Знайсці
10.07.2015 / 07:501РусŁacБел

Аперацыя Pimlico

Савецкі перабежчык Алег Гардзіеўскі ў гутарцы з Натальляй Галіцынай успамінае акалічнасьці 30-гадовай даўніны сваіх ўцёкаў з Масквы ў Лёндан.

У сярэдзіне ліпеня спаўняецца 30 гадоў з часу аднаго з самых таямнічых эпізодаў халоднай вайны — уцёкаў з Масквы палкоўніка КДБ Алега Гардзіеўскага, які працаваў на брытанскую выведку. Гардзіеўскі здолеў высьлізнуць з рук КДБ, які здагадваўся аб яго супрацоўніцтве з брытанскай сакрэтнай службай МІ6.

У пятніцу 19 ліпеня 1985 году каля пяці гадзінаў вечара з аднаго з дамоў на захадзе Масквы выйшаў невысокі каржакаваты чалавек у паношанай куртцы. Каб пазьбегнуць увагі машыны сачэньня, якая дзяжурыла непадалёк ад дома, ён схаваўся сярод кустоў і дрэваў, якія атачалі дом, а затым незаўважна прасьлізнуў на суседнюю вуліцу. Праз гадзіну ён быў на Ленінградзкім вакзале, дзе ўзяў квіток у агульны вагон начнога цягніка ў Ленінград. Раніцай у суботу ў Ленінградзе чалавек адправіўся электрычкай да Зеленагорску, дзе перасеў на аўтобус, які ідзе ў Выбарг.

Так пачалася вельмі рызыкоўная і добра сплянаваная апэрацыя па перакідцы на Захад буйнога брытанскага агента, палкоўніка КДБ Алега Гардзіеўскага, западозранага яго ведамствам у супрацоўніцтве з брытанскай разьведслужбай МІ6. Аўтарам пляну быў тагачасны рэзыдэнт брытанскай выведкі ў Маскве Джон Скарлет, які служыў пад дыпляматычным прыкрыцьцём у пасольстве Вялікабрытаніі, а потым стаў генэральным дырэктарам МІ6. Для рэалізацыі пляну, пра які ведалі толькі некалькі чалавек, неабходна было атрымаць дазвол прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр, і ён быў атрыманы. Пасьля гэтага пачалася апэрацыя Pimlico — кодавы назоў рэалізацыі пляну Джона Скарлета. Нядаўна брытанскі Нацыянальны архіў апублікаваў ліст Тэтчэр, адрасаваны Гардзіеўскаму. У ім «жалезная лэдзі», у прыватнасьці, піша: «Я вельмі цаню вашу асабістую мужнасьць і вашу прыхільнасьць свабодзе і дэмакратыі».

На думку гісторыка брытанскай выведкі Крыстафэра Эндру, палкоўнік Гардзіеўскі зрабіў неацэнны ўнёсак у перамогу Захаду ў халоднай вайне. Англічане часткова дзяліліся атрыманай ад Гардзіеўскага інфармацыяй з амэрыканцамі, аднак не называлі яе крыніцы. У ЦРУ разумелі, што ў іх саюзьніка ёсьць нейкі агент на высокім узроўні, які валодае доступам да звышсакрэтнай інфармацыі, і захацелі высьветліць, хто ім мог быць. Гэтая цікаўнасьць амэрыканцаў і прывяла да правалу глыбока закансьпіраванага брытанскага агента.

Распрацоўку магчымага брытанскага інфарматара амэрыканцы даручылі кіраўніку контравыведнага падразьдзяленьня савецкага аддзелу ЦРУ Олдрычу Эймсу. З іроніі лёсу, у гэтай справе сутыкнуліся два двайныя агенты, паколькі Эймс на працягу дзевяці гадоў супрацоўнічаў з КДБ і быў яго самым высокааплочваным агентам — яму было выплачана Масквой больш за чатыры мільёны даляраў. Эймс выказаў здагадку, што працёк адбываецца з рэзыдэнтуры КДБ у Лёндане, дзе абавязкі рэзыдэнта выконваў Гардзіеўскі, і перадаў гэтую інфармацыю ў Маскву. Аднак імя інфарматара Эймс не назваў.

