Найти
30.12.2018 / 12:41РусŁacБел

От Блюмы Гамарник до Полины Машеровой: жены и дети руководителей БССР и их такая разная судьба

Іх партрэты неслі на дэманстрацыях. А якім было сямейнае жыццё людзей, што ў розны час узначальвалі Cавецкую Беларусь? Як складваліся лёсы іх жонак і дзяцей? Піша гісторык Антон Рудак.

Чарвяковы: тэлефанаваў Сталін, але жонка не схацела будзіць

Аляксандра Чарвякова называлі першым беларускім прэзідэнтам — ён у розныя гады займаў найвышэйшыя пасады ў рэспубліцы: быў старшынёй Цэнтральнага выканаўчага камітэта і Савета народных камісараў БССР. Ён быў вельмі, вельмі папулярны ў народзе. У яго верылі, «у Мінск да Чарвякова» на прыём дабіраліся з самых далёкіх вёсак.

Жыў Чарвякоў у Мінску ў знакамітым Другім доме Саветаў, што на рагу вуліц Леніна і Маркса. Ягоная жонка, Ганна Іванаўна, працавала прадстаўніцай газеты «Известия» ў Мінску. Сваіх дзяцей у Чарвякова не было, у сям’і гадавалася дачка ад першага шлюбу Ганны Іванаўны з калегам Чарвякова Уладзіславам Скарынкам — Соф’я. Яна пазней узгадвала, што маці не баялася запярэчыць нават самому Сталіну. Аднойчы, калі той званіў Чарвякову, яна пашкадавала будзіць мужа, які тады драмаў, чым выклікала гнеў правадыра.

Аляксандр Чарвякоў з сям’ёй. Фота: gazetaby.com.

У чэрвені 1937-га Аляксандр Чарвякоў застрэліўся: ён разумеў, што арганізаваная супраць яго кампанія цкавання і абвінавачанні ў антысавецкай дзейнасці рыхтуюць глебу для арышту, які азначае прыніжэнні і катаванні. Ганна Чарвякова адразу ж, каб пазбегнуць арышту, перабралася з дачкой у Маскву — але ў 1938-м яе ўсё адно арыштавалі, яна атрымала дзесяць год лагераў і адседзела тэрмін цалкам. Дачку Соф’ю выключылі з камсамола і выслалі, прычым двойчы — паўторна ўжо пасля вайны. У Мінск яна вярнулася толькі ў 1965-м, праз год пасля смерці Ганны Іванаўны, якая паехала ў высылку следам за дачкой. Памерла Соф’я Аляксандраўна ў 2000-м і пахаваная разам з айчымам на Вайсковых могілках.

Жылуновіч прывёз жонку з Пецярбурга

Зміцер Жылуновіч (літаратурны псеўданім Цішка Гартны) — першы старшыня беларускага савецкага ўрада і аўтар маніфеста аб стварэнні БССР. Ягоная жонка, Надзея Сцяпанаўна, была расіянкай, нарадзілася ў 1894 годзе ў Пецярбургу. Там яшчэ да рэвалюцыі Надзя Бялова пазнаёмілася са старэйшым на сем гадоў Змітром, які ў Пецярбургу працаваў на заводзе. Пабраліся шлюбам у лютым 1916-га, а роўна праз год у іх ужо нарадзілася дачка Галіна. Надзеі тады было 24 гады, Змітру — 31.

Зміцер і Надзея Жылуновічы, 1916 год. Фота: БДАМЛМ. Ф. 15, ВОП. 1, АДЗ. ЗАХ. 123. Нададзена Віктарам Жыбулем.

У міжваенныя гады Жылуновіч узначальваў Дзяржвыдавецтва і Цэнтральны архіў БССР, займаў пасаду намесніка наркама асветы, быў членам прэзідыума Акадэміі навук БССР, а Надзея Сцяпанаўна працавала ў Белдзяржкіно капіроўшчыцай — здымала копіі з дакументаў і схем. Вядома, што пралетарый Жылуновіч быў франтам і вельмі сачыў, каб і жонка апраналася адпаведна. Жылі Жылуновічы ў Мінску ў другой палове 1930-х доме №8 па Маскоўскай вуліцы, які стаіць і цяпер.

Зміцер Жылуновіч з дачкой Галінай і сынам Алегам. Фота: БДАМЛМ. Ф. 15, ВОП. 1, АДЗ. ЗАХ. 123. Нададзена Віктарам Жыбулем.

