Знайсці
09.08.2016 / 13:2214РусŁacБел

Падслухана ў чарзе да нарколага

Піша Таццяна Нядбай.

Сяджу ў паліклініцы ў чарзе. У суседнім кабінеце — нарколаг, прымае з шырока адчыненымі дзвярыма. Спачатку на прыём прыйшла жанчына пасля турмы — прыступаць да прымусовага лекавання. На свабодзе ж лепш, ага. Жыве з сынам, трэба легчы ў бальніцу як мага хутчэй, лепш на гэтым тыдні, цвярозая ўжо 5 месяцаў, паліклініка будзе дасылаць у міліцыю лісты, у якіх будуць пазначаць, ці выконвае пацыентка рэкамендацыі, але не па ўласнай ініцыятыве, а толькі ў адказ на запыты з міліцыі.

У чарзе — рэдкая для паліклінікі цішыня, усе прыслухоўваюцца да дэталяў размовы і ніхто не наракае, што чарга павольна рухаецца. Жанчына ўрэшце выйшла, а з кабінета даносіцца: «Ну што — нармальная баба». Чуваць, як хмыкае медсястра. Пацыентка вяртаецца і на дзясятак секундаў завісае ля кабінета: ёй, як і шмат каму з нас, цікава паслухаць, што гавораць пра цябе за вочы. Але ў кабінеце замаўкаюць, чуваць толькі тахканне гадзінніка, якое парушаецца чарговым наведнікам. Яму 60.

— Дзякуй, што прыйшлі, — кажа яму доктар.

— Ну, бо хачу хутчэй зняцца з уліку, — апраўдваецца мужчына.

— Як справы, як жыццё? — нібы ў старога знаёмца цікавіцца лекар.

— Ды як: 60 год, з працы звольнілі, куды я цяпер уладкуюся, а ўсё праз нявестку-цыганку, якая хацела мяне выселіць.

— А нагадайце-ка?

— Ну, выклікала на мяне міліцыю сярод ночы. Мяне цвярозага забралі, разумееце? Ніякіх аналізаў не рабілі, да ранку сядзеў у пастарунку, пасля — суд, ЛПП… З працы звольнілі…

— Ды вы што!.. Цвярозага забралі і трымалі?! А кім працавалі?

— Кіроўцам. Увесь Саюз аб'ездзіў, а зараз — усё.

— Што ўсё? Пенсія ж ёсць?

— Ды колькі той пенсіі — два разы ў краму.

— Калі апошні раз пілі?

— Ды я зусім не п'ю, мяне цвярозага забралі, усё нявестка-цыганка, выселіць мяне хацела.

— Ці патрэбная нейкая дапамога? … Добра, то прыходзьце ў верасні-кастрычніку.

Наведнік выходзіць, а ўрач запявае на ўвесь кабінет і калідор: «Цыганка раз, цыганка два, цыганка тры і чатыры і пяць, наваражы, наваражы, наваражыла, хахаха». «Гэты будзе абяляць сябе да апошняга!..» — пагаджаецца медсястра.

Чарга (у іншы кабінет) рагоча, а я прыходжу да наступных высноваў: 1. праца нарколага вельмі цікавая; 2. а людзі яны душэўныя; 3. як і іх пацыенты; 4. пагаварыць заўжды рады і ёсць пра што; і апошняе (і самае дзіўнае) 5. чаргі да іх у кабінет няма, а пацыенты прыходзяць самі.

«Наваражы, наваражы, наваражыла, што буду спяваць», — не папускае лекара. А я запускаю руку ў торбу па тэлефон, а намацваю штопар.

facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031