Вось чаму Гардзіеўскі на быў арыштаваны адразу па прыбыцьці ў Маскву, куды быў выкліканы ў траўні 1985 году пад маркай зацьвярджэньня на пасадзе рэзыдэнта — у КДБ не былі да канца ўпэўненыя ў яго здрадзе. Эймс быў выкрыты ў 1994 годзе і асуджаны на пажыцьцёвы тэрмін зьняволеньня, які ён адбывае да гэтага часу. Гардзіеўскага завочна прысудзілі да расстрэлу; прысуд ня быў адменены і пасьля крушэньня камуністычнага рэжыму ў СССР і ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне.

Гардзіеўскі быў завэрбаваны англічанамі — дакладней, добраахвотна прапанаваў ім свае паслугі — у 1974 годзе падчас працы ў Капэнгагене, дзе ў званьні старшага лейтэнанта пад дыпляматычным прыкрыцьцём служыў у дацкай рэзыдэнтуры КДБ. Праз два гады ён стаў рэзыдэнтам. У 1978 годзе Гардзіеўскі быў адкліканы ў Маскву і тры гады прапрацаваў у цэнтральным апараце КДБ. Англічане папрасілі яго «легчы на дно» і перапыніць кантакты — занадта каштоўны быў гэты агент і занадта лёгка ён мог засьвяціцца ў Маскве. У студзені 1982 году падпалкоўнік Гардзіеўскі атрымаў прызначэньне ў Лёндан, дзе пачаўся другі, нашмат больш плённы этап кар’еры брытанскага шпіёна, за які ён заплаціў стратай сям’і — жонкі і дзьвюх дачок.

76-гадовы вэтэран халоднай вайны жыве ў адным з маляўнічых мястэчак непадалёк ад Лёндану. Я хутка знайшла ахайны двухпавярховы дом з шырокім ангельскім траўнікам. Дзьверы адчыніў сівавалосы каржакаваты чалавек з дапытлівым і упэўненым позіркам на суворым твары. Размова аб шпіёнскіх прыгодах зацягнулася на дзьве гадзіны. Аб агентурнай рабоце і ўцёках з Масквы Гардзіеўскі казаў адкрыта і не без сарказму. Пісалі, што знакаміты выведнік нібыта спачатку хацеў стаць дыпляматам, але не пашанцавала. Ці праўда гэта?

– Ня ведаю, хто пісаў, што я хачу стаць дыпляматам. Я заўсёды хацеў служыць толькі ў КДБ. У мяне была мэта: даведацца як мага больш аб тым, як функцыянуе савецкая сыстэма, і ў далейшым перадаць гэтую інфармацыю ангельцам. Мне хацелася дапамагчы ім зразумець сутнасьць савецкага камуністычнага рэжыму. КДБ — гэта велізарная арганізацыя, якая займае некалькі велізарных будынкаў. Яе прыярытэтнай задачай заўсёды было стварэньне татальнага мэханізму даносаў. На Лубянцы вяліся мільёны агентурных справаў. Сакрэтнымі агентамі КДБ былі мільёны савецкіх грамадзянаў. Агент — гэта завэрбаваны таемны супрацоўнік, памочнік КДБ, які знаходзіцца на сувязі з апэратыўным работнікам і выконвае яго заданьні. Колькасьць такіх агентаў была велізарнай пры Сталіне, крыху скарацілася пры Брэжневе і зноў павялічылася пры Пуціне.

– Я мела на ўвазе, што вы ж вучыліся ў МГІМО. І што, вы і тады ўжо думалі працаваць у КДБ і выкрываць яго?

– Так, і тады думаў. Яшчэ студэнтам я быў на прыкмеце ў КДБ як патэнцыйны кандыдат у супрацоўнікі.

– Вы пачалі служыць ва ўпраўленьні «С» Першага галоўнага ўпраўленьня КДБ. На чым яно спэцыялізавалася?

– Гэта знакамітае ўпраўленьне, таму што яно займаецца справамі нелегалаў, якія працуюць за мяжой. Завэрбаваныя савецкія агенты, а часам і грамадзяне ГДР, закідваліся за мяжу з адмысловымі заданьнямі. Ва ўпраўленьні іх забясьпечвалі фальшывымі дакумэнтамі. Ва Упраўленьні «С» была фабрыка, на якой вырабляліся пашпарты: заходненямецкія, ангельскія, італьянскія, францускія, іранскія, японскія. Усе яны выкарыстоўваліся ў апэрацыях зь нелегаламі. Недахопу ў агентах, гатовых працаваць за мяжой, не было.

