Кіраваць НАКам будзе хакеіст, які «інтуітыўна адчувае адзін аднаго» з Лукашэнкам
Дырэктар рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі «Раўбічы» Андрэй Асташэвіч зацверджаны выканаўцам абавязкаў першага віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Такое рашэнне было прынята на галасаванні выканкама арганізацыі.
Гэта пасада азначае фактычнае кіраванне НАКам, таму што пасаду прэзідэнта займае Аляксандр Лукашэнка.
Чым адметны Асташэвіч?
Пе-першае, гэта адзін з самых выніковых гульцоў хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі. Ён апынуўся ў калектыве ад моманту заснавання, з 1997 года.
«Як быццам інтуітыўна адчуваем адзін аднаго, таму і шмат забіваем, — расказваў Асташэвіч у інтэрв’ю пра свой дуэт з Лукашэнкам. — Мы за гэтыя гады так сыграліся, што ўжо загадзя ведаем, дзе апынецца партнёр у пэўны момант, куды і калі аддаць пас».
На сайце Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ўказаная статыстыка Асташэвіча — 48 закінутых шайбаў і 32 галявыя перадачы за 17 гульняў.
Па-другое, ён працуе намеснікам старшыні хакейнай федэрацыі. А раней быў намеснікам старшыні біятлоннай федэрацыі.
Сын спартыўнага чыноўніка — гулец моладзевай хакейнай зборнай Беларусі Арсень Асташэвіч.