Ад пнеўманіі памерла медсястра, якая брала аналізы ў прыватным медцэнтры ў Мінску
40-гадовая Ала Грыгарэвіч памерла 24 красавіка. Яна жыла ў вёсцы Міханавічы ў Мінскім раёне, а працавала ў медцэнтры «Інвітра» ў Мінску, піша Радыё Свабода.
Ала працавала старшай медсястрой, брала аналізы ў медцэнтры, у яго шмат офісаў у Мінску.
Яна захварэла на пачатку красавіка, ляжала дома з высокай тэмпературай. 15 красавіка трапіла ў шпіталь, а 24-га памерла. У пасведчанні аб смерці напісана, што ў Алы Грыгарэвіч была двухбаковая пнеўманія, а каранавірус у яе пацверджаны не быў. Пра гэта Свабодзе сказаў яе муж Сяргей.
«Мы не ведаем, дзе Ала магла заразіцца», — сказаў Сяргей.
Амаль праз два тыдні пасля таго, як пачала хварэць Ала, у ейнай дачкі паднялася тэмпература. Камп'ютарная тамаграфія пацвердзіла двухбаковую пнеўманію. А потым яшчэ і тэст на каранавірус аказаўся станоўчым.
«Дачка на той час вучылася з дому, нікуды не выходзіла. Заразіцца ні ад кога не магла, толькі ад жонкі. Але ж у яе тэст быў адмоўны. Мне потым расказалі, што такое бывае», — сказаў Сяргей.
Па яго словах, ні на працы, ні ў царкве, куды ён хадзіў разам з Алай, каранавірус не выявілі.