– Затым вы атрымалі прызначэньне ў Данію. Чым вы там займаліся?

– Я павінен быў здабываць дакумэнты памерлых або людзей, якія зьехалі, з тым, каб упраўленьне «С» іх выкарыстоўвала. Хадзіў на могілкі, дзе шукаў магілы немаўлятаў, наведваў сьвятароў, якія давалі мне кнігі рэгістрацыі нараджэньняў і сьмерцяў. Такая самая традыцыя існавала ў ГДР, у далейшым яна ўзьнікла і на Кубе, потым перакінулася на Аргентыну. Акрамя таго, я часта сустракаўся зь нелегаламі. Аднойчы, калі я яшчэ служыў ва ўпраўленьні «С», яго начальнік, вельмі таленавіты чалавек (адзіны, дарэчы, у якога не было вышэйшай адукацыі), паклікаў мяне, адкрыў шуфляду стала і сказаў: «Алег, паглядзі!» Там ляжаў амэрыканскі замежны пашпарт. Дакумэнт быў зроблены па-мастацку выдатна.

– Вы пісалі ці казалі, што менавіта ў Даніі былі завэрбаваныя брытанскай выведкай. Як гэта было?

– Я сам хацеў працаваць на брытанскую выведку і шукаў нагоду гэта зрабіць. Там быў ангелец — супрацоўнік МІ6, які працаваў пад дыпляматычным прыкрыцьцём, які хацеў мяне завэрбаваць. Я хацеў завэрбавацца, а ён хацеў завэрбаваць. У 1974 годзе мы сталі сустракацца, спачатку ў маленькіх піўных, а потым ён запрасіў мяне на кансьпіратыўную кватэру, дзе мы і працавалі.

– Вы сапраўды хацелі працаваць толькі на Вялікабрытанію?

– Я сапраўды хацеў працаваць толькі на Вялікабрытанію. Прычын было некалькі. Вазьміце, да прыкладу, Заходнюю Нямеччыну. У яе была моцная, вельмі добрая служба выведкі, але яна ўся была прасякнутая агентурай ГДР. Амэрыканцы: у іх здараюцца частыя ўцёкі на Ўсход. Гэтыя ўцёкі вельмі падарвалі працу амэрыканскай разьведкі, а заадно і ангельскай. Эдвард Сноўдэн — апошні такі прыклад.

– Мне б хацелася зразумець, што вас заахвоціла працаваць супраць камуністычнага рэжыму, перайсьці на бок заходніх дэмакратый, стаць іх агентам. Ці быў тут нейкі імпульс?

– Такім імпульсам былі падзеі ў Бэрліне. Я быў сьведкам ўзьвядзеньня Бэрлінскай сьцяны ў 1961 годзе. Я быў сьведкам таго, як людзі скакалі з чацьвёртага паверху дома на той бок сьцяны, а на тым баку стаялі заходнебэрлінскія добраахвотнікі і трымалі нацягнутае палотнішча. Я бачыў, як жыхары ГДР разганяліся на сваіх маленькіх «трабантах» і ўразаліся ў калючы дрот перад Брандэнбурскай брамай, імкнучыся прарвацца ў Заходні Бэрлін. І некаторыя прарываліся. Аўтаматчыкі ГДР у чорнай форме прагульваліся, як нацысты, і рабілі жудаснае ўражаньне. А ў прылеглых да сьцяны завулках на ўсялякі выпадак стаялі савецкія танкі. Яшчэ больш іх хавалася далей ад сьцяны. Гэта мяне ўзрушыла і яшчэ раз пацьвердзіла, што з камуністычным рэжымам трэба змагацца, што гэта бесчалавечны, антычалавечны рэжым.

– А ў чым заключалася ваша праца на брытанскую выведку МІ6?

