Знайсці
09.01.2018 / 10:3352РусŁacБел

Хроніка дэрусіфікацыі: як рускія ў Казахстане, Кыргызстане, Якуціі і Татарстане з большасці сталі меншасцю

Ні для каго не сакрэт, што адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел СССР быў даволі спрэчным і часам не адпавядаў актуальным межам пражывання таго ці іншага народа. Нярэдкасцю былі сітуацыі, калі ў межах адной адміністрацыйнай адзінкі нейкай савецкай рэспублікі большасць складалі прадстаўнікі нетытульнай нацыі. Адбываўся працэс русіфікацыі бадай усіх савецкіх рэспублік.

У некаторых з гэтых рэспублік рускіх было так шмат, што карэнныя тытульныя нацыі ў іх ператварыліся фактычна ў нацыянальныя меншасці. Напрыклад, у Карэла-Фінскай ССР доля карэннага фіна-ўгорскага насельніцтва стала меншай за 20%. Урэшце ў 1956 годзе Карэла-Фінскую ССР панізілі ў статусе: саюзную рэспубліку ліквідавалі і далучылі да РСФСР у якасці аўтаномнай рэспублікі.

Прыток мігрантаў у некаторыя рэспублікі вёў да таго, што лёс карэлаў мог напаткаць і іншыя рэспублікі СССР.

Але з распадам СССР некаторыя карэнныя народы пачалі вяртаць свае страчаныя пазіцыі. Іх доля павялічвалася, у той час як колькасць рускага насельніцтва імкліва скарачалася. Апошнія гады крамлёўская прапаганда акцэнтавала ўвагу на прыгнёце рускага насельніцтва, які нібыта адбываўся ва Украіне. Але прапагандысты ўпарта ігнаравалі факты сапраўднай дэрусіфікацыі, часам нават гвалтоўнай, якая адбывалася ў іншых былых савецкіх рэспубліках.

Казахстан

Зараз у Казахстане пражывае каля 18 мільёнаў чалавек, а доля казахаў сярод іх каля 67% (12 мільёнаў этнічных казахаў). У гэта цяжка паверыць, але яшчэ ў 1989 годзе сітуацыя была кардынальна іншая.

Апошні перапіс насельніцтва СССР зафіксаваў, што сярод 16,5 мільёна жыхароў Казахскай ССР казахаў было ўсяго 6,5 мільёна, а гэта менш 40% ад усёй колькасці.

Такім чынам, за няпоўныя 30 гадоў колькасць казахаў узрасла амаль удвая: з 6,5 да 12 мільёнаў чалавек!

Але да 1989 года сітуацыя была яшчэ больш драматычнай. У 1930-ыя ў Казахстане адбылася сапраўдная катастрофа: ад голаду памерлі каля 2 мільёнаў казахаў, вялікая частка ратавалася ад голаду ў Кітаі. Пасля гэтага Казахстан стаў месцам жыхарства для дэпартаваных народаў: палякаў, чачэнцаў, інгушоў, немцаў, крымскіх татар. Істотна знізілася доля казахаў і пасля пачатку актыўнага засваення цаліны, калі ўлады СССР заахвочвалі жыхароў іншых савецкіх рэспублік (пераважна Расіі) пераязджаць у Казахскую ССР.

Згодна з перапісам насельніцтва за 1959 год, доля тытульнай нацыі ў Казахскай ССР ледзьве дасягала 30%. З 9,3 мільёна жыхароў казахаў было толькі 2,8 мільёна.

Хаця да 1991 года доля казахаў і ўзрасла ў Казахскай ССР, іх колькасць ледзьве перавышала 40%, паўночная частка Казахстана стала зонай кампактнага пражывання рускага насельніцтва, што рабіла гэтую краіну асабліва ўразлівай.

Але з набыццём незалежнасці Казахстана пачаўся міграцыйны адток рускага і нямецкага насельніцтва, а колькасць казахаў у абсалютнай і адноснай колькасці працягвае павялічвацца.

Мела плён і праграма рэпатрыяцыі этнічных казахаў, за гады дзеяння якой у краіну вярнулася больш за 1 мільён чалавек.

Якуція

Калі б Якуція была незалежнай дзяржавай, яна б стала восьмай дзяржавай у свеце па плошчы, зусім трохі саступаючы Індыі.

І ўявіце сабе: у 1989 годзе якутаў у Якуціі заставалася ўсяго 33%. На сёння ж іх доля вырасла да 53%!

У параўнанні з 1989 годам насельніцтва Якуціі паменела: з 1081 тысячы да 963 тысяч чалавек на 2017 год. А вось колькасць якутаў, наадварот, узрасла з 365 тысяч да 500 тысяч чалавек.

У сваю чаргу, доля рускага насельніцтва скарацілася з 50% да 35%. Рускія проста выязджалі з рэгіёна з нязвыклымі кліматычнымі ўмовамі.

Гэта тлумачыцца як міграцыйным адтокам рускага насельніцтва, так і паступовай якуцізацыяй. Большасць дзяцей у змяшаных сем’ях лічыць сябя «сахалярамі», а не рускімі. Сярод «сахаляраў» шмат прадстаўнікоў рускай еўрапеоіднай знешнасці, але якутамоўных, узгадаваных у якуцкіх нацыянальных традыцыях.

Не магло не паўплываць на гэтыя працэсы і нацыянальнае адраджэнне, якое назіралася ў Якуціі ў 1990-ыя гады. Менавіта высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці выратаваў малалікі народ ад знікнення.

Татарстан

Адбываліся дэмаграфічныя змены і ў Татарстане, хаця там яны былі не такімі істотнымі.

Калі ў 1989 годзе татары мелі толькі адносную большасць сярод жыхароў Татарстана (48,48% татараў і 43,26% рускіх), то ўжо ў 2010 годзе тытульная нацыя пачала складаць абсалютную большасць насельніцтва (53,24% татараў і 39,71% рускіх).

Павелічэнне долі татарскага насельніцтва адбылося ў першую чаргу за кошт вялікіх гарадоў (Казань і Набярэжныя Чалны), дзе раней пераважала рускае насельніцтва.

Кыргызстан

З 1941 па 1985 год кіргізы не складалі абсалютнай большасці насельніцтва ў сваёй краіне. Згодна з перапісам насельніцтва за 1959 год, кіргізаў было 40,5%, а рускіх — 30,2%. А вось у 2016 годзе лічбы абсалютна іншыя — кіргізаў 73%, а рускіх 6%.

Нягледзячы на тое, што доля кіргізаў расла яшчэ ў савецкія гады, да самага распаду СССР у Бішкеку і Чуйскай вобласці пераважала рускае насельніцтва. Напрыклад, у 1989 годзе кіргізаў у сталіцы рэспублікі было толькі 22,7%, а ў 2009 годзе — ужо 66,2%. За гэты ж час доля рускага насельніцтва скарацілася з 55,8% да 23%.

Дэмаграфічныя змены тлумачацца як большай нараджальнасцю сярод цюркскіх народаў, так і вялікім міграцыйным адтокам рускага насельніцтва.

Максім Маханькоў, інфаграфіка Волі Афіцэравай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031