Знайсці
23.03.2020 / 09:40162РусŁacБел

«Дзіця не запамінае гэтых дэбільных словаў». Педагог з-пад Клімавічаў запісала абуральнае ВІДЭА пра беларускую мову

Іна Кардабнёва жыве ў аграгарадку Ціманава пад Клімавічамі і працуе інструктарам-метадыстам у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Скончыла фізкультурны ўніверсітэт, удзельнічае ў чэмпіянатах краіны па лёгкай атлетыцы. У сацсетках піша, што ганарыцца тым, што з’яўляецца настаўніцай.

У вольны ад школы час Іна займаецца нарошчваннем веек.

Але праславілася жанчына не як педагог.

Нядаўна Іна завяла ютуб-канал. Такіх ў інтэрнэт-прасторы мільёны — касметыка, макіяж, падарункі на 8 сакавіка… Папулярнасць не даходзіла і да 1000 праглядаў, усё ж канкурэнцыя з боку школьніц велізарная.

І Кардабнёва знайшла выйсце. Яна выклала абразлівае відэа пра беларускую мову. У ім жанчына абураецца, што яе сыну даводзіцца вучыць у школе гэты «нікому непатрэбны прадмет».

«Беларуская мова ў нас нідзе не выкарыстоўваецца. Адзінае выключэнне, не ведаю, для каго гэта зрабілі, напэўна, для нейкага понту, — у метро ў Мінску аб’яўляюць прыпынкі на беларускай мове. Да чаго гэта наогул, незразумела», — вяшчае блогерка.

І дадае, што беларуская патрэбна толькі для таго, каб вывучыцца на настаўніка беларускай мовы.

Працяг тэмы. Начальніка клімавіцкай трэнеркі выклікалі ў райвыканкам. А яе, можа, пазбавяць прэміі

Інструктарка лічыць, што родная мова замінае вучыць рускую.

«Калі сын робіць у беларускай мове рускія памылкі, мяне гэта не прыводзіць у шаленства, але калі ў рускай мове гэтыя калгасныя беларускія памылкі з’яўляюцца, вось гэта мяне проста забівае».

Іна кажа, што не сварыцца на сына за дрэнныя адзнакі па белмове і наогул з радасцю б дазволіла яму не вывучаць гэты прадмет.

«Але яна ж [беларуская мова], сабака, уплывае на гадавыя адзнакі, на атэстат»,

— хвалюецца маці.

«Навошта рабіць нашых дзяцей яшчэ больш тупымі, бо яны праз беларускую не могуць вывучыць рускую мову <…> Яна ж працягвае нам пудрыць мазгі да 11 класа!» — выказваецца яна.

Дома Іна не ўжывае «стромных» беларускіх словаў, таму зрабіць дамашку для дзіцяці па гэтым прадмеце — сапраўднае выпрабаванне.

«Дзіцяці трэба пераказаць тэкст, а ён не запамінае гэтых дэбільных словаў… Я нават не хачу, каб ён іх вучыў, каб забіваў сваю галаву гэтымі непатрэбнымі абсалютна словамі».

Па словах блогеркі, ад роднай мовы толькі адны праблемы.

«Калі з глыбінкі дзеці прыязджаюць з малпавым, калгасным акцэнтам, гэта перашкаджае ім!» — працягвае вяшчаць педагог, шкадуючы, што ў яе няма «прыгожага маскоўскага акцэнту», а людзям «цяжка слухаць каравае беларускае маўленне».

Беларускую мову жанчына называе ламанай рускай і падсумоўвае:

«Вельмі непатрэбная мова, хай бы яна гарэла сінім полымем».

Відэа ўжо набрала 10 тысяч праглядаў і 4 тысячы дызлайкаў. Самы папулярны каментар (амаль 800 лайкаў) пра тое, што Карданёва — разумова непаўнавартасная.

«Наша Ніва» звязалася з жанчынай. Іна расказвае, што даўно хацела запісаць такі зварот.

— Я проста выказала сваё меркаванне. А ўбачыла неадэкватныя каментары, людзі сталі жудасна абражаць мяне, нават пагрозы сталі паступаць. Напісалі, што я абражаю і радзіму, і нацыю.

— А вы не лічыце, што абражаеце?

— Не, канечне, не лічу.

Сваю пазіцыю яна лічыць абгрунтаванай:

«Не проста «мне не падабаецца» і ўсё. Дзецям складана беларускую мову вучыць. Ні па якім іншым прадмеце я такога не скажу, ні па астраноміі, ні па фізіцы. Асабліва цяжка даецца дзецям у малых гарадах. Яны і так не чуюць там рускае маўленне».

Пры гэтым Іна запэўнівае, што яна патрыётка.

«Як мінімум двойчы на месяц слухаю гімн, бо ён гучыць на адкрыцці спаборніцтваў».

НЛ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031