 Не магу ўдавацца ва ўсе дэталі гэтай працы, але аднаго я не рабіў, што мне часта прыпісваюць: я не займаўся ідэнтыфікацыяй супрацоўнікаў КДБ. Англічане мяне пра гэта нават не прасілі, паколькі выдатна ведалі, хто працуе ў КДБ, хто ў ГРУ. Яны нават ведалі, у якім сэктары той або іншы супрацоўнік савецкай разьведкі працуе і якую працу выконвае. Быў, праўда, выпадак, калі я прадухіліў здраду супрацоўніка брытанскай контрразьведкі МІ5. Яе супрацоўнік, нейкі Нікалас Бэтані, прапанаваў у 1983 годзе свае паслугі савецкай разьведцы, пераправіўшы ў пасольства СССР у Лёндане некалькі сакрэтных дакумэнтаў МІ5, не называючы сябе. Мне іх паказаў тагачасны рэзыдэнт КДБ Аркадзь Гук. Я паведаміў пра гэта ў МІ6 і зьехаў у адпачынак. Па прыезьдзе спытаў у ангельцаў, ці ўдалося ім вылічыць добраахвотнага кандыдата ў савецкія агенты. Мне адказалі, што ім аказаўся Бэтані і што ён злоўлены і асуджаны.

– Ён доўга праседзеў?

– Васямнаццаць гадоў.

– Афіцыйна вы былі на дыпляматычнай службе. Калі вы атрымалі прызначэньне ў савецкае пасольства ў Лёндане, вы былі ў рангу дарадцы. Як доўга вы былі ў гэтым рангу?

– Ранг дарадцы быў маім прыкрыцьцём, прычым бліскучым прыкрыцьцём, самым лепшым ва ўсёй рэзыдэнтуры. Я быў дарадцам да 23 лютага 1985 году, калі на прыёме з нагоды Дня Савецкай Арміі афіцэр па бясьпецы пасольства мне сказаў: «Чуў навіну? Табе далі палкоўніка!» — «Так? Мне далі палкоўніка?» — перапытаў я. У мяне было такое пачуцьцё, што гэта была адна з прынад, падманак, каб мяне выцягнуць у Маскву. Але падазрэньне гэтае пацьвердзілася толькі ў траўні.

– Вы падвялі мяне да пытаньня аб адным з самых загадкавых эпізодаў вашай біяграфіі: хто ж выдаў вас КДБ? Хто раскрыў?

– Мяне выдаў Олдрыч Эймс, недзе паміж 15 красавіка і 1 мая 1985 году. Я атрымаў панічную тэлеграму з Цэнтру зь відавочным намерам мяне адклікаць нібыта ў сувязі з зацьвярджэньнем на пасадзе рэзыдэнта. Я гэта зразумеў, але вырашыў ехаць, каб не выглядаць баязьліўцам. Праз два дні прыйшла іншая тэлеграма, але ўжо вытрыманая ў памяркоўным тоне. Я зразумеў, што яны апамяталіся, і падумаў: сьпяшаюцца, значыць, мяне падазраюць. А гэта значыць, што я еду ў абдымкі сьмерці. І ўсё ж я вырашыў ехаць, каб паказаць, што не баюся. Але ў мяне ўжо ў той час быў распрацаваны ў МІ6 плян уцёкаў з Масквы ў выпадку, калі мяне вылічаць. Стары плян уцёкаў з Масквы, складзены яшчэ ў 1977 годзе, быў вельмі няўдалы, грувасткі і заблытаны. І самае няўдалае: ён быў зафіксаваны з дапамогай мікракропак. Мікракропка — гэта кансьпіратыўнае прыстасаваньне, якое трэба асаблівым спосабам павялічваць, прычым зь вялікімі цяжкасьцямі. Я не мог гэтыя мікракропкі выявіць. Так што, думаў я тады, калі мяне зловяць, я прапаў. Новы плян Джон Скарлет, разумны чалавек, склаў на адной старонцы і безь мікракропак. Ён быў маім пэрсанальным куратарам, я быў у яго на сувязі. Але ён зьехаў працаваць у Францыю, і да паездкі ў Маскву мяне ўжо даводзіў нехта Сьцюарт.

– Як вас дапытвалі па прыезьдзе ў Маскву?

