Знайсці
04.11.2017 / 11:4624РусŁacБел

Міністр Раўкоў распавёў, як рэарганізуюцца Печы пасля гібелі салдата

Пасля гібелі салдата ў Печах распачата рэалізацыя мер кадравага, тэхнічнага, арганізацыйнага характару ў дачыненні да вайсковай часткі 72-га аб'яднанага вучэбнага цэнтра, у якой праходзіў службу Аляксандр Коржыч. Пра гэта паведаміў міністр абароны Андрэй Раўкоў, адказваючы на пытанне TUT.BY падчас прамой лініі.

— Прынята рашэнне выдзеліць грашовыя сродкі для ўстаноўкі ў некаторых месцах размяшчэння вайскоўцаў тэхнічных сродкаў назірання, — распавёў Андрэй Раўкоў. — Сістэма відэаназірання дазволіць дзяжурнаму па школе, які знаходзіцца ў казарме, больш аператыўна бачыць памяшканні, дзе знаходзяцца вайскоўцы, каб мінімізаваць найменшыя пытанні — сутычкі якія-небудзь ці нейкія ўздзеянні.

Таксама, па словах міністра, прынята рашэнне з нагоды фінансавання аб'ектаў гарадка — клуба, сталовай. Для медыцынскай роты будзе закуплена новае абсталяванне.

— Праводзіцца праверка афіцэраў і прапаршчыкаў усяго цэнтра, школы падрыхтоўкі спецыялістаў, і па выніках тэставання гэтых афіцэраў у дачыненні да некаторых, якія не пацвердзяць свой прафесіяналізм, будзе праведзена атэстацыя і прыняты адпаведныя меры — або зніжэнне на пасадзе, або звальненне.

Пасля выпадку ў Печах быў вызвалены ад пасады начальнік 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў палкоўнік Канстанцін Чарнецкі. Таксама Міністэрства абароны паведаміла, што шэраг службовых асобаў 72 АНЦ звольнены з шэрагаў Узброеных сіл за непрыняцце мер па прадухіленні гібелі вайскоўца. У тым ліку начальнік 3-й школы падрыхтоўкі спецыялістаў [падпалкоўнік Аляксандр Чарноў], начальнік штаба — першы намеснік начальніка школы, камандзір вучэбнай роты, старшына медыцынскай і старшына вучэбнай роты. Яшчэ двое былі адхіленыя ад працы. Гэта начальнік штаба — першы намеснік начальніка 72 АНЦ (палкоўнік Вячаслаў Шчарбін), а таксама начальнік медыцынскай службы цэнтра.

— Новы кіраўнік у Печах прызначаны?

- Новы кіраўнік дапушчаны да выканання абавязкаў распараджэннем прэзідэнта. Па прыбыцці прэзідэнта з камандзіроўкі будзе падпісаны ўказ, дакумент аб яго прызначэнні знаходзіцца ў Адміністрацыі прэзідэнта, — распавёў Андрэй Раўкоў.

— Гэты чалавек з Печаў?

— Не, гэты чалавек з цэнтральнага апарата, ён будзе камандаваць гэтым цэнтрам.

Міністр паведаміў, што «ўсе астатнія пытанні, якія тычацца следчых дзеянняў, вядзе Следчы камітэт»:

— Па трох чалавеках, якія падазраюцца ў дачыненні да Коржыча, дасць адказ толькі следства.

***

Нагадаем, 21-гадовага Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў падвале ў вайсковай частцы ў Печах у пятлі з рамяня. У хлопца былі звязаны ногі шнурком абутку і надзетая майка на галаву. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 443 (Парушэнне статутных правіл узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус вайскоўца, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы) Крымінальнага кодэкса. Першапачаткова асноўнай версіяй здарэння быў суіцыд, але блізкія не вераць у гэта.

Па стане на 1 лістапада па крымінальнай справе аб гібелі Аляксандра Коржыча прад'яўлена абвінавачванне 10 вайскоўцам, яшчэ 5 (сярод іх - адзін афіцэр) знаходзяцца ў статусе падазраваных.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031