Знайсці
11.02.2019 / 11:2934РусŁacБел

Радзіна: Хоць чорт лысы, абы не Лукашэнка, так беларусы думаюць пра Пуціна

Галоўная рэдактарка сайта Хартыя'97 Наталля Радзіна дала вялікае інтэрв'ю папулярнаму украінскаму інфармацыйнаму рэсурсу gordonua.com. Прыводзім галоўныя тэзісы яе пазіцыі.

Пра магчымую анексію

«Лукашэнка на працягу 25 гадоў з'яўляўся абсалютнай марыянеткай Крамля, рабіў усё, каб знішчыць у Беларусі «беларускасць», знішчыць у беларусах павагу да саміх сябе. Не дазваляў развівацца беларускай культуры, знішчаў беларускую гісторыю. Нагадаю, што беларускай мовы сёння няма ні ва універсітэтах, ні ў школах, ні на дзяржаўным тэлебачанні. Гэта справа рук Лукашэнкі. Не кажучы ўжо пра тое, што ён пераследаваў нацыянальна арыентаваную беларускую дэмакратычную апазіцыю і незалежныя медыя, якія заўсёды стаялі на прынцыпах незалежнасці і суверэнітэту Беларусі».

Пра маёмасць Лукашэнкі

«Не магу назваць дакладныя лічбы, але вымяраецца яна мільярдамі даляраў. Гэта абсалютна дакладна. Розныя варыянты, дзе могуць захоўвацца яго грошы, але сутнасць не ў гэтым».

Пра беларускую чысціню

«Чысціня ёсць. Казарменная чысціня ў Беларусі прысутнічае. Я жыву ў Еўропе, куды б я ні ездзіла — усюды чыстыя гарады. Не магу зразумець размоў аб чыстым Мінску. Гэта ўсё ілюзія. Мы гаворым пра адрэстаўраваныя фасады і пафарбаваныя платы».

Пра заробкі

«У краіне сур'ёзны эканамічны крызіс. Скажу, напрыклад, пра ўзровень заробкаў у Беларусі. У рэгіёнах сёння сярэдняя зарплата — $ 80. Пенсіі — $ 80—100. У Мінску зарплаты — у сярэднім каля $ 300. Лукашэнка апошнія пяць-шэсць гадоў заяўляе: «Вось, у нас будзе сярэдні заробак $ 500». І ніяк не можа гэтага дамагчыся, ніяк не атрымліваецца сярэдні заробак да $ 500 давесці. Цэны значна вышэйшыя, чым ва Украіне, я магу параўноўваць. Пра якую народную любоў можа ісці гаворка? Супрацоўнікаў міліцыі ў Беларусі на 100 тыс. насельніцтва ў сем разоў больш, чым было ў Савецкім Саюзе. Велізарная колькасць толькі міліцыі. А яшчэ — восем-дзевяць спецслужбаў. Татальны кантроль, улада утрымліваецца узброеным шляхам».

Пра Пуціна

«Пуцін становіцца ў Беларусі вельмі папулярным палітыкам. Але гэта такі выбар, ведаеце… Хоць чорт лысы, толькі б не Лукашэнка. Вось такое стаўленне беларусаў да сітуацыі. Калі бесперашкодна ідуць расійскія тэлеканалы і радыёстанцыі, газеты прадаюцца, у інтэрнэце вялізная колькасць расійскіх сайтаў, а незалежныя блакуюцца, то, натуральна, у людзей фармуецца вобраз вялікага Пуціна, які прыйдзе, выратуе, усім падыме зарплаты, запусціць заводы. Толькі нічога гэтага не будзе, зразумела».

Пра эміграцыю

«У Беларусі ў чалавеку спрабуюць забіць чалавека. Я не змагу жыць у сваёй краіне, нават калі публічна пакаюся (чаго ніколі не будзе) і, вярнуўшыся, нічым не буду займацца, крыжыкам сяду вышываць. Мне ўсё роўна жыць не дадуць. І я не хачу жыць у такой краіне. Краіну трэба мяняць, і я хачу яе змяніць. Я павінна рабіць усё магчымае. Калі я нешта магу — значыць, павінна гэта рабіць».

* * *

Нагадаем, Хартыя'97 працуе ў Варшаве. Рэсурс заблакаваны на тэрыторыі Беларусі па рашэнні Міністэрства інфармацыі, але люстэркі сайта даступныя для карыстальнікаў.

ЗП

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031