Знайсці
24.04.2015 / 00:066РусŁacБел

Топ-5 самых дарагіх катэджаў краіны

Цэны дасягаюць $2,5 мільёна.

Пасля валютнага крызісу цэны на нерухомасць павольна папаўзлі ўніз. Але гэта датычыцца перадусім кватэр у гарадах, дзе цэнаўтварэнне збольшага празрыстае. А вось элітная нерухомасць жыве па сваіх законах.

Цана самых дарагіх дамоў перавышае $2 мільёны, але гэта хутчэй дэкларацыя аб намерах. За такую суму беларускую нерухомасць ніхто не купляе — маючы свабодныя грошы, можна пабудаваць такі самы дом значна танней. Нейкі час пражыўшы з марай пра багатага замежнага купца, рыэлтары зніжаюць цану.

1. $2,5 мільёна — за від на Каменную Горку

Самым дарагім домам цяпер стаў цагляны катэдж у Тарасаве. Гэта некалькі кіламетраў ад Мінска. Італьянская абліцовачная плітка, нямецкая сантэхніка, мармуровыя падлогі… І нават уласная свідравіна глыбінёй 110 метраў пад домам. Да асабняка прыкладаецца 0,21 га зямлі. Патэнцыйных купцоў заахвочваюць «панарамным відам на Мінск», не ўдакладняючы, што назіраць давядзецца за чалавечым мурашнікам Каменнай Горкі.

2. $2,235 мільёна — за вітанне з 1990-х

Летась гэты катэдж у Калодзішчах (10 км ад Мінска) прадавалі за $2,6 мільёна, але няўдала. Цяпер дом уцанілі на $365 тысяч— добрая зніжка. Будынак высачэзны, у ім чатыры ўзроўні агульнай плошчай 937 м2.

«Пяць спальняў, пяць санвузлоў, лазня, басейн, два гаражы», — расхвальваюць дом прадаўцы. Самае запамінальнае ў катэджы— бясконцы залацісты колер, своеасаблівае прывітанне з 1990-х. Падобныя інтэр’еры з безліччу статуэтак, карцін на сценах і каваных упрыгожванняў падабаліся чыноўнікам з акружэння беглага ўкраінскага прэзідэнта Віктара Януковіча.

3. $2,1 мільёна — за дом на дзве сям’і ў Драздах

Катэдж у самым дарагім раёне Мінска можна купляць у складчыну, на дзве сям’і. Дзве сіметрычныя паловы дома (па 334 м2 кожная) аб’яднаныя басейнам на цокальным паверсе. Адна з іх ужо гатовая для пражывання, другая аздабляецца. Пад домам усяго 7 сотак зямлі, участкі пад гэтым і суседнімі катэджамі на вуліцы Піянерскай прадаваліся праз аўкцыён.

4. $2,1 мільёна — за «правільную планіроўку»

«Дом для людзей з паняццем і густам», — запэўніваюць прадаўцы і катэгарычна дадаюць, што ў катэджы плошчай 430 м2 «правільная планіроўка».

Тры спальні, два гаражы, лазня, тэраса, цёплая падлога — звычайны набор для элітнага катэджа, але блізкасць да вады дазваляе прасіць за дом нашмат большыя грошы. Вуліца Пастаўская ў Мінску знаходзіцца каля Цнянскага вадасховішча.

5. $1,99 мільёна — за шкляную сядзібу ў лесе

Самая дарагая нерухомасць на аддаленні ад Мінска схавалася ў вілейскіх лясах, каля вёскі Будзькі. Асноўны дом мае каля 200 м2 агульнай плошчы і пабудаваны са шкла з аздабленнем дрэвам. Для гасцей прапануецца цалкам драўляная хатка плошчай 80 м2 з дзвюма спальнямі і камінам.

У дадатак — дом для аховы і тэнісны корт. На беразе штучнага возера пабудаваная спа-зона. Тут знаходзяцца дзве саўны, а таксама джакузі. Але галоўнае — гіганцкія абшары зямлі, ажно 250 сотак у лесе.

Ягор Марціновіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031