– Спачатку мяне не дапытвалі. Некалькі дзён я праседзеў у кабінэце, а потым прыйшоў генэрал Грушко, цяпер нябожчык, злосны антысэміт, які стаў у той час намесьнікам начальніка Першага Галоўнага ўпраўленьня, былы начальнік аддзелу, у якім я працаваў. Грушко пачаў з майго радаводу: папрасіў расказаць пра бацькоў, сваякоў, вучобу. Я адразу зразумеў: ён высьвятляе, ці ня габрэй. Грушко лічыў, што кожны габрэй — гэта патэнцыйны шпіён. Потым заявіліся два моцныя маладзёны і прапанавалі выпіць. Як я ні аднекваўся, спасылаючыся на ўказ Гарбачова аб забароне піць на працы, мяне не паслухалі: «Ну што вы, гэта нас не датычыцца!» У выніку налілі мне каньяку, і я адчуў сябе іншым чалавекам.

Маёй задачай было пратрымацца ў гэтым стане. Мне зь цяжкасьцю ўдалося ня страціць рэштак здаровага мысьленьня. Гэта працягвалася гадзіны чатыры, і ў гэты час працягваўся допыт. Калі я ачомаўся, прыехала машына, якая даставіла мяне дадому. Канчаткова я апрытомнеў толькі раніцай. Мяркуючы па тым, што я ня быў арыштаваны, допыт мне ўдалося вытрымаць. На працягу двух або трох тыдняў я жыў дома і на працу не хадзіў. Я зразумеў, што трэба ратавацца: вывучыць на памяць плян уцёкаў і кругласутачна трымаць яго пры сабе. Плян быў у двух экзэмплярах, у вокладцы ангельскай кнігі — санэтаў Шэксьпіра. Я павінен быў размачыць пераплёт, і тады плян выпадаў. У вадзе ён «выяўляўся». Усю гэтую працэдуру я прарабіў, накрыўшыся коўдрай, — на выпадак, калі ў мяне ў столь або сьцены кватэры ўмантаваныя мікракамэры. На другі дзень, яшчэ раз паўтарыўшы тэкст пляну, я аднёс яго ў гараж. А ў мяне быў гараж, у якім я схаваў плян паміж цаглінаў. Ён там да гэтага часу ляжыць.

Я ўвесь час спрабаваў выбраць і назваць ангельцам зручную дату ўцёкаў, пры гэтым пазьбягаючы зносінаў з блізкімі — зь сям’ёй, зь Міхаілам Любімавым, які вельмі хацеў дапамагчы мне і запрашаў у Ленінград. Зь ім я працаваў у Лёндане і Даніі. Выбраўшы дату ўцёкаў, я павінен быў зьехаць з Масквы ў пятніцу, прыбыць у Ленінград раніцай у суботу і ў той самы дзень сустрэцца ў лесе па дарозе на Выбарг з англічанамі, якія павінны былі мяне вывезьці. Любімаву я сказаў, што буду ў Ленінградзе ў панядзелак раніцай у 11 гадзін, і ён паверыў. У такой справе нікому нельга давяраць.

– А як вам удалося зьвязацца з англічанамі? Трэба ж было даць ім ведаць пра ўцёкі.

– Усё гэта было загадзя прадугледжана. Да ўцёкаў я павінен быў зьявіцца на кантрольную сустрэчу на Кутузаўскім праспэкце. Там вельмі шырокі тратуар. 16 ліпеня я апрануліся, узяў цыгарэту і, трымаючы яе ў зубах, пачаў выглядваць ангельца. Праз 15 хвілін гляджу — ідзе. Дакладны ангелец, проста незвычайна: высокі, стройны, вочы ангельскія. Божа мой! Ён на мяне паглядзеў вельмі падазрона. У яго выклікала падазрэньне цыгарэта — у маім апісаньні, якое яму далі, было пазначана, што я не куру. Дарма я закурыў.

– Вы мінулі адзін аднаго, і нічога не адбылося?

– Так, але потым паўтарылі кантрольную сустрэчу, як гэта было прадугледжана плянам. Другая сустрэча павінна была адбыцца ў саборы Васіля Блажэннага на Краснай плошчы. Я зьбіраўся пратэставаць — не хацелася засьвечваліся ў цэнтры Масквы, але мне растлумачылі: зьяўленьне дыпляматаў за межамі цэнтру гораду выклікае падазрэньне, тым больш што іх звычайна суправаджае вельмі шчыльная «наружка». Сабор Васіля Блажэннага вельмі зручны для такіх сустрэчаў. Там зь першага на другі паверх ідзе вузкая кручаная лесьвіца, на якой зручна непрыкметна перадаць нататку. Мне сказалі: «Ідзіце на гэтую лесьвіцу і перадайце нататку». Я прыйшоў пасьля доўгага гуляньня па Маскве і напісаў нататку. А напісаў я яе ў музэі Леніна, дзе была адзіная ў цэнтры гораду прыстойная грамадзкая прыбіральня. Я напісаў: «Дзесьці ёсьць прарэха».

