Найти
12.10.2019 / 01:236РусŁacБел

«Несокрушимая и легендарная» на марше в Западную Беларусь

В 1930-е годы под масштабные репрессии попало и Красная армия. Был почти полностью уничтожен командный состав, а среди тех, кто остался, царил страх. Это сказалось на боеспособности советской армии. Хрестоматийной демонстрацией считается советско-финская война. Но перед этим была еще и «польская компания», когда 17 сентября 1939 года Красная армия перешла советско-польскую границу, чтобы взять под контроль Западную Беларусь и Западную Украину. Рассекреченные документы о состоянии советской армии на начало Второй мировой войны анализирует Змитер Дрозд. Статья написана по материалам Национального архива Республики Беларусь.

Хоць усе савецкія фота з верасня 1939-га пастановачныя, яны ўсё ж перадаюць атмасферу таго часу. На фота: чырвонаармейцы з жыхарамі Маладзечна. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

У верасні 1939 года польская армія, абяскроўленая змаганнем з гітлераўскай Германіяй, не аказвала Чырвонай арміі арганізаванага супраціву. А беларусы і ўкраінцы, якіх у Польшчы ўціскалі, верылі, што cаветы прынясуць лепшую долю, зямлю, свабоду і роўнасць. Таму прасоўвалася па Заходняй Беларусі савецкае войска без асаблівых перашкод. Але гэта на першы погляд. Зусім іншае чытаем у справаздачах асобых аддзелаў НКВД. Справаздачы гэтыя былі зусім сакрэтныя і прызначаліся толькі для вузкага кола асоб. Таму ў іх пісалі не толькі пра тое, што мела быць, але і пра тое, што было рэальна.

Мне давялося азнаёміцца са справаздачамі асобага аддзела Упраўлення дзяржаўнай бяспекі НКВД БССР вайсковага злучэння № 6394 Беларускай асобай вайсковай акругі. Адным з яе асноўных гарнізонаў быў Барысаў. Там размяшчаліся танкавыя часці, а менавіта 2-я легкатанкавая брыгада, якая ўваходзіла ў склад 15-га танкавага корпуса. Пра баявы шлях гэтай брыгады ў верасні 1939-га і пойдзе гаворка.

Хто ў лес, хто па дровы

11 верасня 1939 года ў Беларускую і Кіеўскую асобыя вайсковыя акругі паступіў загад аб разгортванні палявых упраўленняў. Была абвешчаная мабілізацыя рэзервістаў. На тэрыторыі Беларускай акругі быў разгорнуты Беларускі фронт пад камандаваннем камандарма 2-га рангу Міхаіла Кавалёва.

Ужо напярэдадні ў Барысаўскім гарнізоне запанавала мітусня. 8 верасня ў 14:00 паступіў загад: бранябойныя і запальныя патроны, як сакрэтныя, разрадзіць і здаць на склад. На наступны дзень было загадана, наадварот, усе такія патроны трымаць у машынах і скрынях, а на склад здаць тыя, якія з лёгкай куляй. Пакуль танкісты займаліся пераносам боепрыпасаў туды-сюды, быў аддадзены новы загад: выступаць, а ў дыскі закласці бранябойныя патроны. У выніку ўсёй гэтай блытаніны 9 сакрэтных (!) патронаў з куляй Б-32 недзе згубіліся.

9 верасня 1939 года ў 18:30 часцям і падраздзяленням злучэння № 6394 была аб’яўлена баявая трывога з выхадам да месца канцэнтрацыі на поўдзень ад вёсак Смыкі і Махавое ля Смалявічаў. Некаторыя камандзіры машын, спяшаючыся, грузілі боекамплекты і запчасткі іншых аддзяленняў, у той час як тыя не маглі знайсці свайго. У выніку многія выехалі без грузу. Начальнік санітарнай часці вайсковы доктар 2-га рангу Кочатаў, выязджаючы з Барысава, не ўзяў з сабой аніякіх медыцынскіх інструментаў. Ужо недалёка ад мяжы ён «мабілізаваў» (гэта значыць, проста забраў «іменем рэвалюцыі») інструмент у адной з мясцовых бальніц. Аўтатранспартная рота, выступаючы па трывозе, не праверыла ўсе свае аўтацыстэрны, і ўжо ў дарозе выявілася, што шэсць з іх едуць пустымі. Давялося іх вяртаць назад, каб такі напоўніць палівам.