У лістападзе 1936-га Змітра Жылуновіча арыштавалі, ён памёр у магілёўскай псіхіятрычнай лякарні яшчэ ўвесну 1937-га (ці то ад гангрэны лёгкіх, ці то наўмысна праткнуўшы сабе грудзі ножкай бальнічнага ложка). 20 жніўня 1937-га НКВД забраў ягоную жонку, а праз пяць дзён — дачку, студэнтку медінстытута. 8 кастрычніка 1938 года абедзвюх асудзілі як «членаў сям’і здрадніка радзімы» за «саўдзел у антысавецкай дзейнасці» да пяці гадоў ссылкі і этапавалі ў Ленінгpадскую вобласць. Рэабілітавалі жанчын толькі ў 1966 годзе. Праз два гады не стала Надзеі Сцяпанаўны, яна пахаваная на мінскіх Усходніх могілках. Галіна Дзмітрыеўна памерла у 1987-м, паспеўшы напісаць кнігу «Мой бацька. Успаміны пра Цішку Гартнага». Сын Жылуновічаў, Алег, добраахвотна пайшоў на фронт санітарам і загінуў пад Ленінградам падчас нямецкай бамбардзіроўкі яшчэ ў 1942-м.

Жонка Кнорына прайшла праз лагеры, а сын быў угнаны ў Германію

Вільгельм Кнорын, латыш па нацыянальнасці, узначальваў ЦК КПБ двойчы: у 1920—1921 і 1927—1928 гадах.

Жонка ягоная, Ніна Аляксандраўна Жыгалава, нарадзілася ў 1901 годзе на Смаленшчыне. У маладосці настаўнічала, была актрысай. У 1922 годзе, працуючы ў ЦК партыі, пазнаёмілася з Кнорыным, праз два гады яны пабраліся шлюбам, у іх нарадзіліся двое дзяцей — Юрый і Мая. У 1937-м арыштавалі самога Кнорына, а ў наступным годзе — і ягоную жонку, якая атрымала восем год лагераў. Тым часам Юрый Кнорын быў вывезены немцамі з Данбаса (куды яго выслалі з Масквы пасля арышту маці) на работы ў Германію. Рэабілітавалі Ніну Кнорыну ў 1955 годзе, памерла яна ў 1990-м у Маскве.

Блюма Гамарнік была сціплай першай лэдзі

Ян Гамарнік узначальваў БССР у 1928—1930 гадах. Са сваёй жонкай Блюмай Савельеўнай Авербух ён пазнаёміўся ў Адэсе ў 1918-м, калі яны разам змагаліся ў бальшавіцкім падполлі. Пазней Блюма скончыла Інстытут чырвонай прафесуры і працавала ў выдавецтве. Бальшавікі-ідэалісты, Гамарнікі ўвесь час жылі надта сціпла, чым вылучаліся сярод партыйнай эліты. У 1937-м Ян Гамарнік застрэліўся, каб пазбегнуць арышту, але ягоную жонку гэта не выратавала. Як «удзельніца контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай групы», яна была арыштаваная і ў 1941-м расстраляная.

Блюма Авербух-Гамарнік пасля арышту. Фота:ru.openlist.wiki.

Жонка Гікалы адказвала за партыйныя чысткі

Наталлі Яўгенаўне Чыжовай, жонцы Мікалая Гікалы, які кіраваў БССР у 1932—1937 гадах, пашанцавала больш. Як дырэктар Інстытута журналістыкі і загадчыца аддзела культуры і прапаганды мінскага гаркама ЦК, яна сама была ў Мінску старшынёй камісіі па чыстцы ва ўстановах культуры, адукацыі і навукі. Праўда, нават гэта яе не ўратавала — у 1937-м яна таксама была арыштаваная. Аднак ёй пашчасціла выжыць і ў 1955-м дамагчыся рэабілітацыі — і для расстралянага мужа, і для сябе.

Мікалай Гікала і Наталля Чыжова падчас дэманстрацыі ў Мінску. Фота: naviny.by.

Панамарэнкі: сын спіўся

Панцеляймон Панамарэнка кіраваў БССР у 1938—1947 гадах. Ягоная жонка, Вера Георгіеўна Галавухава, перажыла мужа на дзесяць гадоў і памерла ў 1994-м. Іх сын, Валерый, злоўжываў алкаголем і памёр у 1970-м, на чатырнаццаць гадоў раней за бацьку.

Гісторык Эмануіл Іофэ ў сваёй кнізе, прысвечанай Панамарэнку, прыводзіць меркаванне, што акурат свавольствы кампаніі Валерыя Панамарэнкі з рэдкімі ў тыя часы запальнічкамі маглі спрычыніцца да загадкавага пажару 3 студзеня 1946 года ў мінскім клубе НКГБ на плошчы Свабоды. Тады на элітным навагоднім маскарадзе трагічна загінулі некалькі дзясяткаў маладых людзей.

Акрамя Валерыя, Панамарэнкі мелі прыёмную дачку Зінаіду — яна стала архівісткай.

Сын Гусарава стаў дысідэнтам

Мікалай Гусараў узначальваў БССР у 1947—1950 гадах. З жонкай, Панай Аляксееўнай Цюняевай, ён на той момант ужо не жыў, хоць і не разводзіўся, каб не псаваць кар’еры. Сын Гусаравых, Уладзімір, жыў з маці, ваяваў на фронце, стаў акцёрам, а ўрэшце зрабіўся дысідэнтам-антысаветчыкам. Дзякуючы заступніцтву высокапастаўленага бацькі, яго не пасадзілі, а паклалі ў псіхіятрычную лякарню. Пазней Уладзімір Гусараў шчыра апісаў сваё жыццё ў кнізе з назвай «Мой тата забіў Міхоэлса», апублікаванай у 1978-м у Франкфурце-на-Майне.

