства, бо не змаглі зь ім працаваць з розных іншых прычынаў. Для яго чалавечы рэсурс, досьвед, прафэсіяналізм, на маю думку, значаць няшмат. Для яго галоўнае — чысьціня шэрагаў, ідэалягічная ў першую чаргу. Я зь ім працавала недзе месяц. Мне Маркевіч будзе помніцца шматлікімі працоўнымі нарадамі. Некаторыя працягваліся нават больш за 8 гадзін. У асноўным размаўлялі пра пытаньні ідэалёгіі».

«Сёлета выйшла даручэньне, каб да пачатку 2022 году скараціць 20% штатных адзінак»

Натальля Задзяркоўская кажа, што не шкадуе аб працы ў Міністэрстве, бо там яна сустрэла шмат цікавых людзей і, паводле яе, яна не была задзейнічаная ў арганізацыі дзяржаўных спэцыяльных мерапрыемстваў і працы з «чорнымі сьпісамі». Яе заняткам было разьвіцьцё музэяў, фэстываляў народнай творчасьці, падтрымка фальклёру.

Галоўнай перашкодай, якая стрымлівае разьвіцьцё культуры ў Беларусі і якая сыходзіць ад Мінкульту, Натальля Задзяркоўская называе цэнзуру. І толькі пасьля гэтага яна дадае недафінансаваньне і плянавыя паказьнікі.

«За часы так званай стабільнасьці сетка ўстановаў культуры, менавіта тыя, якія ў сельскай мясцовасьці, бібліятэкі, клюбы, паводле экспэртаў, скарацілася на 25%. Гэта было паступова, але былі пэрыяды, калі ўсё было вельмі жорстка, 2013-2014 гады. А сёлета выйшла даручэньне, каб да пачатку 2022 году скараціць 20% штатных адзінак, то-бок кожнага пятага».

У Мінкульце Задзяркоўская працавала пры Латушку і яшчэ трох міністрах. Паводле яе, Міністэрства культуры пры Латушку і наступных кіраўніках — гэта розныя ўстановы.

«Гэта розныя зьявы. Пры Паўлу Паўлавічу было складана, але быў рух, былі ідэі, ініцыятыва ішла ад Міністэрства ў тым ліку. І ад людзей, якія прыходзілі да Міністэрства. Можна па-рознаму працаваць на любой пасадзе і захаваць сябе, тады і праца будзе мець вынік на любой пасадзе».

«На прапагандысцкія мерапрыемствы існуюць цяжкасьці з пошукам зорак»

Ужо больш за месяц Натальля Задзяркоўская жыве ў Варшаве, дзе далучылася да каманды Паўла Латушкі.

У яго камандзе яна зоймецца распрацоўкай рэформы сфэры культуры.

«Яна ня будзе такой маштабнай, як гэта патрабуецца для сыстэмы ўнутраных справаў. У нас ёсьць умовы, але трэба даць людзям свабоду слова, творчага самавызначэньня, свабоду зарабляць грошы. А пакуль трэба дапамагаць рэпрэсаваным творцам і супрацьстаяць намаганьням улады выкарыстоўваць установы культуры для сваёй прапаганды. Але скажу такую рэч, што на прапагандысцкія мерапрыемствы існуюць цяжкасьці з пошукам зорак. Гэта ўсё тыя самыя прозьвішчы з канцэрту ў канцэрт».

Зь іншага боку Задзяркоўская ўражаная тым, як творча сябе праявілі беларусы падчас пратэстаў і які штуршок атрымала пратэставае мастацтва.

«Мы кожны год рабілі справаздачы аб аматарскіх аб’яднаньнях, і ў нас заўсёды іх не хапала, бо людзі неяк не аб’ядноўваліся. Мы не разумелі прычын і прыдумвалі іх для справаздач. А тут людзей ніхто не прымушаў ісьці, яны пайшлі самі і праявілі сябе такімі творамі… У будучай Новай Беларусі для маладых культуролягаў будзе шмат навуковай працы, каб паглядзець, як у Беларусі адбываўся штуршок для крэатыўнай культуры».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930