Тэрміны сарваныя

Выступленне з Барысава пачалося а 23-й гадзіне і працягвалася да 2—3-й ночы. Да месца канцэнтрацыі часці прыбывалі да 12-й гадзіны наступнага дня, хоць меліся прыбыць у 5 раніцы. Ужо тут спазненне склала 7 гадзін! І гэта не ва ўмовах нападу ворага, як было 22 чэрвеня 1941-га, а ў адносна спакойнай сітуацыі, калі камандзіры былі загадзя папярэджаныя. Пры гэтым на маршы да месца канцэнтрацыі калона 2-й танкавай брыгады расцягнулася так, што паміж некаторымі машынамі быў інтэрвал, большы за 2 км.

Усё зацягнулася, бо ўжо ў першыя гадзіны пачаліся паломкі і аварыі: за першыя суткі адбылося 15 вымушаных прыпынкаў, з іх 13 — па прычыне паломак. У раёне Жодзіна танк БТ-7, ідучы без святла, зваліўся пад адхон і перакуліўся дагары коламі на вежу. Экіпаж, праўда, не пацярпеў, але доўга не мог вылезці, пакуль танк не перавярнулі. Некалькі іншых танкаў ноччу сутыкнуліся з такімі ж машынамі, якія стаялі наперадзе. Яшчэ адзін БТ-7 па дарозе загарэўся, у іншага расплавіліся падшыпнікі… А аўтамашына паркавай роты пад кіраваннем шафёра, які быў толькі-толькі прызваны ў войска, адстала, збілася з дарогі і толькі на наступны дзень была знойдзена ў раёне вёскі Волма. Каб неўзабаве зноў згубіцца.

Першыя ахвяры

Наступным пунктам была вёска Кайкава за 25 км на поўдзень ад Мінска, куды брыгада прыбыла 12 верасня. Тады з’явіліся першыя чалавечыя страты. У адным з батальёнаў танк заглух, а калі яго бралі на буксір, паміж двума танкамі патрапіў механік-кіроўца Афанасьеў. У той жа дзень каля чыгуначнага пераезда рэгуліроўшчык брыгады Барабанаў падчас праходжання калоны спрабаваў закінуць у люк танка яблыкі. У гэты час механік-кіроўца Міронаў зрабіў паварот, і Барабанаў трапіў пад гусеніцу — танк праехаўся па ягоных нагах.

Пераязджаючы цераз чыгунку ў раёне вёскі Аляксееўка за 20 км ад Мінска, аўтамашына-лятучка (майстэрня) трапіла пад цягнік. Загінулі 4 чалавекі: малодшы ваентэхнік Ярмуш, чырвонаармейцы Ліўшыц і Шыгімага, а таксама шафёр, прыпісаны ваенкаматам «на час вучэнняў» (нават асобы аддзел не ведаў ягонага прозвішча). Акрамя таго, 4 чалавекі былі параненыя, з іх чырвонаармеец Япіхін — моцна.

А тым часам у Барысаве

13 верасня брыгада знаходзілася каля вёскі Ладыга за 40 км на поўдзень ад Мінска. У гэты час у Барысаве сярод жонак камандзіраў пайшлі чуткі, што іх будуць эвакуіраваць. Штуршком паслужыла тое, што камісар часці Кабанаў прыехаў дахаты ў Барысаў, пагрузіў усе свае рэчы (ровар, ложак, шафу, кушэтку) і вывез жонку з рэчамі. Жонкі іншых камандзіраў сталі таксама пакаваць рэчы. Выглядае, некаторыя камандзіры не мелі ўпэўненасці ў шчаслівым выніку вайны з Польшчай, а таму намагаліся адправіць свае сем’і далей ад мяжы. Падобную карціну многія пабачылі і 22 чэрвеня 1941 года, калі мінскія партработнікі больш займаліся эвакуацыяй сваіх сем’яў, чым выкананнем службовых абавязкаў.

Пасля сыходу асноўных сілаў у Барысаўскім гарнізоне сталі рыхтаваць войскі другога эшалону. Адказны за падрыхтоўку палкоўнік Кузняцоў, штодня збіраючы ў сябе ў кабінеце камандзіраў часцей, паўтараў: «Мабілізацыя сарваная, хутка будзе зроблена расследаванне, і таго-сяго за гэтую справу возьмуць, бо машын няма, і другі эшалон мы своечасова падняць не можам». Ягоную паніку можна зразумець: з 460 машын ён не атрымаў 105 — амаль чвэрць. Дрэнна таксама было з запчасткамі. Пастаянныя паломкі вычарпалі ўсе запасы, некаторыя запчасткі скончыліся яшчэ на савецкай тэрыторыі. Танкі, машыны і трактары губляліся па дарозе, на іх пошукі выпраўляліся афіцэры, якія таксама надоўга знікалі.