Уладзімір Гусараў стаў дысідэнтам. Фота: belousenko.com.

Пана Аляксееўна памерла ў 1962 годзе, Мікалай Іванавіч — у 1985-м, а Уладзімір Мікалаевіч — у 1995-м.

Патолічаў вельмі любіў цешчу

Пра сямейнае жыццё Мікалая Патолічава, які быў першым сакратаром ЦК КПБ у 1950—1956 гадах, а пазней, у 1958—1985, займаў пост міністра знешняга гандлю СССР, ходзяць легенды. У сеціве часта можна сустрэць сцверджанні, што Патолічаў ажно 27 гадоў быў у шлюбе… са славутай актрысай Элінай Быстрыцкай. Аднак гэта няпраўда. Відаць, спрычынілася да ўзнікнення такой дзіўнаватай канспіралагічнай версіі тая акалічнасць, што савецкая кіназорка не афішавала свой шлюб. Сапраўдную ж жонку Патолічава звалі Надзеяй Іванаўнай, і з ёй ён меў дзвюх дачок, Ніну і Наталлю.

Кажуць, Патолічаў меў настолькі цёплыя адносіны з цешчай, што калі яна памерла падчас вайны ў Чэлябінску, то ўсе прысутныя пры развітанні былі перакананыя, што нябожчыца — родная маці Мікалая Сямёнавіча.

Яніна Мазурава збірала на карты

Кірыла Трафімавіч Мазураў узначальваў БССР у 1956—1965 гадах. Ён быў першым пасля 1920-х беларусам на гэтай пасадзе. Са сваёй будучай жонкай, мінчанкай Янінай Станіславаўнай Леановіч, ён пазнаёміўся ў 1940 годзе. Падчас вайны іх шляхі разышліся — Яніна апынулася ў тыле, а Кірыла быў накіраваны арганізоўваць камсамольскае падполле на акупаванай тэрыторыі. Шлюбам яны пабраліся толькі пасля вайны і мелі ў ім трох дзяцей — Наталлю, Алену і Віктара. Яніна Станіславаўна скончыла педагагічны інстытут, пазней там жа і працавала.

Сям’я Мазуравых. Фота: bel-jurist.com.

Целаахоўнік Мазурава Віктар Кузаўлеў прыгадваў, што менавіта Яніна Мазурава была ініцыятаркай пасядзелак жонак членаў Палітбюро на сваім падмаскоўным лецішчы, дзе яны любілі бавіць час за гульнёй у карты. Памерла жонка Мазурава ў 2007-м годзе, на 18 гадоў перажыўшы мужа.

Машэравы: разам прайшлі вайну

Будучая жонка Пятра Машэрава Паліна Андрэеўна Галанава нарадзілася ў 1917-м на Шклоўшчыне, у вёсцы Новыя Чамаданы. У 1939-м яна скончыла ў Мінску зубалячэбную школу і па размеркаванні трапіла ў Расоны. Тут яна і пазнаёмілася з будучым мужам. Пра маладую прыгожую лекарку распавяла Машэраву ягоная сястра, і ён з цікаўнасці прыйшоў да яе лячыць зубы — а праз год ажаніўся, ужо ў партызанскім атрадзе.

Пётр і Паліна Машэравы. Фота: postavy.of.by.

І Пятро, і Паліна былі з пачаткам вайны мабілізаваныя, прайшлі праз палон, але зноў сустрэліся ў Расонах. Падчас акупацыі зубны кабінет Паліны Андрэеўны быў адной з явачных кватэр падполля, а пасля яна разам з мужам была ў партызанах, узначальвала медыцынскую службу атрада.

Калі Машэраў загінуў у таямнічай аўтакатастрофе пад Смалявічамі 4 кастрычніка 1980 года, Паліна Андрэеўна была ў Карлавых Варах. Яна тады ўпершыню адпачывала без мужа, і яе давялося тэрмінова дастаўляць самалётам у Мінск.

Памерла Паліна Андрэеўна ў 2002 годзе.

У Машэравых было дзве дачкі — Наталля і Алена. Наталля Пятроўна, якая нарадзілася ў 1945-м, скончыла аспірантуру філфака БДУ, выкладала літаратуру, а ў 2000 годзе стала дэпутатам беларускага парламента і нават збіралася ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, але потым адмовілася. Алена Пятроўна, народжаная ў 1949-м, скончыла Мінскі радыётэхнічны інстытут, яна кандыдат тэхнічных навук, жыве ў Маскве.

Антон Рудак

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
ПНВТСРЧТПТСБВС
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031