Знайсці
25.05.2017 / 11:1237РусŁacБел

Менеджар «Наві» на Еўрабачанні: «Трэба на некалькі гадоў абмежаваць выступы расійскіх артыстаў у Беларусі»

Сяргей Андрыянаў — былы журналіст, а цяпер піяр-менеджар. У свой час ён дапамагаў з піяр-кампаніяй на «Еўрабачанні» Алене Ланской і Тэа, а сёлета — Naviband. У размове з «Нашай Нівай» Сяргей распавёў пра кошт паездкі на «Еўрабачанне» і другасны прадукт беларускага шоу-бізнэсу, а таксама даў парады, як падняць яго на міжнародны ўзровень.

Сяргей Андрыянаў (у цэнтры) і «Наві»

НН: Чаму не ўдалося перамагчы на «Еўрабачанні»?

Сяргей Андрыянаў: Сёлета была вельмі крутая каманда. Кагосьці вінаваціць — песня не тая, вакальна не так, нумар кепскі ці піяр-кампанія памылковая, — няправільна. Проста праз конкурс стала зразумела, што кожны мог палепшыць сваю працу працэнтаў на дваццаць. Па маім досведзе, на «Еўрабачанні» ёсць заўсёды топ-5 найлепшых песняў, а ўсе астатнія месцы — гэта палітыка. Але важную рэч, якую я хачу падкрэсліць, — калі ў 2013 годзе нам казалі «Прівет» і «Спасібо», то сёлета казалі «Вітаю» і «Дзякуй». Акрамя ўдзелу ў конкурсе і атрымання выніку, які быў у Ланской і Тэа (16-е месца ў фінале), перад сабой мы ставілі задачу паказаць Еўропе Беларусь і яе вялікую гісторыю. Для чаго? Каб паказаць, што Беларусь — паўнавартасная еўрапейская дзяржава.

Яшчэ адна праблема з лідарствам на «Еўрабачанні» — мы не так часта трапляем у фінал конкурсу. Калі б пасля двухгадовага выхаду ў фінал Ланской і Тэа поспеху дасягнулі б і Uzari&Maimuna (2015 год), нашыя вынікі надалей былі б вышэйшыя. А так мы выходзім раз на тры гады па статыстыцы. Таму на нас не так моцна звяртаюць увагу, як магло быць.

НН: Колькі каштуе паехаць на «Еўрабачанне»?

СА: Апошнія чатыры гады артысты фінансавалі сябе самі. Сёлета Белтэлерадыёкампанія прафінансавала цалкам увесь праект. Яны аплачваюць унёсак для ўдзелу і трансляцыі «Еўрабачання», а таксама двухтыднёвае пражыванне, пералёт і суткавыя. Плюс ганарары ўдзельнікам каманды: рэжысёры, педагогі па вакале, харэаграфіі, стылісты, візажысты, піяр-менеджар, бэк-вакалісты, мастакі сцэнаграфіі… Тэа, напрыклад, сам шукаў спонсараў і знайшоў $30 тысяч, кампанія Алены Ланской каштавала 265 тысяч еўра. Сёлета сума была ў разы меншай, чым у Ланской.

Сяргей разам з Аленай Ланской і Тэа.

НН: Каго адправіць на наступнае «Еўрабачанне»?

СА: Любы артыст, які хоча выступіць на «Еўрабачанні», павінен перад гэтым добра падумаць, ці ён гатовы да гэтага. Уся справа ў маштабе асобы — калі ён ёсць, то ніякая піяр-кампанія артысту не трэба. Калі вы заўважыце, ні Ларын, ні Саша Рыбак, ні Джамала, ні сёлетні пераможца — ніхто не карыстаўся дакучлівай піяр-кампаніяй. У нашым выпадку часцяком выканаўцы не мысляць маштабна, таму што жывуць у лакальнай гісторыі і паміж сабой мераюцца мясцовымі хіт-парадамі. І адсюль іх разгубленасць і няўпэўненасць на міжнародных конкурсах.

Сярод тых, каго я бачу ў наступным годзе на «Еўрабачанні», — гурт «Палац», хай спяваюць па-беларуску, можа, дадаўшы англамоўны куплет. 

Пасля я б даў другі шанец дуэту Аляксандры і Канстанціна, якія ўпершыню прадстаўлялі Беларусь на «Еўрабачанні» з песняй «My Galileo». Тады ім не пашчасціла, магчыма, таму што яны былі першаадкрывальнікамі. Але на самім конкурсе іх узгадваюць дагэтуль. 

Трэцім, каму я б даў шанец выступіць на «Еўрабачанні-2018», — спявак Uzari. Мне падабаецца, у якую гісторыю ён сёння сыходзіць, гэта таксама быў бы яго другі шанец. Ён сыходзіць ад спевака «Песні года» да Uzari-музыкі.

