Знайсці
12.07.2016 / 21:333РусŁacБел

На наступным тыдні на працэсе Япрынцавых можа з'явіцца Юрый Чыж

На наступным тыдні на працэсе па справе бацькі і сына Япрынцавых павінен з'явіцца расійскі бізнесмен Міхаіл Маміашвілі і, магчыма, Юрый Чыж.

Слуханне гучнай справы ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска працягнулася 12 ліпеня. Акрамя бізнесмена Уладзіміра Япрынцава і яго сына Казбека, таксама бізнесмена, на лаве падсудных знаходзіцца партнёр Япрынцава-малодшага намеснік гендырэктара кампаніі «ТМСТ» Аляксандр Арабян.

Гісторыя з затрыманнем Япрынцава звязаная з буйнымі даўгамі бізнесменаў і няўдалай спробай іх вярнуць. Паводле інфармацыі пацярпелых, Казбек Япрынцаў абяцаў пастаўкі паліва шэрагу замежных кампаній, але пасля атрымання сродкаў не выконваў абавязацельствы. Здзелкі былі гарантаваныя групай кампаній «Трайпл». Грошы пералічваліся на рахунак кампаніі Edena Investments, мажарытарным уладальнікам якой з'яўляецца Япрынцаў-малодшы, аднак паліва партнёры так і не атрымалі.

Каб вярнуць даўгі, сума якіх складае некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў, Казбек Япрынцаў, згодна са звесткамі следства, спачатку спрабаваў зарабіць на Форэксе, але прагарэў і звярнуўся па дапамогу да бацькі. Той у сваю чаргу звярнуўся па дапамогу да свайго сябра, прэзідэнта Федэрацыі спартыўнай барацьбы Расіі Міхаіла Маміашвілі, які пагадзіўся даць Япрынцаву буйную суму пад гарантыі яго долі ў кампаніі «Трайпл». Пасля затрымання Уладзіміра Япрынцава Маміашвілі стаў саўладальнікам «Трайпла».

Пацярпелымі па справе прызнаныя трое: дырэктар кампаніі «Газтранс» (Эстонія) Андрэй Рабцэвіч, супрацоўнік «Віталюра» ў мінулым вядомы лёгкаатлет Андрэй Міхневіч і расійскі бізнесмен Юрый Савяк. Рабцэвіч і Міхневіч далі паказанні на мінулым тыдні. Допыт Савяка пачаўся 11 ліпеня і атрымаў працяг сёння.

Высветлілася, што Уладзімір Япрынцаў страціў сваю долю ў кампаніі «Трайпл» 19 жніўня 2015 года — у гэты дзень па 16,75% акцый атрымалі расійскія бізнесмены Міхаіл Маміашвілі і Іосіф Аксенцьеў. 66,5% акцый заставаліся ва ўладальніка «Трайпла» Юрыя Чыжа, які таксама знаходзіцца пад следствам па іншай крымінальнай справе і ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ.

Паводле слоў Савяка, Маміашвілі і Аксенцьева ён добра ведаў. «Я ведаю, што яны павінны вярнуць Валодзю (Япрынцаву. — БелаПАН.) акцыі назад, калі ён аддасць доўг», — сказаў пацярпелы.

Згодна з інфармацыяй, што прагучала ў судзе, частка грошай з рахункаў кампаній Япрынцава-малодшага Савяку ўсё ж такі паступіла — адвакат Арабяна налічыў больш за 1 млн. долараў. Напярэдадні Савяк сцвярджаў, што грошы ад Япрынцава да яго «так і не дайшлі».

Зыходзячы з паказанняў пацярпелых, іх галоўная мэта — вярнуць свае грошы. Мяркуючы па ўсім, грамадзянскія іскі яны не падавалі, бо разлічваюць, што ў крымінальным працэсе прасцей спагнаць даўгі. Аднак Япрынцава і Арабяна абвінавачваюць у махлярстве. І іх могуць абавязаць не толькі вярнуць грошы, але і прыгаварыць да рэальных тэрмінаў.

