Ісландыя працягвае на Еўра серыю без паразаў
Зборная Ісландыя працягвае нічыйнае шэсце па палях Еўра-2016. Матч з Венгрыяй скончыўся з лікам 1:1 — тым самым, што і ў папярэдняй гульні з Партугаліяй.
У папярэднім матчы з Партугаліяй ісландцы былі вымушаныя гуляць у звышабарончы футбол. Адабраўшы мяч у Крышціяну Раналду ці яго партнёраў, абаронцы што ёсць сілы выбівалі яго наперад.
Клас венграў быў не такім высокім, таму якія-ніякія атакі ісландцам удаваліся. Адна з іх на 40-й хвіліне скончылася прызначэннем даволі спрэчнага пенальці. Гільфі Сігурдсан развёў мяч і знакамітага «варатара ў штанах» Габора Кірая па розных вуглах варот.
Венгрыя не здавалася, і за дзве хвіліны да канца гульні змагла адыграцца. Прычым нагамі ісландца Біркіра Севарсана, які зрэзаў мяч у свае вароты.
Як вынік — заслужаныя 1:1, якія пакідаюць абедзвюм камандам шанцы на выхад з групы.
На дадзены момант у Венгрыі 4 балы, у Ісландыі 2 балы, у Партугаліі 1 бал, і ў Аўстрыі 0 балаў.
Праўда, Партугалія і Аўстрыя ўвечары згуляюць між сабой.