Знайсці
12.05.2016 / 13:1784РусŁacБел

На фэст у Мінск прыязджае паганскі, антыхрысціянскі гурт з Украіны — вернікі выступаюць супраць

25—26 чэрвеня ў загарадным комплексе Камарова, што недалёка ад Мінску, пройдзе фэст «Купальскае кола». Гэта штогадовая музычная сходка аматараў цяжкой музыкі. Ладзіць фестываль вядомы музыка, лідар гурту Znich Алесь Таболіч.

Здаецца, нямногія, апроч аматараў такіх спеваў, звярнулі ўвагу на «Купальскае кола», калі б увагу не працягнулі тым, што на фэст запрошаны дастаткова неадназначны гурт з Украіны Nokturnal Mortum.

Раней гэтыя хлопцы пазіцыянавалі сябе як «нацыянал-сацыялістычны блэк-метал». Гэта накірунак, які арыентаваны на нацысцкую тэматыку і адпаведную атрыбутыку.

Першым на гэта звярнуў увагу пратэстанцкі вернік, грамадскі актывіст Андрэй Кім.

«За лживость речей, за постройку церквей жидовское племя должно быть распято!»

«Гэта вытрымка з песні «В огне деревянных церквей» харкаўскага гурту Nokturnal Mortum. Гурт паслядоўна рэкламуе расізм, нацызм, сатанізм, антысемізм і антыхрысціянства. Не толькі ў тэкстах песень, але і ў інтэрв’ю іх лідар рэгулярна выказвае чалавеканенавісніцкія ідэі», — напісаў Андрэй Кім на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Яшчэ Кім прыводзіць цытату лідара NM аб хрысціянстве: «Хрысціянства — гэта духоўная і фізічная смерць, канец развіцця і руху наперад. Мы ні ў якай меры не адракліся ад святой вайны супраць іншароднага хрысціянства, а сталі яшчэ больш жорсткім і мацнейшымі», — кажа Яўген Гапон.

Супраць прыезда Nokturnal Mortum выступілі таксама сустаршыня аргкамітэта БХД Павел Севярынец і маладафронтавец Зміцер Дашкевіч.

«Арганізатарам, сярод якіх мой даўні знаёмы Алесь Таболіч, варта ўсё-такі прызнаць памылку і па-добраму паразмаўляць з гэтымі харкаўскімі музыкамі. Проста патэлефанаваць і сказаць: ну сябры, вы ж разумееце, тут людзі абураюцца, будзе скандал, ад якога выйграюць толькі Масква і Лукашэнка.

Паставіць умову, каб публічна адмежаваліся ад свайго ранейшага пекла. Зараз. Афіцыйную заяву Гапона. Калі не — аўфідэрзэйн. Перабіць рэкламу і цешыцца купальскімі матывамі гуртоў, не запэцканых у настолькі смярдзючым брудзе. Трываць такое — гэта знявага», — лічыць Павел Севярынец.

Прыхільнікі Nokturnal Mortum у сваю чаргу пераконваюць, што лідар гурта даўно змяніў свае погляды. У якасці прыкладу прыводзяць ягоныя словы з сацыяльнай сеткі Укантакце. Дзеля справядлівасці, варта адзначыць, што яны дастаткова расплывістыя.

«Многія свае погляды, якія былі ў мяне ў мінулым, я не падзяляю сёння ў сілу шэрагу прычын: штосьці аказалася шалупінай, у чымсьці расчараваўся, нешта — не важна! Таму, напрыклад, калі пытаюцца мяне сёння пра мае палітычныя погляды, я адказваю, што я па-за гэтым, і гэта так і ёсць», — напісаў у кастрычніку 2014 года лідар Nokturnal Mortum Яўген Гапон.

Мы таксама папрасілі пракаментаваць сітуацыю арганізатараў «Купальскага кола». «Творчасць гурту Nokturnal Mortum на сённяшні дзень, як і ідэалагічная пазіцыя калектыва, не носяць неанацысцкі характар. У творчасці гурту на пачатковых этапах насамрэч сустракаліся некаторыя радыкальныя аспекты.

Некалькі год таму NM адкрыта заявілі аб сваім поўным недачыненні да радыкальнай плыні. Выступ гурту і сэт-ліст з заяўленымі тэкстамі прайшоў узгадненне ў гарвыканкаме і камітэце па ідэалогіі. На фестывалі прагучаць кампазіцыі, змест якіх не выклікае хваляванняў», — зазначыла ў каментары арганізатарка Насця Дубовік.

Многія адзначаюць, што з пачаткам вайны ва Украіне Nokturnal Mortum істотна змяніў свой рэпертуар, які стаў больш патрыятычным і праўкраінскім. А кавер на спеў NK «Україна» рабіў нават Алег Скрыпка з «Вопляй Відаплясава».

Арганізатары не збіраюцца адмаўляцца ад выступу Nokturnal Mortum на «Купальскім коле».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031