Знайсці
15.04.2019 / 13:551РусŁacБел

Дэпутат Вярхоўнай Рады: Стаць прарасійскім прэзідэнтам Зяленскаму не дасць сітуацыя

«Добры вынік Зяленскага — гэта жаданне выбарцаў абраць прэзідэнтам «новую асобу», — лічыць дэпутат Вярхоўнай Рады Ігар Гузь. З ім пагутарыў Яўген Глаголеў-Васьковіч.

Выбары ва Украіне ўнеслі супярэчнасці не толькі ў грамадства суседняй дзяржавы, але й у беларускае апазіцыйнае каляпалітычнае кола. У сацыяльных сетках ідуць жорсткія дыскусіі наконт таго, хто будзе лепшым прэзідэнтам. Гэта, вядома, вырашаць украінцам. Але ж асоба прэзідэнта суседняй з Беларуссю краіны ўплывае таксама й на мікраклімат і ў нашай дзяржаве. Што казаць? Выбар украінскага народа можа вызначыць нават геапалітычны вектар развіцця падзей ва Усходняй Еўропе. Таму мы звярнуліся па адказы на пытанні, якія будуць цікавыя беларусам, да народнага дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны Ігара Гузя.

— Хто, на вашую думку, пераможа ў прэзідэнцкай кампаніі? З якім працэнтам? Чаму?

— Пераможа Уладзімір Зяленскі. У першым туры ён набраў амаль удвая болей галасоў, чым Парашэнка. Ягоны антырэйтынг практычна ў чатыры разы меншы за аналагічны паказчык дзеючага прэзідэнта. Як паказвае сацыялогія, галасы людзей, якія прагаласавалі ў першым туры за іншых кандыдатаў, у другім у асноўным перацякуць да Зяленскага. Разрыў паміж кандыдатамі будзе 10—20%.

— Для беларусаў шмат што з’яўляецца незвычайным у выбарах ва Украіне. Напрыклад, розныя палітычныя тэхналогіі. Па выніках першага тура што можна сказаць пра розных кандыдатаў у звязку з паліттэхналогіямі: хто якімі карыстаўся, што спрацавала і чаму, ці былі выпадкі выкарыстання несумленных прыёмаў (якія яны і што атрымалася ў выніку)?

— Калі казаць пра пераможцаў першага тура, то Пятро Парашэнка зрабіў стаўку на патрыятычны электарат — і гэта спрацавала. Год таму ягоны рэйтынг быў у раёне 5%, цяпер жа за яго прагаласавала больш за 15%. Плюс у Пятра Аляксеевіча былі, так бы мовіць, адміністратыўныя інструменты ўплыву на ход выбарчай кампаніі, вялікія фінансавыя ды медыйныя рэсурсы. У тым ліку выкарыстоўваліся і не зусім сумленныя прыёмы. Гэта ўсё дазволіла выйсці Парашэнку ў другі тур. Уладзімір Зяленскі не вёў стандартную выбарчую кампанію, амаль не з’яўляўся на тэлебачанні, нікога з апанентаў не крытыкаваў, а сама кампанія па вялікім рахунку адбывалася ў інтэрнеце. Але добры вынік Зяленскага — гэта, у першую чаргу, жаданне выбарцаў абраць прэзідэнтам «новую асобу». 

— Як вы мяркуеце, ці можна казаць, што ва Украіне зараз ідзе барацьба алігархічных груповак за ўладу? Напрыклад, Пётр Парашэнка з’яўляўся алігархам да прэзідэнцтва; пра Зяленскага ходзяць чуткі, што за ім стаіць алігарх Каламойскі… Ці перашкаджае гэтая сітуацыя станаўленню дэмакратыі ва Украіне?

— Украіна — гэта дэмакратычная краіна, і тое якраз выяўляюць вынікі першага тура выбараў. Чалавек, які яшчэ колькі месяцаў таму ніяк не быў звязаны з палітыкай, атрымлівае ў першым туры ўдвая больш галасоў, чым дзейны прэзідэнт. Такое магчыма толькі ў дэмакратычнай краіне. І шмат у чым гэтаму спрыяе існаванне розных цэнтраў уплыву на палітычныя працэсы ў краіне. Натуральна, гэта мае й вялікія мінусы, але я пазітыўна гляджу на перспектывы дэмакратыі ва Украіне.

— Змадэлюем сітуацыю. Зяленскі перамагае на выбарах. Што будзе рабіць дзейная ўлада? Ці паспрабуе ўтрымаць за сабой «трон»? Якім чынам будзе рабіць гэта? Што зробяць апаненты дзейнай улады, каб не дапусціць гэтага? Якія ва Украіне ёсць для гэтага рычагі: заканадаўчыя, народныя? У якіх выпадках магчымы новы Майдан? Да чаго ён можа прывесці цяпер, падчас вайны?

