Знайсці
27.12.2012 / 09:3951РусŁacБел

Наста Палажанка і Зміцер Дашкевіч нарэшце ажаніліся. У Гродзенскай турме

Наста ўзяла прозвішча мужа, а пасля шлюбу маладым дазволілі пабыць разам толькі 5 хвілін.

Аднак шлюб даў права на спатканне — першае за два гады. Ва ўмовах гарадзенскай турмы строгага рэжыму гэта — 2 гадзіны праз шкло, і тое не адразу.
Але Наста Палажанка, якая ад сённяшняга дня стала Настай Дашкевіч, лічыць гэтыя падзеі Божым цудам на Каляды і іх са Змітром вялікай перамогай.

«Мы спрабавалі некалькі разоў дагэтуль падаць заяву і распісацца. Але ў нас не атрымоўвалася — ці Змітра пераводзілі, ці нам адмянялі, ці яшчэ нейкія прычыны знаходзілі», — кажа Наста Дашкевіч.

Больш чым год ім замінала фармальнасць — Змітру так і не вярнулі пасля суда пашпарт.
Хоць Наста нават знайшла дакумент — убачыла ў кабінеце ў следчага КДБ. Але і гэта не дапамагала.

«Калі мне паказвалі асабістыя рэчы Дашкевіча — сярод іх былі ягоны заплечнік і ягоны пашпарт. Але ніхто яго дасылаць Дашкевічу ў калонію не збіраўся — бо яны цудоўна разумелі, што гэта дасць магчымасць нам распісацца. Мы з адвакатам больш за паўгода пісалі скаргі ў розныя структуры з просьбаю вярнуць пашпарт. Нарэшце Генпракуратура напісала нам, што „дакладнае месцазнаходжанне пашпарта ўказаць альбо пацьвердзіць не ўдалося“. З гэтай паперай мы звярнуліся ў калонію з просьбай аднавіць зняволенаму пашпарт».

Калі пашпарт быў адноўлены, былі доўгія затрымкі, зрывы і пераносы, пакуль нарэшце Наста не пачула ў ЗАГСе дату: 19 снежня.

«Тое, што зараз здарылася, я лічу Божым цудам. Бо першапачаткова шлюб мусіў быць 19 снежня. Я падала дакументы 12.12.12 — і мне сказалі, што дата 19 снежня. Я спачатку напружылася, бо гэта было праз тыдзень, я была прастуджаная, і галоўнае — 19 снежня гэта адна з самых трагічных дат у нашым жыцці. Але сітуацыя вырашылася за мяне — патэлефанавалі з гарадзенскага ЗАГСа і паведамілі, што 19 нічога не адбудзецца, бо ў іх Дзень ЗАГСа. І наш роспіс пераносіцца на 26 снежня».

Наста не верыла да апошняга, круціла ў галаве два варыянты — альбо новы зрыў і перанос, альбо ўсё-ткі Божы цуд на Каляды.

«Я прыехала ў гарадзенскі ЗАГС, аддала свой пашпарт — і пераканалася, што ўсё ў парадку. У гэтым пашпарце мне адразу ж першай паставілі штамп пра тое, што Дашкевіч з’яўляецца маім мужам. Я яшчэ пажартавала, што цяпер у Дашкевіча не будзе варыянтаў!.. Пасля гэтага мы з супрацоўніцай ЗАГСа пайшлі ў гарадзенскую турму».

Наста нават пасля гэтага была гатовая да падвоху — надта ўжо марудна і доўга супрацоўнікі турмы спраўджвалі, ці ўсе дакументы ў парадку…

«Мяне завялі ў пакой першай, каб я чакала Змітра. Ён зайшоў, зняў на аўтамаце шапку і сказаў: „Нічога сабе!“
Ён, відаць, таксама думаў, што зноў пабачыць адваката, які паведаміць, што нічога не атрымалася… Потым мы падыйшлі да стала, была стандартная прамова супрацоўніцы ЗАГСа. Потым спыталіся, якое я бяру прозвішча. Узнікла невялікая паўза — хоць мы са Змітром неаднаразова абмяркоўвалі ў лістах гэты момант. Безумоўна, я сказала, што бяру прозвішча Дашкевіч! Ён вельмі ўзрадваўся! Як я потым пажартавала, раней у рэжыма быў адзін Дашкевіч — адна праблема. А зараз стала дзве! Потым да стала падыйшлі сведкі — супрацоўнікі калоніі. І Зміцер нават жартам сказаў ім: праз год будзем святкаваць, мы ж цяпер як адна сям’я — і ўсе рассмяяліся!».

