Педагогу з-пад Гродна, якая расказала пра музычную школу без святла, прыйшлося звольніцца
Педагогу, якая сфатаграфавала, як дзеці займаюцца без святла ў музычнай школе пад Гроднам, у аддзеле культуры Гродзенскага райвыканкама прапанавалі звольніцца па ўласным жаданні. Жанчына заяву падпісала, але кажа, што хоча працаваць у музычнай школе і далей, піша Tut.by.
Фота: Анатоль Мышкевіч.
Вучням музычнай школы ў Падлабенні даводзіцца вось ужо некалькі месяцаў запар займацца ў памяшканні, дзе няма святла. Выкладчыкі гавораць, што праблему мясцовая ўлада і раённы аддзел культуры паабяцалі вырашыць літаральна на днях, але пакуль што дзеці на заняткі ходзяць з ліхтарыкамі.
Сфатаграфавала, як праходзяць заняткі ў цемры, настаўнік па сальфеджыа Алена і перадала здымкі сваім знаёмым. Так фатаграфіі з'явіліся ў інтэрнэце.
Жанчына кажа, што хацела проста прыцягнуць увагу да праблемы.
— Я працую ў прафесіі з сярэдзіны 90-х гадоў. І для мяне проста дзіўная ўся гэтая сітуацыя з адсутнасцю святла і з тым, што мяне папрасілі «на выхад» у сярэдзіне навучальнага года. Я наўрад ці знайду хутка новае месца працы. Ды і мая дзейнасць тут мне падабаецца, — кажа Алена і дадае, што ў аддзел культуры яе выклікалі сёння, 15 лістапада, з самай раніцы і адразу ж прапанавалі напісаць заяву па згодзе бакоў. — Я разгубілася і падпісала. Потым расплакалася, а цяпер супакоілася і разумею, што гэта месца працы губляць не хачу. З іншага боку, вельмі баялася, што могуць звольніць па артыкуле — але атрымалася вось так. Цяпер не ведаю, што з гэтым усім рабіць.
У аддзеле культуры Гродзенскага райвыканкама запэўніваюць, што педагогу давалі ўказанні праводзіць заняткі па нотнай грамаце ў будынку мясцовай бібліятэкі, аднак жанчына адказвае — там не заўсёды было месца для юных музыкаў.