Знайсці
12.10.2012 / 10:097РусŁacБел

Тры гісторыі з нямецкай турмы

Каго толькі ні сустрэнеш на закратным шляху...

Алкаголікі, наркаманы, аліментшчыкі, бізнэсоўцы… Людзі збольшага выпадковыя. Трапляюцца, аднак, тыя, для каго турма — частка жыцця, часам нават галоўная. За плячыма ў такім выпадку могуць быць не толькі беларускія засценкі, але і турмы іншых краінаў — зазвычай еўрапейскіх. Ніжэйпададзеныя гісторыі я пачуў ад выпадковага знаёмага, які перад тым як трапіць у беларускую вязніцу, ужо адседзеў у Польшчы і Германіі.

Аповеды датычаць 90-х, таму шмат што ў іх страціла актуальнасць. Пры гэтым асобныя моманты могуць падацца цікавымі як знаёмаму, так і не знаёмаму з беларускай пенітэнцыярнай сістэмай чытачу. Далейшы аповед ідзе ад першай асобы.

«Für lieben Uwe»

«Падчас маёй адседкі ў Дзюсельдорфе адзін немец неяк паказаў нядаўна дасланае фота сваёй жонкі. Разгляд фота — звычайная справа, папярэдне, як бывае, размова ішла акурат пра жонак. На фота — маладая жанчына, троху разваліўшыся, сядзіць на непрыбраным ложку. На ёй на хуткую руку накінуты халат, валасы непрычасаныя. Ззаду надпіс: «Für lieben Uwe». Не ведаю, можа, і нармальна адсылаць такія фота, але я б прынамсі не паказваў іх іншым.

— Слухай, Увэ, а хто яе фатаграфаваў?

— …

Немец не адразу нават зразумеў, пра што я. Некалькі наступных дзён мой суразмоўца не паказваўся. Толькі схадзіўшы на кароткае спатканне, ён зноўку знайшоў мяне і паведаміў, што разыходзіцца з жонкай.

— Аказваецца, фота зрабіў мой стары сябар, пасля таго як…

Пасля Увэ яшчэ доўга жартаваў: «Не паказвайце рускаму сямейных фота! Жыў бы сабе спакойна, каб не паказаў… Адзін негатыў ад гэтых рускіх!»

Албанец

«Албанцы мне вельмі нагадваюць прадстаўнікоў малалікіх каўказскіх народаў — найперш ганарлівасцю, ваяўнічасцю. Я не супраць, проста ў іх выпадку гэта спалучаецца з нізкім узроўнем адукацыі. Нават людзей, па-сапраўднаму цікавых, я сярод албанцаў не сустракаў. Нездарма яны, як і чаркесы, заўсёды служылі наймітамі падчас канфліктаў на кантыненце.

Я табе ўжо расказваў пра немца, які працаваў у ахоўным агенцтве, у тым ліку нёс варту на ўваходзе да дыскатэк і клубаў. Папярэдне іх падрабязна інструктавалі: пускаць не больш за трох-чатырох неграў, арабаў — толькі адэкватнага выгляду, туркаў — толькі без залатых упрыгожанняў (прыкмета „пантоў“ і патэнцыйнай агрэсіі). Што да албанцаў, дык у сур’ёзныя ўстановы іх забаранялася пускаць у прынцыпе.

— Але як вы іх адрозніваеце? Шмат албанцаў маюць светлыя валасы і блакітныя вочы, — запярэчыў я.

— Галоўная прыкмета — прыадкрыты рот, — усміхнуўся хлопец.

Пасля гэтай размовы я пачаў адрозніваць албанцаў беспамылкова. Характэрна, што ў нас адкрытая „пашча“ зазвычай асацыюецца з разгубленасцю, тупасцю, але ў албанцаў фізіяноміі ў гэты момант злыя ды нахабныя. Дзівоснае спалучэнне!

Я вырас на поўдні Расіі, таму шмат разоў бачыў агрэсію як нацыянальную асаблівасць, але албанцы пераўзышлі ўсіх. Уяві сабе: 23-гадовы хлопец разам з дзяўчынай-немкай спрабуе прайсці ў начны клуб. Ахова пускае толькі дзяўчыну, а яго не, маюць права — прыватная ўстанова, прычынаў могуць не тлумачыць. Хлопец кідаецца ў бойку, але дзе там: ахова — здаровыя дзецюкі. Выкінулі яго, паліцыі не выклікалі, на сваю бяду… Хлопец гэты, дзіця гор, спяшаецца дахаты, бярэ помпавае ружжо, набоі, вяртаецца да клуба і… расстрэльвае ахову: два трупы, адзін інвалід, цудам застаўся жывы.

Хлопца злавілі, далі пажыццёвае… Я сядзеў з ім і, канечне, запытаўся:

— На якую халеру ты гэта зрабіў? Цяпер табе адсюль ніколі не выйсці!

