Знайсці
17.08.2017 / 12:52РусŁacБел

Суд у Чарнігаве пакінуў беларускага «шпіёна» пад арыштам да 7 кастрычніка

Грамадзянін Беларусі, затрыманы сёлета ў чэрвені ў Чарнігаве з падазрэньня ў шпіянажы на карысьць Расеі, застанецца пад арыштам да 7 кастрычніка ў сьледчым ізалятары Службы бясьпекі Ўкраіны.

Адпаведнае рашэньне ўхваліў Дзясьнянскі раённы суд Чарнігава. Адначасова намесьнік пракурора Чарнігаўскай вобласьці падоўжыў тэрмін дасудовага расьсьледаваньня справы «шпіёна-беларуса» да 16 кастрычніка.

Падчас разгляду адпаведнага хадайніцтва пра падаўжэньне тэрміну арышту, падазраваны беларус заявіў, што дасудовае расьсьледаваньне наўмысна зацягваецца, сьледчыя дзеяньні не праводзяцца, а ўсе падазрэньні грунтуюцца толькі на здагадках сьледчага. Ён таксама прасіў суд вызваліць яго з-пад варты, паколькі ня мае намеру хавацца ад сьледчых органаў.

У сваю чаргу сьледчы паведаміў, што для завяршэньня дасудовага расьсьледаваньня трэба правесьці вялікую колькасьць сьледчых дзеяньняў — дапытаць сьведак, якія валодаюць зьвесткамі аб ажыцьцяўленьні падазраваным выведнай дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны; правесьці адначасовыя допыты паміж падазраваным і сьведкамі, атрымаць вынікі прызначаных судовых экспэртызаў, у тым ліку аб наяўнасьці зьвестак, якія маюць статус дзяржаўнай тайны, а таксама амбуляторнай судова-псыхіятрычнай экспэртызы падазраванага.

У часе судовага паседжаньня сьледчы паведаміў, што Ўкраіна зьвярнулася да «кампэтэнтных органаў Беларусі» пра аказаньне міжнароднай прававой дапамогі. Паводле яго, менавіта складанасьць справы ёсьць галоўнай прычынай працяглага дасудовага расьсьледаваньня.

Суд таксама прызнаў, што матэрыялы крымінальнай справы пацьвярджаюць абгрунтаванасьць падазрэньня грамадзяніна Беларусі ва ўчыненьні асабліва цяжкага злачынства, якое прадугледжвае безальтэрнатыўнае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў.

Супрацоўнікі ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Чарнігаўскай вобласьці 16 чэрвеня затрымалі грамадзяніна Беларусі з падазрэньня ў зборы інфармацыі, якая складае дзяржаўную таямніцу, і яе перадачы Расеі. 19 чэрвеня яго перавялі ў ізалятар СБУ ў Кіеве.

Прозьвішча беларуса сьледзтва не ўдакладняе. Вядома толькі, што ён нежанаты, нідзе не працуе, мае на ўтрыманьні бацьку-пэнсіянэра і раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031