Пстрычка істэблішменту: Бутыджыдж і Сандэрс перамагаюць на кокусах у Аёве
Паламалася праграма, якая павінна была лічыць галасы на так званых «кокусах» — перадвыбарах у Аёве. У сувязі з гэтым публікацыя вынікаў зацягнулася амаль на суткі, што выклікала кпіны прэзідэнта Трампа і рэспубліканцаў.
Першыя вынікі з Аёвы паказваюць, што выбаршчыкі-дэмакраты далі пстрычку партыйнаму істэблішменту.
На першае месца выйшаў Піт Бутыджыдж з 27 % галасоў.
Другое месца ў Берні Сандэрса з 25 %.
Кандыдаты ад істэблішменту набіраюць менш. У лібералкі Элізабэт Уорэн — 18 %. У цэнтрыста, экс-віцэ-прэзідэнта Джо Байдэна — 16 %. Яшчэ адна цэнтрыстка, сенатарка Эмі Клабучар набірае 13 %.
38-гадовы Бутыджыдж належыць да памяркоўнага, цэнтрысцкага крыла Дэмакратычнай партыі. Ён самы малады з кандыдатаў і першы ў гісторыі адкрыты гей, які выйшаў у лідары перадвыбараў. Ён быў мэрам маленькага гарадка ў кансерватыўным штаце Індыяна. Шчуплы і сціплы, ён процілегласць традыцыйнаму тыпу амерыканскага палітыка.
78-гадовы Сандэрс, палымяны аратар і адзіны ў ЗША палітык нацыянальнага рангу, які не баіцца называць сябе сацыялістам, выступае за рэвалюцыйныя змены ў падаткаабкладанні і сістэме аховы здароўя. Даўно не было на амерыканскай палітычнай сцэне палітыка настолькі левых перакананняў.