Знайсці
10.12.2016 / 09:5636РусŁacБел

Украінка напісала гістарычны раман пра князя Радзівіла

Ці марылі вы калі адправіцца ў захапляльнае еўрапейскае падарожжа з маладым літоўскім арыстакратам XVII ст.? Зараз у вас з’явілася такая магчымасць! Піша Кірыла Карлюк. 

Сёлета ў Кіеве ў выдавецтве Tempora пабачыў свет раман украінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай «Нямецкі прынц Багуслаў Радзівіл». Кніга прысвечана ўплывоваму магнату ВКЛ Багуславу Радзівілу (1620—1669), які ўзяў актыўны ўдзел у шматлікіх гістарычных падзеях сваёй бурлівай эпохі. Гэта неадназначная, але, бясспрэчна, цікавая постаць нашай супольнай мінуўшчыны прываблівае гісторыкаў, пісьменнікаў, мастакоў Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі ўжо на працягу некалькіх стагоддзяў. «Бліскучы арыстакрат, мужны военачальнік, таленавіты палітык, паэт… — не шкадуе кампліментаў свайму герою Ірына Данеўская, — здолеў пражыць такое бурнае і насычанае падзеямі жыццё, што яно выклікае здзіўленне нават у нас, цвердалобых скептыкаў з ХХІ стагоддзя».

Ірына Данеўская, аўтарка рамана «Нямецкі прынц Багуслаў Радзівіл»

Раман распавядае пра юнацтва і маладыя гады Багуслава Радзівіла і ахоплівае перыяд ад яго нараджэння ў Гданьску, «школьных» гадоў у Літве, поўных прыгод падарожжаў па Заходняй Еўропе і да вяртання ў Вялікае Княства ў 1648 г. Пра ўсё гэта можна даведацца на сямістах старонках цудоўнага мастацкага тэксту.

Назва кнігі інтрыгуе і правакуе адначасова, бо змяшчае ў сябе метафару складанай біяграфіі і няпростай ідэнтычнасці Багуслава Радзівіла. Як вядома, сваё маленства ён правёў ва Усходніх Прусах і ў бацькавым маёнтку ў Франконіі. Сярод сваіх пышных рэгалій насіў і тытул «князя Свяшчэннай Рымскай імперыі». Першай яго мовай была нямецкая…

Але нямала звязана ў Багуслава Радзівіла і з радзімай продкаў — Вялікім Княствам Літоўскім: яго хатняя і школьная адукацыя, маёнткі (асабліва Слуцкае княства), сямейныя палітычныя інтарэсы, прыватныя амбіцыі ды шмат што іншае.

Самой Ірыне Данеўскай гэтыя нюансы добра вядомыя. Менавіта таму, паводле яе ўласных слоў, пачатковая аўтарская назва кнігі гучала як «Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага».

Юнацкі перыяд жыцця князя не выпадкова даў багаты матэрыял для стварэння паўнавартаснага рамана. У ранні Новы час падарожжы маладых еўрапейскіх арыстакратаў, жыццё пры замежных дварах і вайсковая практыка былі важным этапам у іх адукацыі і сталенні. Нават прадстаўнікі каралеўскіх сем’яў адпраўлялі сваіх дзяцей у падобныя падарожжы: згадаем, напрыклад, grand tour каралевіча Уладзіслава Вазы ў 1624-1625 гг., якога суправаджаў выдатны інтэлектуал літоўскі канцлер Альбрэхт Станіслаў Радзівіл.

Маладыя магнаты ВКЛ не былі выключэннем і таксама выпраўляліся ў Заходнюю Еўропу па веды, вайсковы досвед, асабістыя знаёмствы і прыгоды.

Для Багуслава Радзівіла такой «школай жыцця» сталі Францыя і Нідэрланды першай паловы XVII ст.

Па словах Ірыны Данеўскай, праца над кнігай ішла пяць гадоў. Выкарыстоўваліся не толькі шматлікія навуковыя публікацыі прафесійных гісторыкаў, але і першакрыніцы. Сярод іх цэнтральнае месца займае «Аўтабіяграфія» Багуслава Радзівіла, якая, дзякуючы ініцыятыве Уладзіміра Сіўчыкава, пабачыла свет і на беларускай мове яшчэ ў 2009 г.

