Знайсці
14.08.2017 / 22:1332РусŁacБел

З дырэктарам дома-музея Міцкевіча ў Завоссі не працягнулі кантракт праз спрэчку з губернатарам?

Завоссе. Фота bellitmuseum.by.

Наўрад ці быў бы розгалас пра сітуацыю ў Завоссі, калі б дырэктар музея Анатоль Еўмянькоў не быў вядомы ў культурніцкіх колах як геніяльны расказчык і ўнікальны знаўца сваёй справы. Выглядае, што гаворка пра яго звальненне зайшла пасля нарады ў старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля Ліса, на якой дырэктар музея паводзіў сябе «занадта смела».

«Хто з вас хоць раз быў у Завоссі, у доме-музеі Адама Міцкевіча, той назаўжды запомніў дырэктара Анатоля Еўмянькова. На маю думку, гэта найлепшы дырэктар музея ў Беларусі. Яго экскурсіі — геніяльныя і непаўторныя, бо ён не толькі ведае сваю тэму, ён ёй жыве, яна яму баліць, ён яе бясконца любіць. Складваецца ўражанне, што ён — пазашлюбны праўнук самога Адама Міцкевіча», — напісаў у фэйсбуку Глеб Лабадзенка і абурыўся тым, як абышліся з дырэктарам музея, якім той займаўся як уласным дзіцем.

Допісам ўжо падзяліліся сто чалавек — інтэрнаўты называюць Еўмянькова фантастычным, неймаверным, цудоўным чалавекам і genius loci Завосся.

Анатоль Еўмянькоў выступае ў якасці госця на курсах «Мова Нанова». Фота movananova.by.

Анатоль Еўмянькоў вось ужо 11 гадоў трымае ў руках спадчыну Адама Міцкевіча. Калі ён толькі ўзяўся за музей, у месяц сюды завітвалі пару дзясяткаў чалавек. Цяпер — 150 чалавек, а часам у разы больш.

«Гэта маё жыццё, другога ў мяне няма, — кажа спадар Анатоль. — Учора прыехаў а 22-й гадзіне, патэлефанавалі палякі… Вы ж разумееце, я кожны дзень у музеі адстойваю гонар сваёй краіны.

Каб людзі, якія прыехалі з Вроцлава, Кракава, Познані ці яшчэ адкуль, паехалі ад нас задаволеныя, каб у іх засталіся добрыя ўспаміны. Я музей даглядаю, раблю ўсё, каб сюды прыязджалі адпачываць. І яно так і ёсць. Людзі, якія былі ў музеі не адзін раз, прыязджаюць у выхадныя проста пахадзіць па сцежках, пабыць на возеры, палюбавацца кветкамі. Адны адцвітаюць, іншыя зацвітаюць — увесь час прыгажосць. Падрастаюць дубочкі, якія мы садзілі маленькімі, сёння яны ўжо па шэсць метраў. А наконт таго, што звальняюць, дык мне сябе не шкада, я сваё слова ўпісаў у гісторыю гэтага музея. Пенсію атрымліваю, буду жыць».

Спадар Анатоль мог пайсці на пенсію яшчэ чатыры гады таму, але справу не кінуў — куды там. Штогод 1 верасня яму працягвалі кантракт. Але сёлета не працягнулі, хоць сілы і імпэт працаваць у спадара Анатоля ёсць, а вось годную замену яму знайсці — трэба будзе пашукаць.

Звальненню папярэднічаў канфлікт на нарадзе ў старшыні аблвыканкама.

«Так, сапраўды, паспрачаўся з губернатарам, — кажа спадар Анатоль, калі мы пытаемся, ці праўда, што быў канфлікт. — У сакавіку праходзіла нарада па выніках працы культуры ў вобласці, мяне запрасілі на яе. Калі зайшла гутарка пра раён, пра музей Міцкевіча, узяліся за мяне: «Што ў цябе там? Чаму беспарадак? Згарэў адзін будынак».

Я кажу: «Прабачце, але ў мяне нічога не гарэла». Мне: «Як не гарэла?!» Кажу: «Ну так, не гарэла». І пайшло: «Чаму ў цябе ўсё травой зарасло?» Адказваю: «Не ведаю, адкуль вы заходзілі ў музей, але ў мяне ўсё ў кветках, людзі задаволеныя». Тады: «Як план выконваеш?» Кажу: «Перавыконваю заўсёды». «Колькі зарабіў? Колькі ў цябе супрацоўнікаў? Табе не хапіла грошай нават на ўтрыманне сваіх работнікаў». Кажу: «Ну дык не я стаўлю цэны на квіткі. Ды і музей — не тое, на чым дзяржава зарабляе. Музей — месца захавання культуры, гісторыі народу. Сюды прыязджаюць дзеці — будзем з іх тры скуры драць? За тое, што яны пабачаць, пачуюць ды будуць ведаць?» Пра дахі будынкаў зайшло, маўляў, рамонт не робіцца, але ж мне не выдзяляюць на гэта грошы. Тады губернатар абурыўся: «Ты мяне вучыць будзеш?» І сказаў звольніць».

Спадар Анатоль распавядае, што ўжо праз дзень да яго ў музей прыехалі міністр культуры Святлоў, абласныя, раённыя начальнікі — глядзець, што робіцца ў Завоссі. Тое, што рамонт сапраўды трэба рабіць — усім відавочна, аднак грошай на гэта няма, таму ўсё стаіць як ёсць.

Але людзі ўсё адно едуць. Хоць раней тым жа палякам прыехаць было нашмат прасцей, дастаткова было купіць ваўчар за пару злотых, распавядае дырэктар. Цяпер жа прыехаць у Беларусь нашмат больш складана і дорага, але нягледзячы на гэта, музей не пустуе.

«У нас ляжаць дзве вялікія кнігі, спісаныя ўдзячнасцямі на ўсіх мовах. І па-польску, і па-беларуску, і па-руску, і па-кітайску, і па-японску, і па-турэцку. І вось уявіце, як расказваць, калі чалавек прыехаў да цябе без перакладчыка? Для гэтага ёсць мова Бога, знаходзіш узаемаразуменне, — распавядае спадар Анатоль.

— Нельга працаваць з імем чалавека, які прысвяціў усё жыццё змаганню за вольнасць айчыны, які бясконца яе любіў, і быць абыякавым, проста хадзіць на працу. Трэба жыць гэтым, людзі гэта адчуваюць. Калі сам не гарыш, іншых не запаліш. Таму такая папулярнасць у музея, таму так едуць і любяць гэты музей. Палякі кажуць: «Ну чаму ў нас няма такога дырэктара, як вы? Едзьце да нас у Польшчу, мы там вам дадзім музей, будзеце працаваць». А я кажу: «Дзякуй, мне і дома добра».

Пакуль што атрымаць каментар ад Міністэрства культуры не ўдалося. Мы паспрабуем атрымаць яго пазней.

Чытайце таксама:

«Дырэктара дома-музея Міцкевіча можна было даўно звольніць па артыкуле» — іншае тлумачэнне канфлікту ў Завоссі

Настасся Роўда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031