Знайсці
10.09.2019 / 08:502РусŁacБел

Ад байкаў да паўмарафону: праграма святкавання Дня горада ў Мінску

Што можна будзе наведаць у сталіцы ў Дзень горада расказаў Звядзе намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарадвыканкама Аляксандр Шастакоў

— 13 верасня ў Палацы культуры прафсаюзаў пройдзе падвядзенне вынікаў гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства «Мінскі майстар», у якім прыняло ўдзел звыш 16 тысяч чалавек. Узнагароды «Найлепшы па прафесіі» атрымаюць 39 пераможцаў.

У гэты ж дзень у паркавай зоне ўздоўж праспектаў Пераможцаў і Машэрава адбудзецца Міжнародны фестываль гісторыі і культуры «Менск старажытны» — інтэрактыўнае відовішча ад клубаў гістарычнай рэканструкцыі, у якім выступяць майстары не толькі з Беларусі, але і госці з Расіі, Кітая, Італіі, Украіны, Галандыі, ЗША.

На пляцоўцы каля Палаца спорту 13 верасня з 14 да 18 і 14 верасня з 10 да 18 гадзін пройдуць міжнародныя спаборніцтвы «Наймацнейшы пажарны-ратавальнік», у якіх прымуць удзел прадстаўнікі абласных і Мінскага гарадскога ўпраўленняў МНС, а таксама розныя аварыйна-выратавальныя службы з дзевяці краін блізкага і далёкага замежжа: Літвы, Латвіі, Бельгіі, Польшчы і іншых. Акрамя таго, у рамках святкавання Дня горада на выхадных пройдзе закрыццё мотасезона «Rаllу Mіnsk 2019», дзе на пляцоўцы каля Палаца спорту ў першы дзень з 14 да 21 гадзіны, а ў другі — з 11 да 23 гадзін адбудзецца спаборніцтва мотакаскадзёраў з розных краін.

Святкаванне Дня горада пачнецца 14 верасня аб 11-й гадзіне раніцы з ускладання кветак да абеліска «Мінск — горад-герой».

У гэты дзень для гасцей падрыхтавана шмат цікавых актыўнасцяў на розных пляцоўках сталіцы.

— На тэрыторыі Верхняга горада на Нямізе ў рамках музычна-турыстычнага сезона з 12 да 17 гадзін будзе функцыянаваць праект «Мінск інтэрнацыянальны». Ён пакажа, як праходзяць святы нацыянальных культур у беларускай сталіцы, акрамя таго, усе ахвотныя змогуць паслухаць музычныя калектывы праекта «Пешаходка», а таксама ўбачыць прадстаўленні тэатральнага праекта «Без сцэны». На вечар каля ратушы запланаваны канцэрт артыстаў балета Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, — расказаў выступоўца.

На Кастрычніцкай плошчы ў суботу ў 20 гадзін пачнецца традыцыйная цырымонія ўручэння ўзнагарод «Мінчанін года» з удзелам Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь і майстроў мастацтваў Беларусі.

— У нядзелю гасцей сталіцы парадуе мінскі паўмарафон, які пачнецца а 9-й гадзіне раніцы, — працягвае Аляксандр Шастакоў. — А таксама «Дзень танкіста», які штогод праходзіць на тэрыторыі Парку Перамогі, гарадскі фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Мастацтва жыць — тварыць мастацтва», што пройдзе ў Мінскім гарадскім палацы культуры.

Святочныя мерапрыемствы падрыхтаваны ў выхадныя для ўсіх раёнаў сталіцы.

У Заводскім з раніцы пачнуцца дзіцячыя спаборніцтвы на бегавелах «SрееdRасеr», будуць працаваць розныя дзіцячыя забаўляльныя пляцоўкі, атракцыёны і кірмаш. Для дзяўчат у гэтым раёне падрыхтаваны забег «Абцасіка». Канцэрты, майстар-класы, спартыўныя спаборніцтвы будуць працягвацца да вечара. У Ленінскім раёне на выхадных пройдзе фестываль беларускай традыцыйнай музыкі «Rаjоk», у Маскоўскім — раённыя спаборніцтвы па паркавым валейболе і велабіятлоне, а ў Партызанскім — маладзёжны фестываль вулічнай культуры і спорту «Mіnsk Strееt summіt 2019». Госці Фрунзенскага раёна змогуць паўдзельнічаць у гонках на веласіпедах, роліках, самакатах. Акрамя таго, у Парку імя 900-годдзя горада Мінска, размешчанага за «Чыжоўка-Арэнай», пройдуць выязныя цырымоніі рэгістрацыі шлюбу. Тут жа будзе арганізавана кіназала пад адкрытым небам — сеансы бясплатныя.

Дар'я Шлапакова, Звязда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031