Дзяцей, якія пацярпелі ад хлору ў баранавіцкім басейне, выпісваюць
Пацярпелыя ў басейне горада Баранавічы дзеці рыхтуюцца да выпіскі, паведаміла БелТА прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.
«Дапамога дзецям, якія пацярпелі ў Баранавічах ад атручвання хлорам у басейне, аказана ў поўным аб'ёме. Дзеці адчуваюць сябе здавальняюча і рыхтуюцца да выпіскі сёння», — сказала Юлія Барадун.
Нагадаем, у басейне ў Баранавічах нядбайнасць работнікаў прывяла да шпіталізацыі 13 дзяцей.
Група з 15 дзяцей займаліся ў басейне школы алімпійскага рэзерву №4, калі раптам адчулі рэзь у горле.
Тэрмінова выклікалі хуткую і ратавальнікаў.
Як выявілася, у тамбуры запаснога выхаду з басейна выпадкова аказаліся побач і змяшаліся сродак для апрацоўкі вады і сродак для дэзыінфекцыі. У выніку адбылася хімічная рэакцыя, і пары хлору трапілі ў залу басейна.