«Я более советский, чем советские люди». Как Москва избавилась от Амина
Режим Хафизуллы Амина был непопулярен, а неконтролируемая смена власти в Афганистане могла привести к выходу страны из советской сферы влияния. Поэтому 12 декабря 1979 года Политбюро ЦК КПСС приняло секретное постановление «О положении в «А». Суть его заключалась в том, что Амина нужно было ликвидировать, на его место поставить Бабрака Кармаля, давнего агента КГБ, а для стабилизации ситуации отправить в Афганистан войска.
Міністр замежных спраў СССР Андрэй Грамыка (злева) і афганскі дыктатар Хафізула Амін (справа). 1979 год.
«Я больш савецкі за савецкіх людзей», — любіў паўтараць Хафізула Амін на перамовах з савецкімі гасцямі. Амін быў не проста камуністам. Яго кумірам быў Сталін, на працоўным стале ў яго стаяў партрэт «правадыра народаў», і ён быў бязлітасны як Сталін. Людзей у Кабуле арыштоўвалі тысячамі.
Амін не баяўся Масквы. Ён баяўся звяржэння сваімі ж, афганцамі. Па ягонай просьбе Масква тайна размясціла на базе ў горадзе Баграм за 60 км ад Кабула авіяцыю і спецназ. Амін бамбардзіраваў Маскву просьбамі прыслаць больш войскаў.
Тым часам Палітбюро ацэньвала сітуацыю ў Афганістане як выбуховую і яўна не верыла ў шчырасць Аміна: «У імкненні ўмацавацца ва ўладзе Амін поруч з такімі паказнымі жэстамі, як пачатак распрацоўкі праекта канстытуцыі і вызваленне часткі раней арыштаваных асобаў, на справе пашырае маштабы рэпрэсій у партыі, арміі, дзяржаўным апараце і грамадскіх арганізацыях. Ён яўна вядзе справу да выдалення з палітычнай арэны практычна ўсіх відных дзеячаў партыі і дзяржавы, якіх ён разглядае ў якасці сваіх сапраўдных або патэнцыйных праціўнікаў… Дзеянні Аміна выклікаюць усё большае незадавальненне прагрэсіўных сілаў. Калі раней супраць яго выступалі члены групы «Парчам», то зараз да іх далучаюцца і прыхільнікі «Хальк» (дзве фракцыі марксісцка-ленінскай Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана — Рэд.), асобныя прадстаўнікі дзяржаўнага апарату, арміі, інтэлігенцыі, моладзі. Гэта выклікае няўпэўненасць у Аміна, які шукае выхад на шляхах узмацнення рэпрэсій, што ў яшчэ большай ступені звужае сацыяльную базу рэжыму».
Гэты тэкст быў прыняты на Палітбюро 31 кастрычніка. Пройдзе паўтара месяца — і 12 снежня Палітбюро вырашае Аміна ліквідаваць.
Аміна і яго пляменніка Асадулу, які кіраваў Службай бяспекі Арганізацыі рабочай контрразведкі (КАМ), планавалася нейтралізаваць пры дапамозе загадзя ўкаранёнага ў іх асяроддзе агента. Ён павінен быў падмяшаць у іх ежу атруту. Разлічвалі, што калі яна пачне дзейнічаць, то ў прэзідэнцкім палацы пачнецца паніка, савецкія падраздзяленні выйдуць з Баграма і захопяць рэзідэнцыю Аміна.
Апоўдні 13 снежня «мерапрыемства з выкарыстаннем спецсродкаў» — так эўфемістычна называлі атручванне — было праведзена. Падраздзяленням далі каманду на захоп аб’екта «Дуб» (палац Арк у цэнтры Кабула, дзе тады была рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы). Але неўзабаве ўслед прагучала каманда «адбой». На Аміна яд не падзейнічаў зусім: ці то дозу не разлічылі, ці то дзеянне яе аслабіла кока-кола, якой Амін выпіў за абедам, ці то асноўная порцыя атруты дасталася яго пляменніку, які абедаў разам з Амінам. Ягоны пляменнік адчуў сябе дрэнна толькі на наступную раніцу, Асадулу адправілі на лячэнне ў СССР. (Пасля змены ўлады ён апынецца спачатку ў Лефортаўскай турме, а затым будзе дэпартаваны ў Афганістан і расстраляны.)
14 снежня ў Баграм быў накіраваны батальён 345-га гвардзейскага асобнага парашутнадэсантнага палка для ўзмацнення батальёна 111-га гвардзейскага парашутнадэсантнага палка 105-й гвардзейскай паветранадэсантнай дывізіі, які з 7 ліпеня 1979 года ахоўваў у Баграме савецкія ваеннатранспартныя самалёты і верталёты. Адначасова Кармаль і некалькі ягоных прыхільнікаў былі таемна прывезеныя ў Афганістан і знаходзіліся ў Баграме сярод савецкіх вайскоўцаў. Пасля адмены аперацыі Кармаля тэрмінова вярнулі ў СССР.
