Алесь Мікус: У Еўропе адно за адным будуюць паганскія свяцілішчы
Гэты год для паганскага руху ў Еўропе будзе плённым. Напрыканцы года будуць паўстаўшы тры наноў збудаваныя свяцілішчы ў Ісландыі, Латвіі, Польшчы. Піша Алесь Мікус.
Ісландыя
Галоўную бажніцу ісландскай паганскай рэлігіі «Асатру» будуюць з лета мінулага года. Для будоўлі ісландцы маюць надзел зямлі ў самым цэнтры Рэйк’явіка, на пагорку, што дамінуе над ісландскай сталіцай.
Ісландская паганская бажніца канструктыўна будзе складацца з дзвюх частак. Галоўнай цырыманіяльнай часткай будынку будзе вялікая зала ў форме тынгу (кола для сходаў). Бажніца будзе пабудаваная на схіле гары, таму з боку гары сцены будуць з чорнай горнай пароды. Праз бажніцу пусцяць невялікі ручай, што сцякае з гары.
Латвія
Першая ў Латвіі бажніца латышскіх паганаў-дыеўтураў будзе ўрачыста асвечаная сёлета ў траўні. Пабудаваная яна ў дужа прыгожым месцы — на невялічкай выспе пасярод Даўгавы-Дзвіны, недалёка ад знакамітай дваццаціметровай скалы Стабурагс, якая ў 1960-я апынулася пад вадой, калі раку запруджвалі дзеля Рыжскай ГЭС.
Прафінансаваў будаўніцтва бажніцы ўладальнік мясцовай хлебапякарні. У інтэрвію ён казаў: пякарня працуе амаль чвэрць стагоддзя, матэрыяльным насыціўся, трэба заняцца духоўным.
У бажніцы — чатыры ўваходы з чатырох бакоў свету. Спальных пакояў не прадугледжана. Пасярэдзіне — алтар для агня. Вялізныя светлыя вокны. Поўна знакаў з народнага арнаменту.
Польшча
Паганскую бажніцу пабудуюць ва Уроцлаве, на захадзе Польшчы. Ад гарадскіх уладаў ініцыятары будаўніцтва атрымалі надзел зямлі і дазвол будаваць культурны цэнтр з рытуальнымі функцыямі. Плошча ўроцлаўскага цэнтра-свяцілішча складзе 150 м2.
З лістапада ідзе краўдфандынгавая кампанія па зборы сродкаў. Скончыць будаўніцтва спадзяюцца да канца гэтага года.
Дызайн будынку грунтуецца на звестках пра тое, як выглядала вядомая паганская бажніца IX-X ст. каля цяперашняй нямецкай вёскі Грос Радэн, што на паўночным усходзе Нямеччыны, за 500 км ад Уроцлава.
Пачалося з Даніі
Гэта, сапраўды, выглядае тэндэцыяй, але не такой, калі адзін на аднаго паглядаюць і бяруць прыклад, — а такой, калі адначасова выспела патрэба і магчымасць, каб пачалі з'яўляцца такія бажніцы.
У мінулым годзе ўзвялі паганскую бажніцу ў Даніі — паводле ўзору бажніцы ва Упокры, на цяперашнім шведска-дацкім памежжы. Тая бажніца дзеіла ў VI-X стст., пяць разоў перабудоўвалася і была першым паганскім культавым будынкам у Скандынавіі. Калі летась новую дацкую бажніцу асвячалі, з неба тройчы прагрымеў гром.
Зрэшты, у Літве яшчэ з 1990-х гадоў функцыянуе летняе свяцілішча ў вёсцы Дварцішкі, дзе паганская супольнасць «Рамува» мае выкуплены вялікі надзел зямлі з вясковымі хатамі. У Дварцішках штолета праводзяцца міжнародныя летнікі, падчас іх у свяцілішчы-свірне палае агонь, праводзяцца рытуалы і сходы. На працягу дваццаці гадоў паломнікі звозяць камяні для будучага свяцілішча Перуна-Пяркунаса ў Маляты, якія, як і Дварцішкі, знаходзяцца ва ўсходняй Літве, каля Свянцянаў.
У нас — Менская малельня
Чаму ўсё гэта ўяўляе цікавасць для нас? Таму што ў Менску зусім мала не стае, каб займець сваё паганскае свяцілішча ў цэнтры горада.
- Камень «Дзед» не пабіты, а захаваны ў Парку валуноў, што ва Уруччы.
- Пляцоўка ля Свіслачы мае ахоўны статус, хоць і няясна, ці будуць там пашыраць рэстаран — мо і не будуць, бо ў каго ж цяпер лішнія грошы.
- На тым месцы, імаверна, яшчэ сто гадоў таму было агароджана, палаў агонь, а з памоста з ракі выбіралі ваду і пену, каб лекавацца.
Не стае хіба што высілак энтузіястаў, што дадуць штуршок ідэі, калі будзе спрыяльны час пераменаў. А такі момант, трэба думаць, абавязкова надыдзе. Вось тады і можна будзе заняць «свой пачэсны пасад між народамі».