У бой не рваліся

Пераход мяжы 17 верасня таксама суправаджаўся інцыдэнтамі. Акрамя таго, што шмат танкаў загразла ў балоце, экіпаж аднаго з іх, баючыся пераходу на тэрыторыю Польшчы, за 10—15 км ад мяжы пасадзіў танк на пень. На ім танк прастаяў цэлыя суткі. Вызваліўшы машыну, танкісты самастойна перайшлі мяжу. Але ў момант гэтага пераходу механік-кіроўца Саўцоў так разгубіўся, што не мог весці танк. Камандзір танка Майсееў узяў кіраванне на сябе. Аднак часць сваю танкісты не шукалі і ў бой не спяшаліся. Больш за тое, Саўцоў вывеў са строю стартар. Нават калі памочнік камандзіра часці самастойна знайшоў гэты танк і замяніў стартар, экіпаж не спяшаўся на перадавую, а круціўся па тылах. І толькі 26 верасня (гэта значыць, праз 9 дзён пасля пераходу мяжы!) танк такі ўдалося прывесці ў часць.

Падобная гісторыя адбылася і з яшчэ адным танкам БТ-7, у якім таксама вывелі са строю стартар, каб танк не ўдзельнічаў у баях. Начальнік асобага аддзела брыгады Барысаў рапартаваў, што «танк знаходзіўся ў вёсцы, дзе згаданыя асобы елі яечні, мёд, сала, гародніну і анітрохі не спяшаліся вяртацца ў часць. Калі быў выяўлены гэты танк, камандзір танка Рогаўцаў заявіў: «Як шкада, што вы нас знайшлі, тут так добра жыць»». Па двух гэтых выпадках асобы аддзел пачаў расследаванне.

Зрэшты, улічваючы атмасферу таго часу, нельга выключаць, што частку звычайных арганізацыйных «касякоў» энкавэдысты раздзімалі да ўзроўню выяўленага імі свядомага «шкодніцтва», каб атрымаць новыя зорачкі. Гэта быў іх хлеб.

«Броня крепка, а танки наши быстры»

Пасля пераходу мяжы да ўсіх праблем дадаліся і баявыя страты, у тым ліку з-за стральбы па сваіх. З’явіліся выпадкі марадзёрства. Асобы аддзел не паспяваў фіксаваць усе антысавецкія выказванні салдат накшталт «Як тут добра! Не тое што ў СССР». Савецкія вайскоўцы ўсіх узроўняў скуплялі ў польскіх крамах увесь тавар, забівалі ім свае танкі, а таксама адпраўлялі дадому ў пасылках.

Што ж тычыцца ўдзелу ў баявых аперацыях, такіх, як, напрыклад, баі за Гродна, то большую частку часу брыгада… прастаяла без паліва. У бітву за Аўгустоў 21 верасня брыгада змагла дэлегаваць толькі 40 машын, сабраўшы іх па розных батальёнах.

50% танкаў брыгады ў гэты момант стаялі без бензіну ў раёне Ваўкавыска.

Пра страты, у пераважнай большасці не баявыя, сведчыць такая статыстыка: на 25 верасня 1939 года, калі 2-я танкавая брыгада знаходзілася ў раёне горада Саколка, па розных прычынах туды не прыйшла 81 машына. З іх было 52 (!) танкі БТ-7, адна бронемашына БА-10 і 29 колава-транспартных машын. Як мы бачым, брыгада без удзелу ў сур’ёзных баях засталася без 25% танкаў.

Савецкая бранятэхніка на заходнебеларускіх дарогах. У ёй бронеаўтамабілі БА-10 і БА-20, а справа з надпісам «СТАЛИН» на вежы — танк БТ-5. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

Несумненна, што баявы шлях адной брыгады — гэта ўсяго толькі фрагмент карціны. Але і ў такім выпадку вялізныя небаявыя страты (і людскія, і тэхнікі) паказваюць, што пры канцы 1939 года савецкая армія была зусім не гатовая да вайны. Як бы гучна ні спявалі песні па радыё пра «несокрушимую и легендарную», ні гразіліся закідаць ворага шапкамі і перамагчы яго на ягонай жа тэрыторыі.

Трэба было рабіць нейкія высновы, і яны, вядома, рабіліся. Але нешта кардынальна змяніць за паўтара года, якія заставаліся да пачатку новай вайны, было немагчыма. Галоўнае: рэпрэсіі выбілі з шэрагаў Чырвонай арміі ўсіх камандзіраў, здольных думаць самастойна, крытычна ставіцца да палітыкі партыі і яе правадыра. Арышты і разгалінаваная сетка даносчыкаў пасеялі страх і недавер. У выніку за гэта заплацілі жыццём мільёны людзей.