Наста апавядае, што ўсё адбылося вельмі хутка. 5 хвілін — сама рэгістрацыя шлюбу. Яшчэ 5 ім далі пабыць разам. Потым супрацоўнікі турмы выбачыліся і вывелі Дашкевіча з пакоя. У калоніі, дзе быў Дашкевіч раней, пасля шлюбу ім бы належала трохдзённае спатканне. Тут — 2 гадзіны праз шкло. І тое, па нейкіх прычынах у дзень вяселля яго не далі, сказаўшы «пісаць заяву — і будзе ў бліжэйшы час»…

За гэтыя 10 хвілін Наста старалася наглядзецца на свайго каханага, якога бачыла 2 разы за 2 гады — на судзе і на пахаванні Змітровай матулі.

«Я была шакаваная, пабачыўшы Змітра. Прыемна шакаваная. Для мяне гэта абсалютна той жа чалавек, з якім мы развітваліся. Калі мы сядзелі і размаўлялі, было ўражанне, што я бачыла яго ўчора. Не верылася, што гэта чалавек, які прайшоў такія цяжкія і жахлівыя выпрабаванні. Я пазнавала яго мяккі любячы позірк, пазнавала яго… Хоць ён вельмі схуднелы, вельмі бледны. Я здзівілася, што ён паголены налыса — бо ён пісаў, што хоча хоць троху адгадаваць валасы да гэтай падзеі. Але яму пагражалі, што надзенуць на яго кайданкі і прымусяць галіцца».

Нарэшце статус «нявеста Дашкевіча», з якім Наста жыла амаль два гады, змяніўся на «жонка». Што яшчэ выйгралі маладыя ад вяселля за кратамі?

«Гэта быў адзіны шанец убачыць яго. І гэта самы лепшы падарунак, які мы маглі зрабіць адно аднаму на Раство і Новы год.

Гэта вельмі важна для мяне, што з сённяшняга дня і назаўжды мы — муж і жонка. Я мела магчымасць хоць бы проста дакрануцца да яго. Таксама я маю права цяпер на некалькі, няхай і кароткіх, але сустрэчаў, якіх мы былі пазбаўленыя ўвесь гэты час».

Зразумела, Наста не надзявала белую сукенку — найперш, гэта недарэчна ў турме, дзе жаніха прыводзяць у робе. Да таго ж, сапраўднае вяселле — наперадзе.

«Гэта важны крок, але галоўнае вяселле наперадзе. Мы са Змітром чакаем вянчання, каб мы сталі сапраўднымі мужам і жонкаю перад Нябёсамі».

Вяселле адбылося ў пэўнай таямніцы — Наста да апошняга не казала нікому, каб не сурочыць. Нават бацька дазнаўся ўжо па факце.

Наста Дашкевіч: «Бацька фактычна здагадаўся, у чым справа. Я патэлефанавала і сказала, што еду з Гародні, але без адваката. Ён адразу і запытаўся: «Як справы ў Дзімы?.." Я адказала, што Дзіма ззяе. А дома я паказала пасведчанне — і бацька павіншаваў мяне. Дарэчы, Дзіма ў лісце прасіў згоды майго бацькі на гэты шлюб — і атрымаў яе».

***

Змітра Дашкевіча схапілі 18 снежня 2010 года і абвінавацілі ў збіцці невядомых, асудзіўшы на 2 гады зняволення. Наста Палажанка была схопленая на наступны дзень, 19 снежня 2010 года пасля Плошчы, правяла 2 месяцы ва ўнутранай турме КДБ, была асуджаная на 1 год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 1 год.

Еўрарадыё

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031