Таму галоўным пытаннем застаецца, ці мелі абвінавачаныя ашуканскія мэты, гэта значыць першапачаткова пры заключэнні кантрактаў не збіраліся пастаўляць тавар і вяртаць грошы.

Як паведаміў Савяк, адзін кантракт усё ж быў выкананы — 5 млн. долараў яму вярнулі. І пацярпелы настойвае, што ў гэтай частцы ў яго прэтэнзій няма. Ён таксама дапускае, што Арабян і Япрынцаў-малодшы маглі ўвесці ў зман Уладзіміра Япрынцава ў пытанні выканання дагавораў. «Я ведаў, што Валодзя стараўся дапамагчы. Казбек мне сказаў, што ўсе мае грошы (24 млн. долараў. — БелаПАН.) прайграў на біржы», — заявіў у судзе Савяк.

Суд таксама заслухаў паказанні старога сябра Япрынцава-старэйшага Сяргея Кітаева. Ён заявіў, што двойчы асабіста прывозіў грошы Маміашвілі, Савяку і Аксенцьеву на агульную суму 800 тысяч долараў у кошт пагашэння доўгу Казбека Япрынцава.

Паводле слоў сведкі, ён таксама прысутнічаў у банку, калі Япрынцаў-старэйшы перапісаў на Маміашвілі і Аксенцьева 33% сваіх акцый «Трайпла». Быў на той сустрэчы і Савяк. Дагавор быў такі: калі Уладзімір Япрынцаў да канца 2015 года аддае доўг за Казбека, яму вяртаюць акцыі «Трайпла».

Пры заключэнні дагавора ў банку Маміашвілі і Аксенцьеў грошы Япрынцаву-старэйшаму не перадавалі. Пра гэта ў судзе заявіў яшчэ адзін сведка, сябар Уладзіміра Япрынцава. Ён таксама сказаў, што двойчы перадаваў Маміашвілі і яго партнёрам грошы на агульную суму 1 млн. долараў.

У якасці сведкі суд дапытаў і жонку Уладзіміра Япрынцава Святлану. Яна расказала, што пасля арышту мужа і сына двойчы сустракалася з Маміашвілі. Першы раз — у канцы 2015 года, жанчына прыязджала да яго ў Маскву і прасіла дапамогі. Другая сустрэча адбылася 22 лютага, на ёй прысутнічаў Аксенцьеў.

«Маміашвілі сказаў, што трэба аддаваць 16,4 млн. долараў. Тое, што Валодзя ўжо вярнуў, ён абяцаў палічыць за 10 млн. долараў. Казаў перадаць гэтыя грошы праз адвакатаў. Аксенцьеў у гэты час ўстаўляў рэплікі, што калі не вернем грошы, муж жывым не выйдзе. Казаў, каб я не прыбяднялася, маўляў, у нас грошы і нерухомасць у ЗША. У нас нічога там няма. Гэта адзіная краіна, куды я не хачу ехаць. Аксенцьеў яшчэ сказаў, што я таксама магу сесці за краты», — паведаміла жонка Уладзіміра Япрынцава.

«Я б усё аддала, каб яны былі на волі. У мяне найлепшы муж і найлепшы сын», — дадала яна.

На пытанне пракурора аб маёмасці іх сям'і Святлана Япрынцава адказала, што яны валодаюць кватэрай і домам у Мінску, лецішчам. Таксама ў яе, мужа і сына ёсць аўтамабілі. «На ўсе накладзены арышт», — паведаміла жанчына.

У судзе абвешчаны перапынак да чацвярга, 14 ліпеня. Савяк заявіў, што 19 ліпеня на працэсе павінен з'явіцца Міхаіл Маміашвілі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на наступным тыдні ў суд таксама могуць даставіць Юрыя Чыжа.

Адар'я Гуштын, БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031