Такое глыбокае крытычнае асэнсаванне гістарычнага матэрыялу дазволіла аўтарцы максімальна далікатна спалучыць узноўленую да дробязяў біяграфію слуцкага князя, праўдзівы партрэт эпохі першай паловы — сярэдзіны XVII ст., галерэю дакладных партрэтаў гістарычных асоб таго часу з духам жывых авантурных прыгод і рамантычных гісторый.

А ў іх Багуслаў Радзівіл сапраўды трапляў неаднойчы: непрыемныя сустрэчы з «ліхімі людзьмі» на небяспечных дарогах часоў Трыццацігадовай вайны, з дзюнкеркскімі піратамі на моры, дуэлі з французскімі прынцамій нямецкімі баронамі, безразважная вайсковая адвага ў бітвах, рамантычнае каханне да бліскучай мадам дэ Кюзанс…

Іншымі словамі, прад намі насычаны і захапляльны гістарычны раман, які вядзе чытача праз бурлівыя гады Трыццацігадовай вайны і прыгоды знакамітага літоўскага магната, дае магчымасць завітаць на еўрапейскія каралеўскія двары і ў парыжскія арыстакратычныя салоны, пабачыць палі бітваў ваенных і сардэчных. Розныя сюжэтныя лініі і лёсы гістарычных і выдуманых асобаў арганічна злучаюцца ў паслядоўны аповед, які часава і геаграфічна разгортваецца вакол падарожжаў маладога Багуслава Радзівіла. Не абышла ўвагай аўтарка і розныя гістарычныя дробязі побыту і спецыфікі штодзённасці еўрапейцаў XVII ст., другасныя дэталі, важныя для цэласнага ўспрымання эпохі.

Упэўнены, што раман будзе вельмі цікавы і беларускаму чытачу, бо самым непасрэдным чынам тычыцца нашай гісторыі. Таму спадзяемся, калісьці з’явіцца і беларускі пераклад кнігі. У будучым аўтарка абяцае і працяг гістарычных прыгод Багуслава Радзівіла, які распавядзе пра не менш насычаныя падзеямі 1648—1669 гг., часы казаччыны і Патопу.

Багуслаў Радзівіл (1620-1669) — слуцкі князь, харунжы (1638), канюшы літоўскі (1646), сын віленскага кашталяна Януша Радзівіла і Лізаветы Сафіі Гагенцолерн. Нарадзіўся ў Гданьску, дзяцінства разам з маці правёў ва Усходняй Прусіі і Франконіі. З 1628 г. выхоўваўся ў Літве пад апекай дзядзькі Крыштафа Радзівіла, вялікага гетмана літоўскага. Навучаўся ў кальвінскіх гімназіях Вільні і Кейдан. 1637—1648 гг. правёў з перапынкамі за мяжой, падарожнічаў па Нямеччыне, Нідэрландах, Францыі і Англіі. Кароткі час навучаўся ва ўніверсітэтах Гронінгена, Франекера і Утрэхта, прыватных «рыцарскіх акадэміях» Парыжа, браў удзел у ваенных выправах галандскіх і французскіх войскаў супраць гішпанцаў. Пасля вяртання на радзіму ў 1648 г. апынуўся ў цэнтры падзей, звязаных з казацкім паўстаннем, Трынаццацігадовай вайной з Расіяй, Кейданскай уніяй ВКЛ са Швецыяй, Радноцкім трактатам. У 1657 г. яго сваяк, брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм, прызначыў Б. Радзівіла прускім генерал-губернатарам. У Кёнігсбергу ён стаў адным з архітэктараў прускага абсалютызму і дзяржаўнай ваеннай сістэмы. Б. Радзівіл быў актыўным збіральнікам і мецэнатам мастацтва. Яго збор жывапісу налічваў каля тысячы твораў, а ў кнігазборы князя пачэснае месца займаў і знакаміты «Радзівілаўскі» летапіс. Дзякуючы шчодрай падтрымцы і заступніцтву Б. Радзівіла і яго кузена Януша ў ВКЛ і на Падляшшы дзейнічалі пратэстанцкія і праваслаўныя школы, фундаваліся кальвінскія і лютэранскія зборы, праваслаўныя цэрквы і манастыры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031