– Гэта значыць, вы хацелі даць ведаць, што вас выдалі і вы знаходзіцеся пад падазрэньнем?

– Так. І калі пасьля трох гадзін блуканьняў па Маскве (каб пераканацца, што за мной няма назіраньня) я прыйшоў да сабора Васіля Блажэннага, то ўбачыў, што ўваход у яго быў забарыкадаваны плотам, вісела аб’ява «Зачынена на рамонт». Гэта было самае вялікае расчараваньне ў маіх маскоўскіх прыгодах. Але ў мяне быў яшчэ адзін кантрольны выхад на гэтага хлопца — але толькі пасьля таго, як я канчаткова вырашу, калі я маю намер уцякаць. Я абраў суботу, 20 ліпеня. Гэтая дата была вельмі зручная: у нядзелю ў Маскве пачынаўся Сусьветны фэстываль моладзі і студэнтаў. Прыехаўшы ў Ленінград, узяў квіток да Зеленагорску зь Фінляндзкага вакзалу. Даехаўшы, узяў квіток на аўтобус, які ідзе ў Выбарг. Я дакладна ня ведаў, дзе сустрэча з англічанамі, у мяне было толькі апісаньне месца сустрэчы. Калі я застаўся ў аўтобусе адзін, я раптам закрычаў кіроўцу: «Стоп! Спыніцеся!» — «У чым справа?» — «Мне дрэнна, мяне ванітуе!» Ён адчыніў дзьверы, я выйшаў і пайшоў ня ў бок Выбарга, куды ішоў аўтобус, а ў іншы. Знайшоў месца сустрэчы: гэта быў адзіны круты паварот на ўсёй шашы. Ён быў абкружаны лесам, дзе я залёг, чакаючы дыпляматычную машыну ангельскага пасольства. Я праляжаў тры гадзіны, чакаючы моманту, калі, паводле пляну, павінна была прыбыць машына. У 2.20 прыйшлі дзьве машыны з двума кіроўцамі. Ім удалося на пару хвілінаў схавацца за паваротам ад гэбэшнай машыны, якая суправаджала іх ад Ленінграду. Я нырнуў у багажнік адной зь іх. Уся апэрацыя заняла ня больш за хвіліну, мы пасьпелі працягнуць шлях да зьяўленьня з-за павароту гэбэшнай машыны. Мой кіроўца здагадаўся ўключыць гучную музыку, якая адцягвала мяне ад сумных думак. Мы праехалі яшчэ два пасты ДАІ і памежны пост, пасьля чаго, як было дамоўлена, кіроўца зьмяніў рок на музыку Сібэліюса. Тады я зразумеў: мы на фінскай зямлі. Усё было выдатна, і жанчына, якая ўсё гэта арганізавала …

– Жанчына? Не мужчына?

– Плян уцёкаў і ўсе дэталі ўзгадніла жанчына, якая вяла маю машыну. Яе імя — Элаўдзі, цяпер ужо не памятаю прозьвішча. Яна даўно на пэнсіі. Яна адчыніла багажнік, у якім я знаходзіўся, калі мы апынуліся ў Фінляндыі. Абедзьве машыны былі аўтамабілямі брытанскага пасольства з дыпляматычнымі нумарамі. Меркавалася, што, згодна зь міжнародным пратаколам, іх ня будуць даглядаць. Хоць незадоўга да маіх уцёкаў на мяжы нечакана агледзелі аўто брытанскага вайсковага аташэ. Была, вядома, рызыка. Машыны гэтыя выехалі з Масквы пасьля прыёму ў брытанскім пасольстве, за імі адразу ж паехаў гэбэшны эскорт. Увогуле, уся паездка — чыстыя прыгоды і, вядома, посьпех. Справа ў тым, што, калі пасьля Ленінграду ангельскія машыны перасякалі ў адным месцы чыгуначны пераезд, гэбэшныя машыны трохі адсталі, і ў гэты час пераезд зачынілі і прайшоў вельмі павольна нейкі доўгі таварняк. Сачэньне кінулася наўздагон, а ангельскіх машынаў няма.