Неўзабаве пасля гэтага 154-ы асобны атрад спецыяльнага прызначэння ГРУ («мусульманскі батальён») атрымаў загад на перадыслакацыю ў Кабул, дзе яго размясцілі паміж 1-м і 2-м батальёнамі афганскай нацыянальнай брыгады з задачай па ўзмацненні аховы палаца Аміна. «Мусульманскі батальён» быў падмацаваны дзвюма спецгрупамі КГБ.
Амін усё яшчэ нічога не падазраваў. Ягоныя структуры былі пранізаныя агентурай. У яго ж самога вушэй ні ў Маскве, ні ў савецкім кантынгенце не было.
Загад зверху па ліквідацыі Аміна быў толькі вусным. У выніку правалу ўсю адказнасць мусілі перакласці на камандзіра — маўляў, самадзейнасць.
Савецкім байцам было цяжка зразумець, чаму трэба забіць кіраўніка суседняй дзяржавы, пра якога савецкія газеты пісалі толькі добрае. Таму перад боем ім сказалі, што Амін — агент ЦРУ. Тлумачыць, што празмерная жорсткасць Аміна, яго дыктатарства пагражае прывесці да выбуху і сыходу Афганістана з савецкай сферы ўплыву, палічылі заскладаным для байцоў.
Байцам прапанавалі для смеласці па сто грам гарэлкі. Для пераважнай большасці гэта была першая ў жыцці баявая аперацыя.
27 снежня савецкі агент, кухар Аміна, падсыпаў яму атруту другі раз. Цяпер ужо забойна. Амін самлеў. Савецкія медыкі — саветы татальна атачылі Аміна сваімі людзьмі — кінуліся вяртаць прэзідэнта да прытомнасці. Яны не ведалі, што яго атруцілі свае ж, бо ўсё рабілася ў строгай таямніцы.
Тым часам па сігнале з палаца каля 700 чалавек, уключаючы байцоў спецгрупаў КГБ «Альфа» і «Зеніт», апранутых у афганскую форму, выехалі на штурм на вайсковых аўтамабілях з афганскімі апазнавальнымі знакамі. Сігналам да пачатку штурму стаў выбух вузла сувязі на цэнтральнай плошчы горада.
Палац «Тадж-бек» праз два дзесяцігоддзі пасля штурму. 2007 год. Фота: wikimedia.commons
Бой у палацы доўжыўся 43 хвіліны. Ахова Аміна, спрэс ідэйныя камуністы, аказала нечакана жорсткае супраціўленне, і 11 нападнікаў загінулі, у тым ліку камандзір групы палкоўнік Грыгорый Баярынаў, начальнік школы падрыхтоўкі агентаў спецаперацый аддзела КГБ № 8 у Балашысе пад Масквой.
Бліжэй да канца штурму Амін апрытомнеў.
Першым яго загадам ад’ютанту было: звані савецкім і папярэдзь іх аб нападзе на палац. «Савецкія дапамогуць!» — дадаў ён. «Гэта савецкія напалі!» — крыкнуў яму ад’ютант. Ад гэтых слоў Амін раз’юшыўся, схапіў попельніцу і кінуў яе ў ад’ютанта з крыкам: «Ілжэш, не можа быць!»
Ноччу Кабульскае радыё паведаміла, што па рашэнні рэвалюцыйнага суда Амін прысуджаны да смяротнага пакарання і прысуд прыведзены ў выкананне.
Расстралялі не толькі Аміна. Забілі таксама ўсіх яго сваякоў мужчынскага полу. Загінуў і адзін з дактароў Аміна, палкоўнік Віктар Кузнечанкаў. Жывой засталася толькі непаўналетняя дачка Аміна. Ёй прастрэлілі абедзве нагі. Усе жанчыны з сям’і Аміна прасядзяць у турме 13 гадоў.
У ноч з 27 на 28 снежня ў Кабул з Баграма пад аховай супрацоўнікаў КГБ і дэсантнікаў прыбыў «верны сябар савецкага народа» Бабрак Кармаль. Радыё Кабула перадало зварот новага кіраўніка да афганскага народа, у якім быў абвешчаны «другі этап рэвалюцыі».
Маскоўская газета «Правда» 30 снежня напісала, што «ў выніку ўзнятай хвалі народнага гневу Амін разам са сваімі паслугачамі паўстаў перад справядлівым народным судом і быў пакараны».