Знайсці
03.02.2016 / 16:17РусŁacБел

«Беларуская энцыклапедыя» выпусціць серыю кніг пра Францыска Скарыну

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое будзе адзначацца ў 2017 годзе, выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выпусціць цэлую серыю кніг пра Францыска Скарыну, паведаміла на прэс-канферэнцыі 3 лютага ў Мінску галоўны рэдактар выдавецтва Ларыса Языковіч.

Так, выдавецтва плануе стварыць новую энцыклапедыю, прысвечаную беларускаму першадрукару. Языковіч нагадала, што больш за 25 гадоў таму падобная кніга ўжо выдавалася, аднак цяпер плануецца «не перавыдаць, а стварыць прынцыпова новае выданне, прысвечанае Скарыну», якое ў той жа час будзе заставацца «сучаснай класічнай энцыклапедыяй». «Мы стварылі рэдакцыйны савет, пачалі працу з аўтарскім калектывам, і ўжо абмяркоўваліся пытанні слоўніка для гэтага выдання», — сказала яна.

Выдавецтва таксама мае намер працягнуць сваю кніжную серыю «Энцыклапедыя рарытэтаў» манаграфіяй «Сусветная спадчына Францыска Скарыны». Паводле слоў Языковіч, яна будзе ўтрымліваць інфармацыю пра кнігі, выдадзеныя першадрукаром, у тым ліку тыя, якія захоўваюцца ў бібліятэках і фондах замежных краін. «Гэта будзе цікавае багата праілюстраванае выданне на беларускай і англійскай мовах», — зазначыла галоўны рэдактар «Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі».

Акрамя гэтага, у 2017 годзе Францыску Скарыну будзе прысвечаны цэлы шэраг кніг, якія выйдуць у серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя». Так, першая кніга гэтага цыклу прадставіць гэтую гістарычную асобу ў розных іпастасях: «Ён быў і студэнтам, і навукоўцам, і лекарам, і батанікам, і друкаром, мы называем яго філосафам, асветнікам, патрыётам — гэта будзе шырокі погляд на Скарыну».

Гісторыі роду Скарыны і мясцінам, звязаным з яго працай, адведзена месца ў другой кнізе гэтага цыклу. Галоўны рэдактар выдавецтва адзначыла, што жыццё Францыска Скарыны звязанае не толькі з тэрыторыяй цяперашняй Беларусі, але і з землямі, на якіх сёння размяшчаюцца Літва, Чэхія, Расія. «Кніга таксама будзе прысвечаная яго бацьку, братам, жонцы, дзецям, многім людзям, з якімі Скарына працаваў, напрыклад, у Вільні і іншых месцах», — патлумачыла яна.

Пра спадчыну беларускага першадрукара можна будзе прачытаць у трэцяй і заключнай кнізе гэтага цыклу. У ёй, акрамя таго, будзе нададзеная ўвага захаванню спадчыны Скарыны ў Беларусі і за яе межамі.

Языковіч падкрэсліла, што цыкл гэтых кніг арыентаваны ў першую чаргу на дзяцей, таму матэрыял у ім будзе пададзены «даступна і цікава» з мноствам ілюстрацый.

Адна з кніг гэтага цыклу, як сказала галоўны рэдактар выдавецтва, будзе прадстаўленая ўжо сёлета ў лютым на XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера