Андрэй Дзмітранок. Радыёхваля
Ён пісаў ёй так шмат, што ажно надакучыў. Не доўга думаючы, яна ператварыла яго ў радыёпрымач. Цяпер, калі ён назаляў сваімі «бу-бу-бу», яна магла яго проста выключыць ці лёгкім рухам рукі знайсці прыемную музыку і далей займацца сваімі справамі. Ён вельмі любіў усё звязанае з радыё, і таму спачатку новая роля яму спадабалася, але вельмі хутка абрыдла. Чысты дуб, храмаваныя рэзістары гуку і тэмбру — у святле транзістарных лямпаў ён выглядаў настальгічна прыгожа. Кінуў усё, ператварыў сябе ў радыёхвалю і пайшоў гуляць па частотах.
Ш-ш-шш
645LW — Radio Clarin, далёкая Аргенціна, бяскрайнія пампы, стэйк, дыктар чытае Картасара: «Так, Парыж — метафара. Што за малюнак на гэтым дыване? Ах, скрадзенае дзяцінства, а што ж яшчэ, што ж яшчэ! Я дваццаць разоў бываў у гэтым пакоі і цалкам не здольны ўзгадаць малюнак на гэтым дыване».
Ш-ш-шшш
1532LМ — Radio Helderberg, Паўднёвая Афрыка, праблемы міграцыі птушак, апартэід, добры чырвоны «Шыраз» 1975 года.
Ш-ш-ш
708АМ — PacifaBeat, начны эфір аўстралійскага радыё.
Хутка ён ведаў усе мовы свету, скачучы праз кантыненты без візаў і надгляду ў аэрапортах — яго ноч уступала ў неразборлівыя сувязі з днём.
Яна не ведала, што ён перастаў быць радыёпрымачом. Раніцой, днём, увечары, пад чужыя размовы і добрую музыку яна любіла танчыць побач з драўлянаю скрыняй і выціраць пыл — спакойнай, што побач быў ён. Каб мог, ён бы паведаміў, толькі больш не пісаў. З вандровак дасылаў прыгожыя песні ёй на FM і вяртаўся назад на сярэднія і доўгія хвалі назіраць, як там знічкамі адна за адной змаўкаюць у шуме эфіру апошнія аналагавыя радыёстанцыі.
Ш-ш-шшш
745АM — Califirnia Radio: «З гэтага моманту слухайце нас у інтэрнэце».
Ён ведаў, што нарэшце застанецца адзін у гэтым шуме. Будзе самотна плыць у бездані космасу былых галасоў і чакаць, калі яна заўважыць яго непрысутнасць. У шуме, што вечны, як космас, як вечны пыл на радыёпрымачы.