 ***

«Непабядзімыя» праходзілі міма. Вось каля мяне спынілася кавалерыя, і я заўважыў, якія ў іх нячышчаныя рулі, а віселі яны — у каго на вяроўцы, у каго дрот, а ў некага нават тэлефонны кабель. Коні не кутыя, відаць, ад некалькіх месяцаў, бо капыты адраслі як у грэцкага жаўнера. Падумаў, як далёка гэтая «непабядзімая» дойдзе. І сапраўды, неўзабаве ўсе дарогі былі заваленыя коньмі, якія не маглі ісці без падкоў. Частку гэтае няшчаснае жывёліны людзі пазабіралі, пазасталыя ж аддалі свае жыцці за «шчаслівае савецкае жыццё»…

…Каля дарогі, што вяла ў Нягневічы, была відаць і мая гаспадарка, а за ёю на дарозе стаяў савецкі танк. Гэта не на жарт мяне ўстрывожыла: сапраўды, чаго ён стаіць, калі ўсе спяшаюцца ехаць на захад?

Падыходжу да свайго саду. Нідзе ні душы. Іду ў дом. Сям’я ўдома. Кажуць, танк сапсаваўся, адзін паехаў у Наваградак, а двух жаўнераў пакінулі ў танку.

Падсілкаваўся, адпачыў, пайшоў у сад. Зараз жа байцы, угледзеўшы мяне, вылезлі і ідуць у маім напрамку. Я таксама накіраваўся да іх. Падыходзячы да мяне, сказалі: «Здравствуйте, гражданин», — і не паспеў я адказаць, як яны пачалі прасіць яблык. Я гавару ім: зараз вам вынесу. А яны ў адзін голас: «Пазней, не нужно, мы этих сорвём». Я гавару: «Гэтыя яшчэ не паспелі, яны прыдатныя будуць за 4—5 тыдняў; гэта антонаўка, а там, далей — ранаты, касельская і баўмана, яны яшчэ болей вымагаюць даспяваць — 7—8 тыдняў». Я знаў, чаму яны не хочуць узяць яблыкі, якія абабраныя ляжалі. Ім убілі ў галовы, што мы палякі і можам іх атруціць.

Дазволіў нарваць антонаўкі, за што атрымаў «спасибо». Яны пайшлі да свае машыны-танка. Гэтым разам сядзелі вонкі на траве пад клянінаю, з’ядаючы недаспелую антонаўку, ад якой, як у нас кажуць, аж за вушамі пішчала…

Уступленне савецкай пяхоты на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

…Танк стаіць трэці дзень, чакаючы прыходу майстроў. Сяржант павярнуўся з Наваградка, але моцна прастудзіўся. Я сказаў брату, каб той пагутарыў з сяржантам і прапанаваў начаваць у маім доме (у брата не было месца, ягоная сям’я была вялікая). Сяржант адмовіўся ісці да мяне. Тады я пайшоў да яго сам і без засцярогі сказаў, што мы не з’яўляемся забойцамі, мы — рэлігійныя, што ў такі час хіба вар’ят мог бы зрабіць грэшны злы ўчынак жаўнеру. Сяржант пагадзіўся і прыйшоў нанач.

Я не хацеў з ім гутарыць на палітычныя тэмы, таму час вячэрні праводзілі ў маіх апавяданнях з часоў Першай сусветнай вайны. На вячэру жонка прыгатавала ўсё найлепшае і напарыла малака з маслам і мёдам. Калі ўсё было пастаўлена на стол, ён ні да чаго не дакрануўся, пакуль я першы не браў. Перад сном выпіў аспірыны і пайшоў спаць. Але перад тым сказаў, што адзін малады чалавек, які тут перад домам хадзіў, гаварыў танкістам шмат дрэннага на мяне…

…Назаўтра ўся мая сям’я захоўвала поўную ціш, каб не пабудзіць нялюбага госця. Прыезд майстроў і з імі лейтэнанта падняў яго з пасцелі ў поўным аздараўленні. Жонка прыгатавала сняданак і запрасіла да стала абодвух, але лейтэнант адмовіўся, толькі выказаў здзіўленне з шмат якіх патраў, дадаючы ў бок сяржанта: «Вельмі цябе добра гасцююць». У гутарцы лейтэнант выказаў, што ён паходзіць з Новых Дарог Бабруйскага павета. Якраз жонка і я ў першую вайну там жылі некаторы час, асабліва жонка, і амаль усіх знала. І калі сказала, што ўсіх ведае ў Новых Дарогах, то ён спыніў гутарку і не сказаў свайго прозвішча.

Паснедаўшы, шчыра падзякаваў, і пайшлі яны да танка, які быў ужо запраўлены, і адразу ж ад’ехалі на захад. Усе галоўныя сілы ішлі на захад, толькі сям-там засталіся тылавыя часці Чырвонае арміі.

Аляксандр Стагановіч. Успаміны пасла

Змитер Дрозд

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
ПНВТСРЧТПТСБВС
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031