Знайсці
11.05.2018 / 13:0312РусŁacБел

«Уключыў у актавай зале эсэсаўскі гімн і маршыраваў пад яго». У Магілёве псіхічна хворага судзяць за прапаганду «радыкальнага ісламу»

У сьледчым ізалятары Магілёва 5 месяцаў утрымліваецца ў адзіночнай камэры 25-гадовы мужчына, які мае псыхічнае захворваньне, інвалід 2 групы. Яго вінавацяць у распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці, а таксама ў хуліганстве.

9 лютага судова-псыхіятрычная экспэртыза пастанавіла: Аляксандар Я. падчас учыненьня злачынстваў быў у стане бяспамяцтва. Гэта, аднак, не паўплывала на зьмяненьне меры стрыманьня. Ён застаецца ў СІЗА. Акрамя праблемаў з псыхікай, у зьняволенага хвароба тоўстага кішэчніка, якая вымагае мэдычнага нагляду.

10 траўня Магілёўскі абласны суд пачаў разгляд крымінальнай справы супраць зьняволенага. Учыненыя ім «грамадзка небясьпечныя дзеяньні» падпадаюць пад санкцыі 1 часткі 130-га і 339-га артыкулаў Крымінальнага кодэксу з максымальным пакараньнем да пяці гадоў. Судзьдзя Ірына Цяплова мае вырашыць пытаньне аб ужываньні ў дачыненьні абвінавачанага прымусовых захадаў бясьпекі і лячэньня. Дыягназ Аляксандра, які сам на працэсе не прысутнічае, не называецца.

Яго інтарэсы бароняць адвакат і бацька Юры Я., які мае трыццацігадовы стаж службы ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

Сьледзтва: прапагандаваў радыкальны іслам

Паводле сьледзтва, Аляксандар прапагандаваў ідэі радыкальнага ісламу, нацызму і фашызму. На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» ён разьмясьціў матэрыялы, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі. Быўшы студэнтам Беларускага інстытуту правазнаўства, ён маляваў у розных аўдыторыях у прысутнасьці студэнтаў малюнкі, якія сымбалізавалі ідэі радыкальнага ісламу, падчас лекцыяў выкрыкваў «Алах акбар», а таксама ўключаў на сваім тэлефоне аўдыёфайлы, якія прапагандуюць ідэі нацызму і расізму.

У эпізодзе з хуліганствам, паводле вэрсіі сьледзтва, Аляксандар, «дэманструючы ўсёдазволенасьць і беспакаранасьць сваіх дзеяньняў, грэблівае стаўленьне да грамадзкіх правілаў паводзінаў» ударыў нагой па дзьверах, якімі нанёс цялесныя пашкоджаньні дзьвюм аднакурсьніцам. Абедзьве дзяўчыны прызнаныя пацярпелымі. Матэрыяльных прэтэнзіяў да свайго крыўдзіцеля яны ня маюць. Пабояў не здымалі. Пра здарэньне паведамілі адміністрацыі інстытуту дакладной.

Маці: захапленьне рэлігіямі дапамагала сыну зьняць эмацыйнае напружаньне

Бацькі ўтрыманьне сына ў турме называюць «антыгуманным, бесчалавечным і зь юрыдычнага гледзішча неабгрунтаваным». Заяўляюць, што затрыманьне Аляксандра адбылося «з грубымі парушэньнямі нормаў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу». Сьцьвярджаюць, што гэта зафіксавана ў матэрыялах справы. Намагаюцца, каб турэмнае зьняволеньне сына замянілі на хатні арышт ці перавялі яго ў спэцыяльную мэдычную ўстанову. Яны настойваюць: турма пагоршыць стан псыхічнага здароўя сына.

Мэдыкамэнты, казала на судзе маці абвінавачанага Тамара Я., рэгулярна носіць у турму, бо такіх прэпаратаў там няма. Першую ж перадачу зь імі, паводле яе, у турме зьнішчылі. Потым прызналі сваю памылку. Жанчына 45 гадоў адпрацавала ў мэдыцыне.

