Знайсці
03.08.2016 / 18:243РусŁacБел

Беларуская антыядзерная кампанія патрабуе спыніць будаўніцтва БелАЭС

Актывісты Беларускай антыядзернай кампаніі (БАЯК) лічаць недапушчальным выкарыстанне рэактара пасля інцыдэнту, які здарыўся на АЭС, што будуецца ў Астраўцы, і патрабуюць неадкладна спыніць будаўніцтва станцыі.

Такое патрабаванне ўтрымліваецца ў адкрытым лісце, распаўсюджаным БАЯК 3 жніўня. Зварот адрасаваны кіраўніцтву Беларусі, Літвы і ЕС, выканаўцам і кантралюючым будаўніцтва БелАЭС органам, а таксама такім міжнародным арганізацыям, як Камітэт па ажыццяўленні канвенцыі Эспаа і МАГАТЭ.

Аўтары ліста, у ліку якіх эксперты атамнай галіны прафесар, доктар тэхнічных навук Георгій Лепін, кандыдаты тэхнічных навук Юрый Варонежцаў і Ягор Фядзюшын, даюць сваю ацэнку афіцыйным заявам і каментарам з нагоды інцыдэнту з корпусам рэактара першага энергаблока, які здарыўся 10 ліпеня. Зварот таксама падпісалі Беларуская партыя «Зялёныя» і ГА «Экадом».

Як адзначаецца ў лісце, наяўная на сёння афіцыйная інфармацыя пра інцыдэнт дае падставы меркаваць, што «падчас перамяшчэння пры дапамозе строп і крана корпус рэактара нахіліўся і атрымаў удар у ніжнюю частку корпуса аб пліты мантажнай пляцоўкі».

Актывісты кампаніі сумняюцца ў заявах расійскіх спецыялістаў, перададзеных СМІ, аб тым, што корпус нібыта не атрымаў ніякіх пашкоджанняў, паколькі, паводле афіцыйнай інфармацыі, на ім бачныя сляды ад строп, а яго ніжняя частка «судакранулася» з бетоннай плітой пры «саслізгванні».

Улічваючы гэтыя факты, а таксама «асаблівыя патрабаванні да адсутнасці якіх-небудзь, нават найдрабнейшых дэфектаў гэтага абсталявання», аўтары звароту прыйшлі да высновы пра катэгарычную непрымальнасць далейшага выкарыстання гэтага корпуса.

БАЯК выказала недавер генпадрадчыку і заказчыку будаўніцтва, а таксама кантралюючым органам будаўніцтва БелАЭС — расійскай арганізацыі «Атамбудэкспарт», Міністэрству энергетыкі Беларусі і РУП «Беларуская атамная электрастанцыя», бо інфармацыя пра інцыдэнт замоўчвалася на працягу больш як двух тыдняў, а затым насіла супярэчлівы характар.

Аўтары адкрытага ліста адзначаюць, што афіцыйныя паведамленні пра інцыдэнт спараджаюць яшчэ больш пытанняў: навошта рэактар перамяшчалі ў начны час сутак; якое абсталяванне выкарыстоўвалася пры перамяшчэнні; ці магчымая поўная і вычарпальная дэфектаскапія корпуса рэактара на пляцоўцы будаўніцтва АЭС? Эксперты БАЯК мяркуюць, што парушэнні тэхналогіі былі сур'ёзнымі, інакш нельга было б казаць пра якія-небудзь перакосы і саслізгванне пры «страпоўцы».

Прадстаўнікі кампаніі лічаць, што інцыдэнт з'явіўся заканамерным вынікам папярэдніх сур'ёзных парушэнняў. Так, будаўніцтва БелАЭС пачалося з парушэннем тэхнічных нормаў, нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства, уключаючы канвенцыі ЕЭК ААН, Орхускую і Эспаа. А збудаванне рэактарных будынкаў было пачата без архітэктурнага праекта АЭС, да яго дзяржэкспертызы і выдачы ліцэнзій. Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА), як і працэдура яе абмеркавання, былі сфальсіфікаваныя, гаворыцца ў лісце. «Усё гэта разам з эксперыментальным характарам праекта, нізкай тэхнічнай культурай падрадчыка заклала «падмурак» для далейшых парушэнняў і інцыдэнтаў, якія ствараюць вялізныя і неацэнныя рызыкі», — гаворыцца ў тэксце звароту.

БАЯК патрабуе неадкладнага і безумоўнага спынення будаўніцтва АЭС, а таксама стварэння незалежнай міжнароднай камісіі для кампетэнтнага і аб'ектыўнага расследавання інцыдэнту з уключэннем у яе склад сваіх прадстаўнікоў-экспертаў.

Аўтары звароту лічаць неабходным даручыць расследаванне гэтага інцыдэнту і іншых парушэнняў на будаўніцтве БелАЭС Генпракуратуры Беларусі і патрабуюць апублікаваць відэазапіс інцыдэнту разам з экспертнымі заключэннямі ацэнкі яго наступстваў.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031