На ўкраінскі тэлеканал прыйшлі з ператрусам з-за праслухоўвання прэм'ера краіны
Супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны прыйшлі на тэлеканал 1+1 з ператрусам у рэдакцыю праграмы «Сакрэтныя матэрыялы», прадзюсарам якой быў дэпутат Аляксандр Дубінскі ад прапрэзідэнцкай сілы «Слуга народа».
Ператрус праводзіцца па рашэнні суда.
У СБУ ёсць падазрэнні, што адзін з журналістаў праграмы мог быць датычны да «зліва» аўдыёзапісаў нарады прэм'ер-міністра Украіны Аляксея Ганчарука, на якой прысутнічалі міністр фінансаў і першы намеснік Нацыянальнага банка Украіны.
Пастановай суда супрацоўнікам Службы бяспекі дазволена канфіскоўваць тэхнічныя прылады, якія могуць дапамагчы ў расследаванні справы.
Хоць Дубінскі і належыць да прапрэзідэнцкай партыі, ён часта крытыкаваў рашэнні, прынятыя «Слугой народа». Некаторыя ўкраінскія аглядальнікі лічаць Дубінскага прадстаўніком клана Каламойскага, які зацікаўлены ў аслабленні Ганчарука.
Сам тэлеканал 1+1 належыць Каламойскаму.