— Дзейная ўлада робіць усё, каб перамагчы ў другім туры. Калі Парашэнка прайграе, то варыянтаў, акрамя як пакінуць пасаду, у яго не будзе. Нават Януковіч з канцэнтрацыяй усёй улады ў сваіх руках так і не здолеў яе ўтрымаць. Зараз у краіне зусім іншая сітуацыя. Тое ж Міністэрства ўнутраных спраў не знаходзіцца пад кантролем Адміністрацыі прэзідэнта. То бок сілавыя інструменты ўтрымання ўлады ў Парашэнкі надта абмежаваныя. Таму ён сыдзе, а Майдану не будзе.

— Як зменіцца стаўленне Украіны да Беларусі, калі пераможа Уладзімір Зяленскі? Як можна будзе ахарыктазаваць палітыку ўзаемаадносін паміж нашымі краінамі?

— Я не думаю, што адносіны паміж краінамі зменяцца. Беларусь шмат у якіх пытаннях мае інтарэс у супрацы з Украінай, гэтаксама й Украіна мае свае інтарэсы ў супрацы з Беларуссю. На гэтым усё і будзе будавацца.

— Як увогуле зменіцца замежная палітыка Украіны? Ці працягне краіна шлях да ЕС і НАТА? Якім чынам Зяленскі хоча весці дыялог з Расіяй? Ці змогуць іншыя палітычныя сілы Украіны не дапусціць збліжэнне з Расіяй і ці будуць рабіць гэта ўвогуле?

— Пакуль яшчэ Уладзімір Зяленскі выразна не абвясціў пра тое, якім будзе вектар знешняй палітыкі Украіны, калі ён стане прэзідэнтам. Але ў краіне, якая вядзе вайну з Расіяй, ісці на збліжэнне з агрэсарам — гэта калі й не палітычная смерць, то дакладна знішчэнне свайго рэйтынгу. І не трэба забываць, што ўвосень у нас парламентскія выбары, а краіна ў нас усё ж парламенцка-прэзідэнцкая. Таму калі б нават Зяленскі й захацеў адмовіцца ад шляху ў ЕС і НАТА, тое не дасць яму зрабіць ні сітуацыя, ні партыі, якія пройдуць у новую Вярхоўную Раду.

— Ходзяць чуткі, што Зяленскі — прыхільнік Расіі. Ці адпавядае гэта рэчаіснасці? Чаму такія чуткі ўзнікаюць?

— У першую чаргу выстаўляць усё такім чынам карысна камандзе дзейнага прэзідэнта. Гэтым яны й займаюцца ўсю выбарчую кампанію, граючы на патрыятычных пачуццях украінцаў і раскручваючы тэзіс «Або Парашэнка, або Пуцін». І калі б у другі тур замест Зяленскага прайшоў іншы кандыдат, то нічога б не змянілася. Каманда Парашэнкі ўсё адно б убівала ў галовы ўкраінцаў, што гэты кандыдат з’яўляецца «рукою Масквы». Але паўтару, што стаць прарасійскім прэзідэнтам, нават калі Зяленскі таго захоча, яму не дасць сітуацыя.

— Пасля прыходу Уладзіміра Зяленскага на прэзідэнцкі пост паўстане пытанне аб выкананні дамоўленасцяў яго папярэдніка. Як вы думаеце, ці лічыць сп. Зяленскі актуальнымі тыя ж Мінскія дамоўленасці? Чаму?

— Я мяркую, на гэтыя пытанні каманда Зяленскага дасць адказ да канца выбарчай кампаніі. Сам жа Зяленскі, на колькі мне вядома, не выказваўся па пытанні Мінскіх пагадненняў. А гадаць я не маю жадання.

— Увогуле, ці будуць Зяленскі і яго каманда падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы? Альбо пад яго кіраўніцтвам Украіна возьме прагматычны курс і дыялог павядзе выключна з Лукашэнкам?

— На Зяленскага адразу ж зваліцца такі аб’ём праблем, што нават пра існаванне беларускіх дэмакратычных сіл ён не будзе задумвацца.

— Як зменіцца, на вашу думку, склад Вярхоўнай Рады на будучых парламенцкіх выбарах у выпадку перамогі Зяленскага? Ці будзе заканадаўчы орган стаяць у апазіцыі да прэзідэнта? Як быць у такой сітуацыі? Чым гэта небяспечна для Украіны і яе суседзяў?

— Усё будзе залежаць ад паспяховасці працы Зяленскага на пасадзе прэзідэнта ў перыяд да парламенцкіх выбараў. Калі ягоная праца будзе паспяховаю, то ён мае шанец завесці вялікую фракцыю ў парламент і вакол яе пабудаваць кааліцыю.

Даведка

Народны дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Ігар Гузь нарадзіўся 11 студзеня 1982 года ў Луцку (паўночна-заходняя Украіна). Скончыў універсітэт імя Лесі Украінкі па спецыяльнасці «палітолаг, выкладчык паліталогіі». З 2001 па 2005 год належаў да Моладзевага нацыяналістычнага кангрэсу, з 2005 па 2013 узначальваў моладзевую арганізацыю «Нацыянальны альянс». З 2002 года — дэпутат Луцкага гарадскога савета дэпутатаў, з 2006 — дэпутат Валынскага абласнога савета дэпутатаў, з 2014 — народны дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны.

Гутарыў Яўген Глаголеў-Васьковіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031