– Што ж здарылася? Куды зьніклі ангельскія машыны?

– Як мне распавялі, у гэты час ангельскія машыны стаялі паблізу за ўзгоркам, адкуль іх не было відаць. І я з жахам потым думаў: «А калі б гэта было зімой? Якая была б гэта катастрофа». Перасьледнікі, даехаўшы да паста ДАІ, запыталіся ў міліцыянтаў: «Дзе ангельскія машыны?» — «Якія машыны? Ніхто не праяжджаў». І тут зьявіліся нашы машыны. Англічане здранцьвелі: «Усё, нам канец, — казалі яны, — зараз нас арыштуюць». Але КДБ таксама стаміўся. Была палова пятай, субота, канец працоўнага дня. Яны з раніцы, гадзінаў зь сямі, дзяжурылі і прапусьцілі нас да канчатковага пагранічнага пункту без дагляду. Гучная музыка суправаджала мяне да самай мяжы. Гэта быў цяжкі рок. Я ненавіджу гэтую музыку. Вось у мяне на паліцах, можаце паглядзець, пяцьдзясят дыскаў аднаго Баха. Можаце ўявіць, зь якой палёгкай я ўздыхнуў, калі загучаў Сібэліюс.

– Алег Антонавіч, але ж на гэтым вашы ўцёкі на Захад ня скончыліся.

– Ня скончыліся. Далей прамы шлях быў у бок Швэцыі. На мяжы ў Фінляндыі нас сустрэў малады супрацоўнік брытанскага пасольства Майкл Шыпстэр, мой калега. Ён адразу ж па вяртаньні ў Хэльсынкі зьвязаўся па тэлефоне з кіраўніком МІ6 і сказаў: «Багаж падабраны. Усё ў парадку». Аднак ён ня раіў ехаць у Швэцыю. Швэцыя — нэўтральная краіна, дзе маглі адбыцца непрадбачаныя складанасьці. Вырашылі перасекчы мяжу з Нарвэгіяй, і ўжо адтуль дабірацца да Лёндану.

– Але вы ўжо, як я разумею, перабраліся з багажніка ў салён. Дарэчы, вам далі ў Фінляндыі нейкія дакумэнты?

– Я ўжо быў у салёне, і ў мяне быў дацкі пашпарт. Я някепска размаўляю па-дацку.

– А свае расейскія дакумэнты, савецкі пашпарт вы пакінулі ў Маскве?

– Усё пакінуў у Маскве, узяў з сабой толькі пасьведчаньне КДБ, якое магло ў дарозе спатрэбіцца.

– Памятаю, што калі ў 2007 годзе англічане ўзнагароджвалі вас ордэнам Сьвятога Міхаіла і Сьвятога Георгія, газэты пісалі, што перамогай у халоднай вайне Захад шмат у чым абавязаны той сакрэтнай інфармацыі, якую вы перадавалі МІ6. У прыватнасьці, гаворка ішла аб сакрэтным мэмарандуме ЦК КПСС і КДБ датычна амэрыканскага пляну «зорных войнаў». Раскажыце пра гэта.

Гардзіеўскі: Усяго я перадаў ангельцам прыкладна тысячу паведамленьняў і дакумэнтаў. Іх намаганьні вывезьці мяне з Савецкага Саюзу былі прадыктаваныя тым, што гэтым яны ратавалі велізарную колькасьць інфармацыі, якую перасылалі амэрыканцам. Калі б мяне ня вывезьлі і я быў бы арыштаваны, дапытаны і расстраляны, яны б не змаглі яе перадаць. Яна, на іх думку, магла б быць засьвечаная падчас спэцдопытаў, і амэрыканцы палічылі б яе «стухлай». Таму ангельцы радаваліся, калі апэрацыя з маім уцёкамі ўдалася. Што тычыцца сакрэтнага мэмарандума ЦК, то ў вялікай залі Першага Галоўнага ўпраўленьня было велізарнае пано, падзеленае на квадраты, якія рэгулярна запаўняліся інфармацыяй аб узроўні пагрозы ядзернага нападу. Страх перад «зорнымі войнамі» ў кіраўніцтва партыі быў вельмі вялікі.

