Новейшая история Беларуси: Arche предлагает подборку книг
Часопіс «Arche» абвяшчае акцыю «Найноўшая гісторыя Беларусі». Прапанова прыцягне ўвагу ўсіх, хто цікавіцца сучаснаю гісторыяй краіны, а таксама імкнецца разабрацца ў тонкасьцях палітычных працэсаў.
Найноўшая гісторыя Беларусі — гэта тэма, на якую няпроста знайсьці прафэсійных гістарычных ці паліталягічных дасьледаваньняў. Віной таму — ідэалягічныя рагаткі, які прымушаюць акадэмічную супольнасьць або пісаць хвалебныя апалёгіі, або ігнараваць цэлыя пласты нашай недалёкай мінуўшчыны, асьвятленьне якіх можа даць непажаданыя эфэкты.
Увазе чытачоў прапануюцца 6 папяровых і 5 электронных тэматычных выданьняў, якія дазволяць атрымаць грунтоўныя веды і лепш разумець прычыны й наступствы падзеяў у грамадзкім і палітычным жыцьці краіны.
Акцыя дзейнічае да 11 чэрвеня.
Папяровыя выданьні:
Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі (да 2006 г.)
У кнізе асьвятляюць асноўныя і найважнейшыя арыенціры ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі ад моманту аднаўленьня незалежнасьці.
Выданьне складаецца з публікацыяў аўтараў з рознымі паглядамі на падзеі беларускае палітычнае гісторыі нашага часу, і празь іхную разнастайнасьць укладальнікі атрымалі большую аб’ектыўнасьць, ніж выданьні паасобных аўтараў. Гісторыю Беларусі паказалі ў рэтраспэктыве ад 1991 да 2006 году, асаблівае месца займае гісторыя стварэньня й дзейнасьці палітычных партыяў у Беларусі.
Аляксандр Кур'яновіч — Апазіцыя Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі XII склікання (Дакументы, факты, каментарыі)
Зборнік зьмяшчае шматлікія дакумэнты й матар'ялы, датычныя дзейнасьці парлямэнцкай апазыцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі ХІІ скліканьня (1990—1995 гг.). Многія зь іх публікуюцца ўпершыню на падставе архіўных арыгіналаў. Тэксты дакумэнтаў суправаджаюцца грунтоўнымі камэнтарамі ўкладальніка, а таксама багатым ілюстратыўным матар'ялам, усяго каля тысячы дакумэнтаў.
Зборнік Кур’яновіча — кніга, па якой варта вучыцца. Каго Пазьняк зьедліва называў «дэмакратамі на 90%»? Калі й пры якіх акалічнасьцях Лідзія Ярмошына стала супрацоўніцай ЦВК? Асноўныя дзейныя асобы — Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў, Пётра Садоўскі, Сяргей Навумчык ды іншыя. Кніга будзе цікавая навукоўцам, палітолягам і ўсім, хто цікавіцца сучаснаю гісторыяй бацькаўшчыны.
Віталь Сіліцкі — Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сербіі і Беларусі
Кніга вядомага беларускага палітолага Віталя Сіліцкага (1972—2011), не скончаная з-за ранняй смерці аўтара — падсумаванне яго ранейшых даследаванняў. Аўтар канцэпцыяў прэвентыўнага аўтарытарызму і аўтарытарнага інтэрнацыяналу, Сіліцкі бярэ выпадкі Беларусі і Сербіі, каб зрабіць бліскучы параўнальны аналіз, паказаць падабенствы і адрозненні ў іхных гістарычных лёсах і палітычных рэжымах, адлюстраваць стратэгіі і вынікі дзейнасці палітычных гульцоў, сярод якіх у адпаведных краінах вылучаліся постаці Слабадана Мілошавіча і Аляксандра Лукашэнкі. Перад намі — грунтоўны і падрабязны гід па палітычнай траекторыі Беларусі і Сербіі пасля знікнення савецкай і югаслаўскай, збольшага намінальных федэрацыяў. Акрамя таго, гэтая кніга — практычны дапаможнік па метадалогіі палітычных даследаванняў, дзе аўтар выкарыстоўвае шырокі арсенал срокаў паліталагічнага аналізу і выдатна раскрывае ключавыя паняцці дэмакратызацыі, маніпуляцыйнага і прэвентыўнага аўтарытарызму.
Паліталёгія = Politikwissenschaft: Паняцьці. Аналізы. Тэорыі: Асноўны курс
Перад вамі — нямецкі энцыкляпэдычны падручнік па паліталёгіі, падрыхтаваны аўтарскім калектывам прафэсараў з унівэрсытэту Франкфурту-на-Майне. Выданьне зацікавіць студэнтаў гуманітарных спэцыяльнасьцяў, прафэсійных палітыкаў і палітолягаў, а таксама ўсіх, каго не пакідае абыякавым палітычная праблематыка. Пераклад зроблены паводле выданьня: Politikwissenschaft: Begriffe — Analysen — Theorien; ein Grundkurs / Hrsg. Iring Fetscher; Herfried Münkler. — Reinbek bei Hamburg: Rowohlt-Taschenbuch Verlag, 1990. — 670 S.