У мяне толькі адзіная парада для ўсіх выканаўцаў, якія збіраюцца ўдзельнічаць у нацыянальным адборы. Рыхтуйцеся да яго загадзя і пачынайце піяр-кампанію яшчэ да адбору! У нас жа атрымліваецца, выканаўцы прагнуць удзельнічаць у міжнародным конкурсе, не маючы легенды аб сабе нават унутры краіны. Напрыклад, Канчыта Вурст распачала сваю кампанію за два гады да конкурсу!

Тэа, Канчыта Вурст і Сяргей.

НН: З «Еўрабачаннем» зразумела. Што адбываецца зараз у музычным кірунку ў самой Беларусі?

СА: Многія выканаўцы становяцца спевакамі адной песні. Хочацца пачуць ад іх новыя хіты, а ад некаторых проста новыя песні. Тут зноў можна пачаць казаць пра маштаб асобы.

НН: На сёння можна назваць максімум тройцу вядомых за межамі Беларусі выканаўцаў. Чаму астатнія не карыстаюцца попытам?

СА: Нашыя артысты — замкнутае кола. Яны робяць на рускай мове другасны прадукт. І з гэтым прадуктам хочуць выйсці на расійскі рынак. Гэта не атрымаецца, бо мы саступаем па аранжыроўках, у вакале і шмат чым іншым.

Другая праблема — гэта тое, які прадукт робяць самі артысты. Я маю на ўвазе, што сёння прайшоў час песняў пра настальгію па савецкасці. Сёння — час музыкі і імправізацыі. Тыя законы напісання музыкі, якія былі 5—10 год таму, ужо не працуюць. А нашыя артысты пераважна працуюць перайманнем расійскага рынку.

НН: Чаму ўмоўны Саша Нэма не можа напісаць такую песню, якая б стала папулярнай у Еўропе?

СА: У Сашы Нэма іншая сітуацыя. У яго сям’я, і ён павінен зарабляць грошы. І сёння ён не можа спыніцца на 2—3 месяцы, змяніць сваё мысленнне, змяніць падыход, бо ў яго ўжо ўсё стаіць на канвееры. А ў краіне няма сістэмы прадакшну.

Нашыя спевакі не глядзяць на еўрапейскі рынак, бо ў рэгіёнах гэта не прадаецца. Атрымліваецца тое замкнутае кола, пра якое я казаў. І толькі ў адзінак атрымоўваецца сумяшчасць сучаснасць і запатрабаванасць унутры краіны. Добры прыклад — J:морс.

НН: Выйсце з гэтай сітуацыі?

СА: Трэба паступова ўкараняць новую культуру. Умоўна на канцэрце выканаўцы будзе 20 песень традыцыйнага фармату і дзве — нечага новага. Дзесяць гадоў функцыянуе закон пра 75% беларускай музыкі на радыё. Па маіх адчуваннях, трэба скараціць лічбу да 20%. Бо пасля гэтага закона знікла канкурэнцыя. Навошта артыстам рабіць нешта лепшае, калі яны ўсё роўна патрапяць у эфір? Са скарачэннем эфіру з’явіцца канкурэнцыя, я ўпэўнены. Кажуць, час інтэрнэту. Але апошняя трансляцыя «Еўрабачання» паказала, што ў нас яшчэ не прыйшоў той час. Першы паўфінал беларусы глядзяць з гадзіннай затрымкай па тэлевізары, а не на афіцыйным сайце ў жывым эфіры.

Нашы выканаўцы павінны паляпшаць свой музычны прадукт. Як варыянт, спевакі могуць рабіць так, каб у альбомах было каля 30% беларускамоўных песняў. Трэба ствараць гісторыю нашым выканаўцам, каб яны мелі сваю індывідуальнасць. Тады і змогуць выйсці на іншыя рынкі.

Для таго, каб падмацаваць гэта знешнімі фактарамі, можна на некалькі год абмежаваць выступы расійскіх артыстаў у Беларусі. Літаральна на тры гады. Гэта можа даць разуменне, што трэба нашым людзям і хто мы ёсць у эстраднай культуры. І такое ёсць у кожнай краіне. Прадстаўнік эстраднай культуры ў Расіі — гурт «Ленінград», ва Украіне — «Акіян Эльзы». А хто ў нас? Магчыма, Міхалок, але ён не прызнаны яшчэ і дзяржавай, і грамадствам цалкам.

НН: Тры найлепшыя беларускіх выканаўцы ці гурты.

СА: Трэцяе месца — Shuma, другое — Naviband, першае — гэты артыст яшчэ будзе наперадзе.

НН: Тры найлепшыя сусветныя выканаўцы ці гурты, пасля праслухоўвання якіх пачнеш разбірацца ў музыцы.

СА: Трэцяе — гурт Woodkid, другое — Прадакшн-кампанія Two Steps From Hell (напрыклад, яны рабiлi саўндтрэк да фільма «Ганна Карэніна»), першае — Sting.

Мікіта Недаверкаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031