– Вядома, што, калі нават самага надзейнага агента вывозяць у краіну, на якую ён працаваў, адбываецца дэбрыфінг (псыхалягічная праца з чалавекам, якія перажыў экстрэмальную сытуацыю ці псыхалягічную траўму). Як доўга доўжыўся ваш дэбрыфінг тут, у Англіі?

– Два з паловай гады. Мой дэбрыфінг у цэлым быў настолькі інтэнсіўным і настолькі плённым, што я быў вельмі задаволены тым, што яму надалі столькі часу і ўвагі. Таму што я ведаў у некалькі разоў больш, чым мог паведамляць, працуючы ў падпольлі. Гэтыя два з паловай гады былі проста выдатнымі!

– Вы неаднаразова сустракаліся з адной мілай і не абдзеленай уладай дамай — я маю на ўвазе, вядома, Маргарэт Тэтчэр. Раскажыце, калі ласка, пра свае ўражаньні ад гэтых сустрэчаў.

– Празь некалькі месяцаў пасьля маіх уцёкаў Тэтчэр прызначыла мне сустрэчу ў сельскай мясцовасьці, у летняй рэзыдэнцыі брытанскіх прэм’ер-міністраў Чэкерс. Тэтчэр была непрычасанай, без макіяжу і проста адпачывала ад клопатаў. Гэтая першая сустрэча была вельмі дзіўнай. Са мной быў Крыс Кэрван — кіраўнік МІ6. Яна заплянавала 4 гадзіны на гэтую сустрэчу. Я павінен быў гаварыць увесь гэты час. Але гаварыў я толькі адну гадзіну. Тры гадзіны гаварыла яна. Я некалькі разоў перапыняў Тэтчэр, але яна казала сваё: пра Савецкі Саюз, пра атамную пагрозу, пра «зорныя войны». Гэта было ў траўні 1986 году. Другая сустрэча адбылася перад яе паездкай у Маскву, калі яны з Гарбачовым вырашылі пайсьці на міравую. Яна мяне выклікала і вельмі строга, таму што сьпяшалася, папрасіла: «Складзіце мне дзесяць тэзісаў, зь якімі я павінна выступіць на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве». Я склаў ёй дзесяць тэзісаў, прычым тры апошнія выдумляў зь вялікай напругай. Яна паглядзела і кажа: «Добра, ідзіце дадому, складзіце яшчэ пяць тэзісаў і прыяжджайце». Яна мела зносіны са мной вельмі папросту, як са сваім. Пачаставала мяне цыгарай. «А можна курыць?» — «Дэніс дыміць, як комін, і мне даводзіцца цярпець». Потым яна зусім нечакана, ужо знаходзячыся ў адстаўцы, прыйшла на ланч, які я зладзіў пасьля ўзнагароджаньня ў 2007 годзе, і мы дыскутавалі — абмяркоўвалі расейскія праблемы.

– Масква, мякка кажучы, была вамі незадаволеная, вы былі абвешчаны ў вышук, вам вынесьлі расстрэльны прысуд у вашу адсутнасьць. Вы адчувалі нейкую небясьпеку тут, у Англіі?

– Ніякіх захадаў бясьпекі я не прымаў, хоць у МІ6 думалі, што небясьпека існуе, і спачатку мяне маскіравалі. Ніякай аховы ў мяне не было. Ахова была толькі, калі я прыехаў у Амэрыку. На другі дзень я папрасіў яе прыбраць. Я езьдзіў у Амэрыку 11 разоў, сустракаўся з калегамі ў ЦРУ, удзельнічаў у сэмінарах, кансультаваў, выступаў там зь лекцыямі і з публічнымі лекцыямі ва ўнівэрсытэтах. Мяне прымаў прэзыдэнт Рэйган.

– Прайшло 30 гадоў з моманту, калі вы ўцяклі на Захад, і значна больш з таго часу, калі вы пачалі супрацоўнічаць з ангельскай разьведкай. Як бы вы ацанілі сваю працу супраць камуністычнага рэжыму Савецкага Саюзу? Вы не шкадуеце, што калісьці вырашыліся на гэта?

– Ніколькі не шкадую аб тым, што адважыўся працаваць на ангельцаў супраць савецкага камунізму і ўсяго ўсходнеэўрапейскага камунізму. Я адчуваю расчараваньне толькі ў адным: занадта нядоўгай была гэтая праца.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031