Найти
18.07.2019 / 11:14РусŁacБел

Следствие о внезапной смерти Дони Ивановны. Как в 1639 году в Могилеве отравление водкой чуть не кончилось еврейским погромом

Рассказывает историк Алексей Батюков.

Гара Машэкаўка побач з гарой Гваздоўкай. Малюнак Мікалая Львова, канец XVIII стагоддзя.

Магілёў. Красавік 1639 года. У глыбокай начной цемры група людзей прывезла да гары Гваздоўкі воз з целам нябожчыка. Тоячыся ў змроку, без адпраўлення царкоўнай службы, яны адкапалі ямку пры гары і ўкінулі туды цела. Прыкапалі і растварыліся ў цемры.

Але яны не засталіся незаўважанымі. Раніцай гэтага ж дня мяшчане з Гваздоўкі атакавалі гарадскі магістрат. Усхваляваная грамадскасць ужо ведала імя ахвяры: Доня Іванаўна. Так-так, тая самая, што некалькі гадоў прыслужвала жыдоўцы Леі Ёзэфавай — яна ж Люба Юзэфава, што жыве па адрасе: дом Ульяны Багданавай Бобрыкавай.

І адразу за імі атмасферу ў горадзе распаліў брат нябожчыцы, Фёдар Іванавіч Аршаніца. Ён прыйшоў у магістрат з абвінавачваннем. І кожнае слова гэтага абвінавачвання пагражала зрынуць горад у гарачку яўрэйскага пагрому.

Доня Іванаўна дзесяць гадоў служыла Любе Юзэфавай. Была здаровая — гэта важна. Але ж як і калі Доня Іванаўна памерла, Люба не дала знаць. Так што ні ён, ні крэўнікі, маўляў, не змаглі пахаваць нябожчыцу паводле хрысціянскага звычаю. А значыць, жыдоўка яе замардавала і, утойваючы гэтае злачынства (а можа, яно рытуальнае?), вывезла за горад і закапала ў вале, пахаваўшы хрысціянку сваімі нехрысціянскімі рукамі.

Ян Машкоўскі. У карчме на Падоллі. Фота: Wikimedia Commons.

27 красавіка заява была прынятая да разгляду і распачаты скрутыніум — следчая працэдура, што праводзілася ў судах ВКЛ у выпадку асабліва цяжкіх злачынстваў. Следства вялі райца Якім Марціновіч і лаўнік Цімафей Асіповіч, з удзелам пана Даніэля Ляховіча, магілёўскага замкавага панамесніка, а з імі і яшчэ шляхта.

У першую чаргу следчыя прыйшлі ў дом Ульяны Бобрыкавай да Леі Ёзэфавай і спыталі ў яе пра абставіны смерці служанкі. Лея паведаміла, што нябожчыца незадоўга да сваёй смерці піла гарэлку ў кляштарным доме. Пакінуўшы пітную ўстанову, прыйшла сюды, села і, «зяваючы і стогнучы», памерла. Яе словы былі пацверджаныя гаспадыняй дома.

Ульяна Бобрыкава распавяла: ноччу Лея паведаміла ёй, што, упіўшыся гарэлкі, пад брамаю памірае Доня. Апынуўшыся каля брамы, Ульяна знайшла Доню яшчэ жывой. Тая ляжала нагамі ў двор, а галавой на вуліцу, ледзь дыхала, але мову ёй ужо адняло. Разам з сястрой Доні, Марушай Аршанічнай, небараку ўцягнулі ў дом і ўжо на іх вачах, а таксама на вачах сына Доні Грышкі Андрэевіча і яго бабкі і цёткі няшчаснай не стала. Што было далей, Ульяна Бобрыкава не ведала, бо пакінула месца здарэння.

У гэты самы час горад кіпеў і гатовы быў выбухнуць. У такіх умовах яўрэйская грамада дамаглася, каб да следчых быў выкліканы сын нябожчыцы Грышка Андрэевіч.

Інтрыга дасягнула сваёй кульмінацыі. Калі б хлопец падтрымаў абвінавачванне дзядзькі, абвергнуўшы падазрэнні ў п’янстве маці, сітуацыю можна было б разгойдваць надалей і карыстацца гэтым для накручвання антысеміцкага пачуцця і недаверу да ўладаў і следства.

Але Грышка Андрэевіч ва ўсім прызнаўся. Сапраўды, пра стан маці ён даведаўся ад Леі і Ульяны. На целе памерлай ніякіх знакаў гвалтоўнай смерці не бачыў. Сярод ночы, задоўга да ранішняй малітвы, пахаваў маці на Гваздоўцы, каб людзі не бачылі і не няславілі — дастаткова ўжо, што і бацька іх ад гарэлкі памёр. Пахаваць Доню яму дапамагалі брат Тарас, дзядзька Яська Іванавіч з дачкой Марыяй, цётка Маруша і… яшчэ адзін дзядзька, той самы Фёдар Іванавіч Аршаніца, з пазову якога пачалося крымінальнае следства. Цела было захутана ў рагожу і прыкрыта дошкай.

Следства прыняло рашэнне аб эксгумацыі — для заспакаення гараджан неабходна было спраўдзіць, што знакі гвалтоўнай ці рытуальнай смерці адсутнічаюць.

На месцы пахавання Грышка Андрэевіч заўважыў, што дошка пакладзеная не такім чынам, як яе пакідала іх сямейная пахавальная каманда, дый па астатніх прыкметах было заўважна, што гэта ўжо не першая эксгумацыя. Прысутныя схамянуліся. Ці магло гэта сведчыць, што нехта апаганіў (а можа, у рытуальных мэтах?) магілу Доні? Падазрэнне ўзмацнілася, калі следчыя пабачылі пабітую галаву нябожчыцы.

Грышка, аднак, і тут ва ўсім прызнаўся. Галаву пабілі таксама яны, няўдала стукнуўшы дошкай падчас пахавання.

Ну, і папярэдняя эксгумацыя сапраўды была праведзена — засведчыў мешчанін з Нагорскай вуліцы Аляксей Сямёнавіч, які жыў каля шкельніка. Нябожчыцу літаральна перад вамі адкопвала група неабыякавых грамадзян, каб паразглядаць ды засведчыць, ці маюцца на целе знакі рытуальнага забойства і нехрысціянскага пахавання.

Актавыя кнігі магілёўскага магістрата не ўтрымліваюць звестак, ці было прызначана нейкае пакаранне брату ці сыну памерлай за падман грамадскасці. Наўрад ці. Прыпіска, якая завяршае справу, даволі красамоўная: «Што, пра памяць, жыдове да кніг месцкіх далі запісаць». Магістрат, напэўна, палічыў, што, заспакоіўшы грамадскасць і занатаваўшы гэты выпадак дзеля памяці, і так зрабіў дастаткова саступак яўрэйскай грамадзе.

Алексей Батюков

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930