Знайсці
24.11.2015 / 16:078РусŁacБел

Арсеній Сівіцкі: З боку Анкары гэта вельмі жорсткі сігнал Крамлю. Таксама яшчэ адзін аргумент для праціўнікаў расійскай базы ў Беларусі

Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў, сябра Вайскова-навуковага таварыства Цэнтральнага дома афіцэраў Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь Арсеній Сівіцкі падзяліўся з «НН» сваім бачаннем інцыдэнту са збіццём расійскага СУ-24.

«Мне здаецца, што інцыдэнт не прывядзе да поўнамаштабнай вайны паміж Расіяй і Турцыяй. Але пры гэтым моцна падарваная рэпутацыя расійскага боку, імідж сірыйскай кампаніі, якую цяпер праводзіць Масква.

Чаму рэпутацыя падарваная? Бо Расія мусіць неяк адказаць на інцыдэнт, і адказаць жорстка. У сродках адказу Расія абмежаваная. Яна не можа абвесціць Турцыі вайну, бо наступствы ваенна-палітычныя для Расіі будуць вельмі сур’ёзнымі. Турцыя — член НАТА. Пры такім гіпатэтычным сцэнары Расія будзе ваяваць не з адной Турэччынай, а з усім НАТА.

А па-другое, паколькі вінаватым тут з’яўляецца расійскі бок, гэты самалёт каля 10 разоў парушыў паветраную прастору з Турцыяй. Гіпатэтычна, калі самалёт выкарыстоўваўся для таго, каб распачаць сур’ёзны канфлікт, то Расія змяняе статус і пераўтвараецца ў краіну-агрэсарку з усімі міжнароднымі прававымі наступствамі.

Варта чакаць даволі сур’ёзнага дыпламатычнага і эканамічнага прэсінгу Расіі ў дачыненні Турцыі. Але гэта дастаткова сур’ёзны сігнал Расіі, які дэманструе жаданне турэцкіх уладаў, каб Масква лічылася з пазіцыяй Турцыі ў сірыйскім канфлікце.

Гэты інцыдэнт можа быць выкарыстаны, каб узмацніць прысутнасць войскаў НАТА на тэрыторыі Турцыі, а таксама ва Усходняй Еўропе».

Таксама Сівіцкі падкрэслівае, што дадзены інцыдэнт — гэта яшчэ адзін аргумент для праціўнікаў расійскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі.

«Парушэнне паветранай прасторы краін НАТА і ЕС з боку расейскіх ВПС стала нормай з пачатку ўкраінскага крызісу. Вось і навошта нам гэтыя праблемы патрэбныя?» — лічыць эксперт.

Запісаў Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031