Парашэнка ў кабіне цягніка адкрыў новы тунэль праз Карпаты
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка праехаў у кабіне цягніка падчас урачыстага адкрыцця чыгуначнага Бяскідскага тунэлю ў Львоўскай вобласці. Пра гэта кіраўнік дзяржавы напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
«Бяскідскі тунэль адкрыты! Гэта праект, дзякуючы якому Украіна стала яшчэ бліжэй да Еўрапейскага саюза, а ЕС — да Украіны», — напісаў ён.
Тунэль даўжынёй 1764 метры, пракладзены праз Бяскідскі перавал ва ўкраінскіх Карпатах, стаў часткай Пятага пан'еўрапейскага транспартнага калідора, які злучае Львоў і італьянскі порт Трыест на беразе Адрыятычнага мора.
Ён быў пабудаваны на змену старому тунэлю, які дзейнічаў з 1886 года. Калі стары тунэль мог прапускаць толькі 47 пар цягнікоў у суткі, то новы — больш за 100. Чакаецца, што гэта палепшыць доступ украінскіх тавараў на рынкі Італіі, Славеніі, Венгрыі і Славакіі.