«9 лютага было атрымала заключэньне судова-псыхіятрычнай экспэртызы, што мой сын не ўсьведамляў сваіх учынкаў, і зь ім спыняюцца ўсялякія працэсуальныя дзеяньні. Чаму ні сьледчы, ні пракуратура мне не дазволілі пабачыцца з сынам, каб вызначыць ягоны стан? Ад 15 сьнежня ён утрымліваецца ў камэры-адзіночцы. Для тэлевізара ў камэры няма тэхнічных умоваў. Пэрыёдыкі ў яго няма. Чаму не зьмяняюць яму меру стрыманьня? Якім чынам ён перашкодзіць сьледзтву?», — пытала суд жанчына.

Суд не задаволіў хадайніцтва аб спатканьні зьняволенага з маці. Гэтае пытаньне будзе вырашана, калі справа будзе разгледжаная па сутнасьці.

Бацька заявіў, што сьледчы не пажадаў зьмяніць меру стрыманьня для сына, бо «яму так прасьцей працаваць зь ім».

Паводле маці, псыхічнае захворваньне сыну дыягнаставалі ў 2011 годзе, і, пакуль псыхіятры зь Менску яму не падабралі лекаў, яго часта клалі ў стацыянар. Апошнім часам знаходзіўся на амбуляторным лячэньні. Мэдыкі раілі яму, даводзіла яна, разьнявольвацца, выказваючы словамі тое, што ён трымаў у сабе.

Захапленьне рэлігіямі, мяркуе жанчына, дапамагала сыну здымаць эмацыйнае напружаньне. Да ісламу Аляксандар хадзіў да праваслаўных і каталікоў. Перад тым, як прыняць лекі, чытаў малітвы і выконваў рэлігійныя рытуалы. Спадзяваўся, што, як і праваслаўе з каталіцызмам, іслам яму таксама дапаможа перамагчы немач.

На думку сьведкі, інтарэс сына да фашызму зьявіўся пасьля таго, як выкладчыца інстытуту пасьля здачы ім на «выдатна» экзамэну прапанавала напісаць навуковую студэнцкую працу пра фашысцкі рух на сучасным этапе.

Яна дапусьціла, што частку матэрыялаў на сынаву старонку ў сацыяльнай сетцы маглі выкласьці ягоныя сябры, якія прыходзілі да яго ў госьці. Яны таксама былі пацыентамі псыхіятрычнай лякарні.

Здарэньне з аднагрупніцамі, на думку жанчыны, было выклікана тым, што Аляксандар праз хваробу кішэчніка баяўся застацца ў зачыненай аўдыторыі без прыбіральні. Таму, даводзіла яна, ён кінуўся да дзьвярэй, каб іх не замкнулі, але спатыкнуўся і ўдарыўся аб іх. У выніку і былі нанесеныя траўмы дзяўчатам. Калі яна сустрэлася з аднагрупнікамі, то дзяўчаты не прыгадалі інцыдэнту, настойвала маці зьняволенага.

Апэратыўнік: была пагроза, што фігурант паўторыць учынак Казакевіча

Арыштавалі Аляксандра 15 сьнежня 2017 году супрацоўнікі ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю пры сілавой падтрымцы амапаўцаў. Суду даваў паказаньні старшы ўпаўнаважаны ўпраўленьня. Паводле яго, публікацыі на старонцы фігуранта прыцягнулі ўвагу, бо былі ў пераліку экстрэмісцкіх. Паводле міліцыянта, такімі іх прызналі розныя суды ў Беларусі.

Зьмест старонкі зьняволенага міліцыянт ахарактарызаваў як «поўная каша».

