Знайсці
04.08.2017 / 14:424РусŁacБел

Кіраўнік ДФР: У справе Фядыніча і Комліка няма палітычнай падаплёкі

Пра гэта начальнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантроля Ігар Маршалаў заявіў у інтэрв'ю газеце «Советская Белоруссія».

Пры канцы гутаркі з нагоды 25-годдзя ДФР ён пракаментаваў гучную справу апошніх дзён: затрыманні і вобшукі офісаў і актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП.

У досыць вольнай манеры чыноўнік адказаў, што тыя, хто шукае ў дзеяннях яго ведамства палітычныя матывацыі «перагрэліся ад гарачыні»: «У цяперашні час работнікамі фінансавай міліцыі праводзяцца неадкладныя следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні, накіраваныя на дакументаванне супрацьпраўнай дзейнасці службовых асоб прафсаюза, а таксама выяўленне іншых парушэнняў заканадаўства. Па наяўнай у нас інфармацыі, прафсаюз працягвае дзейнічаць, яго праца не паралізоўвалі.

Усе, хто ў ладах са здаровым сэнсам, павінны разумець, што ніякай «палітычнай падаплёкі» у гэтай справе няма».

Лідара прафсаюза Генадзя Фядыніча затрымалі раніцай 2 жніўня дома. На допыт таксама былі забраныя Мікалай Герасіменка, прэс-сакратар РЭП, Наталля Пічужкіна, Ігар Комлік. Ператрусы прайшлі і ў кватэрах Фядыніча, Комліка і Пічужкінай.

Адначасова прайшоў ператрус і ў Салігорску ў офісе Беларускага Незалежнага прафсаюза і ў кватэрах старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза Мікалая Зіміна і сакратара-скарбніка БНП Сняжаны Грынцэвіч.

Пасля допытаў усіх, апроч Ігара Комліка, выпусцілі. Комліка перавялі ў СІЗА на Акрэсціна ў Мінску, беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем.

Камітэт дзяржкантролю апублікаваў прэс-рэліз, у якім паведаміў, што распачатая крымінальная справа супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Іх вінавацяць у нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Фядынічу і Комліку пагражае да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі назваў справу Фядыніча пагромам незалежных прафсаюзаў па палітычных прычынах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера