Знайсці
02.04.2020 / 13:545РусŁacБел

Аналіз: і Трамп, і Пуцін аднолькава зацікаўленыя ў высокіх цэнах на нафту

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што разлічвае на дамоўленасць паміж Расіяй і Саудаўскай Аравіяй аб цэнах на нафту. Пра гэта піша Reuters.

Трамп спадзяецца, што краіны прыдумаюць план дзеянняў на найбліжэйшыя дні. Паводле яго слоў, сітуацыя на рынку нафты вельмі дрэнная як для Расіі, так і для Саудаўскай Аравіі. «Я думаю, што яны пагодзяцца», — рэзюмаваў ён.

Трамп таксама запрасіў кіраўнікоў нафтавых кампаній ЗША «абмеркаваць праблемы на рынку і знайсці шляхі іх вырашэння».

Яшчэ 20 гадоў таму ЗША былі чыстым імпарцёрам нафты з-за мяжы. Адпаведна, амерыканскія ўлады былі зацікаўленыя, каб цэны на гэтыя сыравіну трымаліся на нізкім узроўні.

Усё змянілася пасля распрацоўкі тэхналогіі здабычы сланцавай нафты. У ЗША выявілі яе вялікія запасы, і краіна стала самадастатковай. Больш за тое, амерыканцы пачалі змагацца за экспартныя рынкі. Але адна тонкасць. Сабекошт амерыканскай сланцавай нафты нашмат вышэйшы за сабекошт расійскай сыравіны ці, тым больш, аравійскай.

Адзінай методыкі падліку сабекошту не існуе, але, здаецца, эканамічная мэтазгоднасць здабычы знікае ў Аравіі прыкладна пры цэнах ад 10 даляраў за бараль, у Расіі — ад 15, а ў Тэхасе — ад 50. Цэнавая вайна Саудаўскай Аравіі з Расіяй, такім чынам, найбольш ударыла па ЗША, палітыкі якой залежаць у тым ліку ад нафтавых карпарацый.

З аднаго боку, многія палітыкі-рэспубліканцы традыцыйна звязаныя з нафтавым лобі. З іншага боку, супервысокія цэны на нафту таксама б'юць па папулярнасці ўладаў, бо даражэе бензін. Таму адміністрацыя Трампа, здаецца, хацела б цэнаў невысокіх, але стабільных і на ўзроўні прыбытковасці амерыканскай нафтанкі. Цана пад 60 за бараль WTI, якая трымалася даволі доўгі час, цалкам нафтавікоў ЗША задавальняла.

Краіны АПЕК+ не змаглі дамовіцца і працягнуць пагадненне аб скарачэнні здабычы нафты 6 сакавіка. Дзейнае пагадненне перастала дзейнічаць з 1 красавіка. Пасля гэтага ўсе абмежаванні на здабычу нафты ў краінах АПЕК і краінах, якія не ўваходзяць у АПЕК, будуць зняты.

Дзяржаўная Saudi Aramco прапанавала купцам нафты самыя вялікія зніжкі за апошнія 20 гадоў і абяцае павялічыць здабычу больш чым на 2 мільёны бараляў у дзень.

У выніку Беларусь, напрыклад, у красавіку, як заявіў прэм'ер-міністр краіны Румас, будзе купляць нафту па цэнах ад 4 даляраў за бараль.

Прэс-сакратар Раснафты Міхаіл Лявонцьеў заявіў, што пагадненне з Арганізацыяй краін-экспарцёраў нафты аб скарачэнні здабычы нафты не адпавядае інтарэсам Расіі.

Гаворка ідзе не пра карэнныя супярэчнасці, а пра падзел экспартных рынкаў. Аднак у цэлым супадзенне інтарэсаў Расіі, ЗША і Саудаўскай Аравіі азначае, што з часам цэны на нафту вырастуць назад да даволі высокага ўзроўню і ўсе прывязаныя да іх цэны (газ ды іншая сыравіна) таксама. Так будзе, пакуль тры гэтыя дзяржавы будуць прадукаваць асноўную частку сусветнай нафты і пакуль сонечная энергія не замяніла сабой вуглевадароды ў дастатковай меры.

Толькі каранавірус моцна пацягнуў цэны ўніз, бо перасталі лётаць самалёты і абвалілася эканамічная актыўнасць, але пасля сканчэння пандэміі цэны зноў падскочаць.

У Беларусі ад каньюнктуры цэн на нафту залежаць попыт на прадукцыю ў Расіі, цэны на нерухомасць. Часта і цэны на калій паўтараюць крывую кошту нафты. Акрамя таго, у перыяды высокіх цэн на нафту Расія схільная выстаўляць суседнім краінам больш палітычных прэтэнзій.

Сяргей Гезгала

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031