У ходзе праверкі, казаў ён, высьветлілася, што з інстытуту на ўладальніка старонкі не аднаразова пісаліся скаргі ў КДБ, каб былі прынятыя захады рэагаваньня. На старонцы разьмяшчалася інфармацыя з пагрозамі ў адрас аднаго з выкладчыкаў інстытуту, а «ў ходзе вобшуку быў забраны рытуальны нож з нанесенымі на ім рытуальнымі малюнкамі».

«Ня выключана было, што фігурант мог паўтарыць «подзьвіг» Казакевіча, які прыйшоў з бэнзапілой у менскі гандлёвы цэнтар «Эўропа» і ўчыніў забойства», — даводзіў супрацоўнік упраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю.

Паводле яго, успышкі агрэсіі Аляксандра неаднаразова фіксаваліся адміністрацыяй ВНУ. Іх міліцыянт патлумачыў хваробаю абвінавачанага.

«Тым ня менш бацькі спрабавалі яго адаптаваць у грамадзтва», — сказаў ён, гаворачы пра навучаньне Аляксандра ў інстытуце.

З Аляксандрам міліцыянт сустрэўся, калі яго затрымлівалі. Па яго словах, фігурант адмовіўся даваць паказаньні.

Аднагрупнікі «прасілі адміністрацыю, каб выключылі Аляксандра з групы»

У першы дзень працэсу далі паказаньні суду двое студэнтаў, якія вучыліся разам з Аляксандрам. Яго паводзіны яны называлі агрэсіўнымі і неадэкватнымі, «бо ў свае гады ён мусіў кантраляваць свае эмоцыі». Агрэсія праяўлялася праз пагрозы «забіць, спаліць габрэяў, масонаў, а таксама жыхароў Данбасу». На агрэсіўныя паводзіны аднагрупніка студэнты стараліся не зьвяртаць увагі. Пасьля агрэсіўных выпадаў, казалі яны, надыходзіў пэрыяд спакою.

Студэнты казалі, што на заняткі Аляксандар прыходзіў з Каранам і штодня выкрыкваў «Алах акбар». Заяўляў, што лічыць сябе мусульманінам. Ён ня ўтойваў, што захапляецца ідэямі нэафашызму і радыкальнаму ісламу. У аўдыторыях на дошцы маляваў свастыку. Студэнты казалі, што група зьвярталася да адміністрацыі інстытуту, каб Аляксандра выключылі зь яе, бо «ён перашкаджаў навучальнаму працэсу».

Са слоў студэнтаў, на просьбу адміністрацыі яны запісвалі на відэа паводзіны аднакурсьніка. Прыгадалі, што ў адзін зь дзён Аляксандар уключыў у актавай залі «эсэсаўскі гімн», запісаны на тэлефоне, і маршыраваў пад яго. Нехта са студэнтаў запісаў гэта на відэа і выклаў у YouTube з надпісам «Так вучымся!»

Дапытаныя ў судзе студэнты прызналіся, што зь цікаўнасьці наведвалі старонку аднакурсьніка, але не затрымліваліся на ёй.

Адна з пацярпелых студэнтак у інцыдэнце зь дзьвярыма патлумачыла сваё нежаданьне фіксаваць пабоі тым, што палічылі пашкоджаньні нязначнымі. У дзяўчыны быў траўмаваны палец. Яе аднакурсьніцы дзьверы ўдарылі па твары і назе. Яна таксама не пайшла да мэдыкаў. Бацька Аляксандра раіў дзяўчатам скарыстацца мэдычнай дапамогай. Яны ж напісалі дакладную на паводзіны аднагрупніка і прасілі адміністрацыю, каб ён на заняткі прыходзіў з бацькамі.

На просьбу суду патлумачыць, у чым праявілася прапаганда Аляксандрам нацызму, фашызму і радыкальнага ісламу, студэнты выразна патлумачыць не змаглі.

Разгляд справы працягнецца 15 траўня. Суд дапытае яшчэ адну пацярпелую студэнтку, а таксама сьведак.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера