Знайсці
10.06.2012 / 09:5833РусŁacБел

Спецыфічнае пытанне

Пра мінскіх падпольшчыкаў піша Сяргей Ваганаў.

1 ліпеня 2007 ля брамы дражджавога завода панавала гістарычная справядлівасць: на месцы, дзе 26 кастрычніка 1941 акупанты павесілі першых мінскіх падпольшчыкаў Кірылу Труса, Валодзю Шчарбацэвіча і Машу Брускіну, якія выратавалі 48 параненых чырвонаармейцаў, гарадское кіраўніцтва адкрывала новы мемарыяльны знак. На былым імя Машы Брускінай адсутнічала. Замест яго — «невядомая».

Нагадаю: Маша была габрэйкай...

...1 лютага 2012 у музеі Вялікай Айчыннай вайны ля здымкаў пакарання, якія пасля фільма Міхаіла Рома «Звычайны фашызм» сталі вядомы ва ўсім свеце, экскурсаводка расказвала: «Адносна дзяўчыны існуюць дзве версіі. Па адной — гэта мінская школьніца Маша Брускіна. Па другой...» «Чаму вы гаворыце пра нейкія версіі?» — запытаўся я. «Так-так, — збянтэжылася экскурсаводка, — я разумею спецыфіку вашага пытання...»

21 мая 2012 дырэктар музея С. Азаронак даслаў у Германію ліст: «Паважаны Міхаіл Саламонавіч!.. Пры нашай апошняй сустрэчы мы запэўнілі Вас, што зробім усё неабходнае дзеля ўвекавечання памяці Машы Брускінай...»

Міхаіл Саламонавіч Нардштэйн — былы ваенны журналіст, зараз жыве ў Германіі. Яму больш за 80 гадоў, я ведаю яго амаль 40. Упэўнены, што ён будзе жыць, пакуль ва ўсіх вядомых яму несправядлівых гістарычных акалічнасцях не пераможа справядлівасць.

У красавіку, зарабіўшы ў старога фермера грошай на праполцы гародніны, ён прыехаў у Мінск. Дзеля Машы Брускінай...

Але чаму?

Чаму пасля 40 гадоў рызыкоўнага, са звальненнямі з працы ды іншымі рэпрэсіямі, змагання журналістаў і гісторыкаў за імя Машы Брускінай; пасля неабвергнутых дакументальных доказаў яе самаахвярнага ўдзелу ў антыфашысцкім Супраціве; пасля таго, як яе імя стала ў цывілізаваным свеце сімвалам гэтага Супраціву, увасобленым у адпаведны медаль, помнікі і назвы вуліц; пасля таго, нарэшце, як яно знайшло прызнанне на радзіме — чаму зноў спатрэбілася «увекавечваць»?

Нагадаю абставіны, якія папярэднічалі прызнанню Машы Брускінай з боку дзяржавы: дыпламатычны скандал з Ізраілем пасля сумнавядомага выказвання Аляксандра Лукашэнкі пра бабруйскіх габрэяў, бліц-візіт галоўнага рэдактара «СБ» Паўла Якубовіча ў Ізраіль, ягоная прачулая прамова на адкрыцці вуліцы імя Машы Брускінай у Іерусаліме...

2 лютага 2007 «СБ» змясціла рэпартаж з адкрыцця новага мемарыяльнага знака на месцы пакарання. Не менш прачулы. «Сівая жанчына, — піша карэспандэнт, — ...казала сваёй равесніцы: «...Няўжо «інтэрнацыяналісты» і «дэмакраты» накшталт Машэрава і Шушкевіча не здолелі разабрацца ў такім простым пытанні?.. Чаму паўторна забівалі Машу?.. А вось Лукашэнка — верны сабе. Унік, не стаў звяртаць увагі ні на каго, аднавіў праўду. Вельмі высокародна гэта... Дзякуй Аляксандру Рыгоравічу...» Жанчыны выцерлі слёзы...»

Каго ж насамрэч увекавечвалі прапагандысты «СБ»?

Былы мінчук, ветэран вайны і ганаровы жыхар Іерусаліма Леў Аўсішчэр звяртаўся да Лукашэнкі са «спецыфічным» пытаннем яшчэ ў 2001. Слёз не было. Быў адказ ад Інстытута гісторыі НАН і згаданага музея: дастатковых доказаў, што пакараная патрыётка — Маша Брускіна, няма.

Яшчэ праз 12 гадоў у дзяржаўным, заўважце, музеі — тое ж...

Вось такая «спецыфіка».

Я пазначыў бы яе як прыхаваны антысемітызм. На паверхні — помнікі, мемарыяльныя знакі, прамовы. А пад паверхняй — атручаная глеба, цалкам прыдатная для новага ўраджаю.

Падобнага кшталту прыхаванасць, двудушша — увогуле ці не самая дзейсная «спецыфіка» рэжыму і адзін з вытокаў яго жывучасці.

...29 мая 2012 я пайшоў у музей паглядзець, што ж «усё магчымае» зроблена па абяцаным «ўвекавечанні».

Як і раней, пад жудаснымі здымкамі пакарання — аніякіх прозвішчаў ды імёнаў. Толькі з’явіўся побач збіты з дошак невялічкі стэнд, на якім змешчаны даваенныя здымкі некаторых пакараных. Але здымка Машы Брускінай тут няма. Той адзіны, што захаваўся, маўляў, невыразны...

Затое ёсць выразная цытата з выступу Лукашэнкі ў кастрычніку 2008, падчас 65-годдзя пагрому Мінскага гета: «На фоне маштабных падзей Другой сусветнай вайны, магчыма, і невялікі подзвіг 17-гадовай камсамолкі, вязніцы гета Машы Брускінай...»

Што ж, у кожнага свае гістарычныя шалі, свой маштаб: для каго «фон», а для каго — жыццё, ахвяраванае дзеля ратавання іншых жыццяў.

Таксама спецыфіка...

Глядзець таксама:

Дру... карнікі, альбо Заўтрашняя газета

Прывітанне ад Булата

Папяровы жаўнер

Сяргей Ваганаў, [email protected]

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031