Вошы і блохі аказаліся пад пагрозай вымірання
Маштабнае даследаванне паказала, што глабальнае пацяпленне можа знішчыць траціну ўсіх відаў паразітаў на Зямлі — і гэта, на самой справе, вельмі дрэнна. Каротка навуковую публікацыю пра гэта перадае The Guardian.
Амерыканскія навукоўцы сканструявалі розныя сцэнары распаўсюджвання 457 паразітаў на Зямлі ў выпадку таго ці іншага развіцця змены клімату. Высветлілася, што сярэдні ўзровень вымірання такіх істот з-за таго, што месцы іх пражывання прыйдуць у непрыдатнасць, да 2070 года складзе 10%. У залежнасці ад розных узроўняў скарачэнняў выкідаў гэтая доля можа вырасці да 20% і нават да 37%.
«Гэта ашаламляльная колькасць, — заявіў Колін Карлсан з Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Берклі, пад кіраўніцтвам якога праходзіла праца. — Падобна на тое, што паразіты з'яўляюцца адной з найбольш уразлівых груп насельнікаў Зямлі».
Планета можа страціць шматлікія віды чарвякоў, кляшчоў, вошай і блох.
Па словах навукоўца, выміранне паразітаў пагражае масавай дэстабілізацыяй экасістэм, што можа прывесці да самых негатыўных наступстваў для дзікай прыроды і чалавека. У якасці прыкладу Карлсан прыводзіць аднаго чарвяка-валасаціка, які жыве ў целе коніка ў Японіі. Гэты паразіт прымушае коніка тапіцца ў мясцовых вадаёмах, дзе ён служыць ежай для рэдкіх рыб.