Паліталёгія = Politikwissenschaft: Паняцьці. Аналізы. Тэорыі: Асноўны курс. Прадмова ўкладальнікаў
Геапалітычнае месца Беларусі ў Эўропе і сьвеце
Гэтая кніга прысьвечаная геапалітыцы. Сярод зьмешчаных у ёй артыкулаў адзначым аналізы Ітана С. Бэргера «Разыходжаньне паміж палітыкай словаў і справаў: непрызнаньне Злучанымі Штатамі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў сакавіку 2006 г.», «Апошняя дыктатура ў Эўропе» — гэта Захад сур’ёзна?» Міколы Рабчука, «Беларусь: анатомія прэвэнтыўнага аўтарытарызму» Віталя Сіліцкага, «Беларусь паміж «каляровай рэвалюцыяй» і «контррэвалюцыйнай тэхналёгіяй» Эндру Ўілсана, «Рэгіянальныя адрознасьці ў кантэксьце вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 1994, 2001, 2006» Андрэя Казакевіча, «Прастора беларускага палітычнага дыскурсу і яго візуальныя і пэрфарматыўныя элемэнты» Імке Гансэн, «Беларусь: дзяржава, але яшчэ ня нацыя» Рыгора Ёфэ, «Мой рэйтынг эўрапейскіх нацыяў на пачатку XXI стагодзьдзя» Алега Латышонка, «Ці ёсьць у Беларусі беларусы?» Дэвіда Р. Марплза, «Паміж лукашызмам і нацыяналізмам» Пятра Рудкоўскага.
ARCHE №4 (137) — 2015. Нераўнапраўнае партнёрства: дзяржава і грамадзянская супольнасць пры кансалідаваным аўтарытарызме
У нумары асьвятляюцца розныя вымеры грамадзянскай актыўнасьці, у тым ліку культурная дзейнасьць, барацьба за гендэрную (ня)роўнасьць, палітычная салідарнасьць, мясцовае самакіраваньне, грамадзянская адукацыя, адносіны паміж рэлігійнымі групамі, маладзёвыя субкультуры, «зялёны» рух, а таксама працэс (дэ)кансалідацыі і (дэ)палітызацыі грамадзянскага сэктару.
Электронныя выданьні:
Хрышчэнне нацыі. Масавыя акцыі 1988—2009
Гэтая кніга складаецца з трох частак. Група палітолагаў на чале з доктарам палітычных навук Андрэем Казакевічам ажыццявіла аналіз вулічнай актыўнасці беларусаў у 1988—2009 гадах. Кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч дапоўніў яго малавядомымі гістарычнымі дакументамі. Нарэшце, рэдактары падабралі з даступных архіваў сотні фатаграфіяў і артэфактаў, што прымусяць іначай паглядзець на пачаткі беларускай незалежнасці.
ARCHE №9 (49) — 2006. Як гартавалася дыктатура
Асноўная публікацыя нумару — «Разгон. Успаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня». Яна складаецца з запісаных гісторыкам Яўгенам Анішчанкам успамінаў дэпутатаў Вярхоўнага савета 12 скліканьня, якія ўзялі ўдзел у галадоўцы пратэсту ў знак пратэсту супраць плянаванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму (адбыўся 14 траўня 1995 году). Галадоўка была гвалтоўна спынена супрацоўнікамі міліцыі і спэцслужб у Доме ўраду ў ноч з 11 на 12 красавіка. Як гэта адбывалася, і што гэтаму папярэднічала, апавядаюць Мікалай Аксаміт, Лявон Баршчэўскі, Юрась Беленькі, Ігар Гермянчук, Валянцін Голубеў, Мечыслаў Грыб, Лявонцій Зданевіч, Мікалай Кржыжаноўскі, Пётра Садоўскі і Алег Трусаў.
ARCHE №4 (33) — 2004. Прэзыдэнт з малой літары
Нумар прысьвечаны падвядзеньню вынікаў першай дзесяцігодкі Лукашэнкавага кіраваньня. «Каб ажыцьцявіць такую экспэртызу (менавіта экспэртызу, а не канчатковы прысуд), «бацьку» давялося паставіць у цэнтар шырокага абмеркаваньня і зацікаўленага дыялёгу» (з прадмовы да выданьня).
У выпуску: апытаньні «Чаму я галасаваў «за» Аляксандра Лукашэнку (ці «супраць»)?» і «Ці зьмянілася Вашае стаўленьне да Лукашэнкі за 10 гадоў?», артыкулы «Лукашэнка бяз маскі або Гульня на паніжэньне», «Лавіце момант: ленінская спадчына», «Замкнёнае грамадзтва і замкнёны розум» ды іншыя.
ARCHE №1—2 (100—101) — 2011. Выбары 19 сьнежня 2010: Панарама падзеі
Нумар прысьвечаны падзеям канца 2010 году: чарговым прэзыдэнцкім выбарам, брутальнаму разгону Плошчы і ягоным наступствам. Аснову нумару склалі сьведчаньні відавочцаў падзеяў, дапоўненыя меркаваньнямі экспэртаў.
Майкл Урбан — Алгебра савецкай улады. Цыркуляцыя эліт у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы (1966—1986)
Манаграфія амерыканскага палітолага мае наступныя раздзелы: 1. Метад, мадэль і гістарычныя падваліны 2. Іерархія, мабільнасць і мадэль стратыфікацыі 3. Цэнтралізацыя як вызначальнік цыркуляцыі эліт 4. Рэгіянальная структура ў цыркуляцыі эліт 5. Як будуюцца патранажныя адносіны 6. Ці прыналежнасць да групоўкі мае значэнне? 7. Палітычная пераемнасць 8. Высновы, наступствы і пытанне ўзроўняў
Інфармацыя пра тое, як атрымаць упадабаныя выданні ёсць на сайце Arche.