На момант майго знаёмства гэты хлопец паспеў ужо адседзець гады тры, падумаць пра тое, што адбылося. Яго адказ быў больш чым грунтоўным. А сказаў ён мне так:

— Ніякая гніда не можа абразіць мяне беспакарана, я зрабіў усё правільна. Зараз кожны будзе думаць, перад тым як дачапіцца да албанца. Дзякуючы мне больш немцаў застанецца жывымі!..

На ўсялякі выпадак я перапытаў наконт стаўлення яго сям’і і пра тое, ці адэкватная гэта была помста. Ведаеш, што ён сказаў? Ён сказаў:

— У маім родным сяле мной ганарацца, а маім імем называюць дзяцей. Наконт адэкватнасці я не паруся: такая мярзота не мае права жыць.

Такія вось норавы. У нямецкіх турмах албанцы наогул сядзяць канфліктна, складана з імі. Але ж немцы майстры прыняцця мераў: пасля першага ж мардабою садзяць у „адзіночкі“.

Курдскі сцяг і нямецкая юстыцыя

Пасля суда мяне накіравалі ў турму ў горадзе Верль. Яна для вязняў, што здзейснілі асабліва цяжкія злачынствы, але, як заўжды ў „іншым свеце“, умовы ў такой турме нашмат лепшыя, чым там, дзе сядзяць „легкавагавікі“. На кожным паверсе ёсць кухня з добрым посудам ды інш. Шмат хто тут мае пажыццёвае (яны утрымліваюцца разам з усімі), таму абжываецца па максімуме.

Адна з асаблівасцяў вялікіх турмаў — выданне ўнутранага часопіса. Пішуць туды, ясна, зэкі. Рэдактар — таксама зэк. Інфармацыя самая розная: ад жыццёвых гісторыяў, умоваў у іншых турмах да… кулінарных рэцэптаў.

Дык вось, прыходзіць да мяне неяк рэдактар Крыстаф і расказвае гісторыю пра нядаўна прывезенага сюды курда, які быў сябром КПП — Курдскай працоўнай партыі — у Германіі. Сеў ён за тэрарызм, ягоная партыя гэта часам практыкуе… Падчас першага „шмону“ па заездзе ў ягоных рэчах знайшлі сцяг КПП (гэтая сімволіка не была тады забароненай). Але сцяг прапускаць усё адно не хацелі: знайшлося нейкае правіла, згодна з якім сцяг пры сабе трымаць можна, але пэўных памераў. Сцяг курда перавышаў стандарт шырыні на 15 см: супрацоўнікі турмы прапанавалі ўладальніку альбо адрэзаць „непатрэбнае“, альбо пакінуць рэліквію на складзе… Канечне, курд абраў апошняе.

Крыстаф, ясная справа, напісаў пра гэта ў сваім часопісе: „Вось яна, бюракратыя, нічым яе не ўзяць…“ Перад друкам макет часопіса чытае дырэктар турмы, каб не было парнаграфіі альбо чаго забароненага. Але гэта не цэнзура! Яе ў краіне няма. Дырэктар, значыцца, прачытаў, пагадзіўся, але зацемку пра сцяг загадаў прыбраць. Крыстаф пачаў абурацца, але штомесячны часопіс так і не выйшаў…

— Чым магу дапамагчы? — пацікавіўся я, уважліва даслухаўшы аповед.

— Ты ж ведаеш, у турме ёсць каналы на розных мовах, — здалёк пачаў Крыстаф, — на арабскай, італьянскай… А вось расійскага няма — хоць ты „рускі“ (няхай і адзіны на той момант у турме). Адміністрацыя парушае тваё законнае права на інфармацыю…

— Чакай, я ведаю нямецкую. Мне болей не трэба, дый не цікава, пра што маскалі брэшуць…

— Ты не разумееш: выпадак пра сцяг курда будзе разбіраць суд, бо часопіс зарэгістраваны як грамадскі орган друку, цэнзура ў ім недапушчальная. Ад цябе патрабуецца толькі пацвердзіць, што і цябе прыціскае адміністрацыя па нацыянальнай прыкмеце.

Я даў згоду з умовай, што ў якасці пацярпелага нідзе ніколі выступаць не буду, ды і падпісваць таксама нічога не буду. Прычыны гэтага я доўга тлумачыў Крыстафу, але ён да канца іх так і не зразумеў… („Паняццяў“ у нашым разуменні ў іх турмах не існуе.)

Скончылася ўсё тым, што суд прызнаў рацыю рэдактара часопіса. Зацемка пра сцяг была надрукаваная з апісаннем усёй гісторыі. Цікава, што пасля суда ўдзельнікі разбіральніцтва не трапілі пад рэпрэсіі з боку адміністрацыі. Іх дзяржслужбоўцам, канечне, уласцівая дробязная помслівасць, але выглядае яна зусім інакш. Раскажу іншым разам…»

Алесь Кіркевіч, Гродна, былы палітвязень

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031