Знайсці
17.03.2020 / 14:224РусŁacБел

Новы агмень. У Іспаніі за дзень ад каранавіруса памерла 182 чалавекі

Па ўсёй Іспаніі закрыты не толькі школы, але таксама бары і кавярні. Фота elperiodico.com

У Іспаніі за дзень ад каранавіруса памерла 182 чалавекі. Пра гэта паведамілі санітарныя службы краіны.

Іспанія ператварылася ў другі пасля Італіі агмень эпідэміі ў Еўропе.

Ад панядзелка ўлады краіны ўвялі строгія абмежаванні на актыўнасць і перасоўванні людзей. Закрытыя школы, універсітэты, культурныя і спартовыя ўстановы, а таксама бары і рэстараны. Да патрулявання вуліц краіны далучыліся Узброеныя сілы каралеўства. 

Агульная колькасць выяўленых носьбітаў віруса ў Іспаніі перавысіла 11 тысяч. Варта адзначыць, што гэтая лічба няпоўная, бо ў Мадрыдзе, на які прыпадае палова заражэнняў, людзей з лёгкімі сімптомамі перасталі тэсціраваць праз перагрузку лабараторных магутнасцей. 

Беларусь па стане на 16 сакавіка заставалася на перыферыі пандэміі каранавіруса. У краіне зафіксавана 36 выпадкаў заражэння, 35 з іх лёгкія.

Тым не менш, у адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя ўніверсітэты Беларусі перайшлі на безлекцыйнае навучанне.

Заняткі працягваюцца, але перавага аддаецца дыстанцыйным метадам, а таксама лабараторным і семінарным заняткам, каб навучэнцы не збіраліся вялікімі групамі.

Акрамя таго, некаторыя факультэты змянілі расклад так, каб студэнты не мянялі аўдыторый, а заставаліся ў той самай аўдыторыі.

На каранцін адпраўляюць тыя групы студэнтаў, у якіх ёсць інфікаваны. Такое адбылося, напрыклад, у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Нітачкі заражэння ў Беларусь ідуць з Ірана, Італіі, Нямеччыны і Расіі.

Вірус у Беларусі пакуль амаль не зачапіў людзей старэйшага ўзросту, для якіх ён уяўляе найбольшую небяспеку.

Па стане на вечар 15 сакавіка колькасць выяўленых ахвяр каранавіруса ў свеце перавысіла 7100. Усяго ў свеце выяўлена больш за 183 тысячы заражэнняў. Асабліва трывожная сітуацыя складаецца ў Італіі, Іране, Іспаніі.

Высокая колькасць смяротных выпадкаў прапарцыйна да колькасці выяўленых носьбітаў фіксуецца ў Інданэзіі, Францыі, ЗША, Нідэрландах і на Філіпінах. Гэта можа азначаць, што ў дадзеных краінах выяўленая толькі малая доля носьбітаў інфекцыі. Аналагічнае адносіцца да Іспаніі і Італіі.

Па колькасці выяўленых заражэнняў на душу насельніцтва ў чырвонай зоне таксама Швейцарыя, Нарвегія, Данія, Эстонія, Славенія, Швецыя, Аўстрыя.

Можна чакаць, што сітуацыя ў найбліжэйшыя дні будзе абвастрацца. Пакуль свайго піку ў Еўропе і ЗША эпідэмія не дасягнула.

Большасць еўрапейскіх краін увялі строгія каранцінныя меры, спынілі заняткі ў школах і ўніверсітэтах і рыхтуюць праграмы дапамогі кампаніям, якія пацерпяць ад эканамічнага спаду ў выніку пандэміі.

Сяргей Гезгала

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031