Знайсці
29.05.2012 / 11:0926РусŁacБел

«Дзякуючы такім дурням, як я, Лукашэнка і прыйшоў да ўлады»

Як толькі мы сустрэліся ў Жодзіне з Аляксандрам Камароўскім, ён выцягнуў з мабільнага тэлефона батарэйку.

Каб не праслухоўвалі. Было бачна, што ў ветэрана афганскай вайны на душы накіпела.

Аляксандр Аляксандравіч шмат казаў і пра ўладу, і пра апазіцыю. Пасля прагулкі па Жодзіне я ўключыў дыктафон, імкнучыся перавесці размову ў пазітыўнае рэчышча. Бо нагода для нашай сустрэчы была не выпадковая: 29 мая ветэрану спаўняецца 70 гадоў.

— Вы ў добрай фізічнай форме. Спортам займаецеся?

— Арганізм дужа не гвалтую. Ніякіх прабежак, нічога такога не раблю. Проста вяду здаровы лад жыцця. Мая мэта — дажыць да 103 гадоў пры нармальнай сям’і, пры нармальнай уладзе.

— Вы нарадзіліся ў сям’і ссыльных беларускіх сялян у Пермскай вобласці. Адчувалі да сябе стаўленне як да сына ворагаў народа?

— Вядома. Па спецыяльнасці я бартавы тэхнік, служыў у ваенна-транспартнай авіяцыі на Далёкім Усходзе і Украіне. Лічыўся спецыялістам высокага ўзроўню, лётаў у складзе экіпажа авіяцыйнай эскадрыллі — гэта найбольш падрыхтаваны экіпаж у палку. Але была сакрэтная форма № 2, якую выдаваў КДБ і якая дазваляла палёты за мяжу, на сакрэтныя аб’екты. Дык вось, мне гэтай формы не давалі. Калі экіпаж вылятаў на спецзаданне за мяжу, мяне з экіпажа выводзілі, садзілі на маё месца іншага. Самалёт прылятаў — камандзір зноў забіраў мяне да сябе.

Чаму я вышэйшую адукацыю атрымліваць не захацеў? Таму што ведаў, што ў мяне будуць праблемы пры павышэнні па службе. Таму і прыняў разумнае, напэўна, рашэнне: больш пратрымацца на лётнай працы, дзе год ішоў за два, атрымаць выслугу і ў мінімальным узросце сысці на пенсію. Што ў мяне і атрымалася.

— У экстрэмальныя сітуацыі падчас службы траплялі?

— Было тры выпадкі, калі мы павінныя былі разбіцца і загінуць. У 1968-м ледзь не грымнуліся. 5 або 10 жніўня мы везлі з далёкага Усходу ў Маскву аўтамабіль сувязі авіятранспартнай авіяцыі (пасля выявілася, што ён быў прызначаны для аперацыі па ўводзе савецкіх войскаў у Чэхаславакію). Самалёт быў перагружаны, рухавікі зношаныя. Камандзір праігнараваў маю прапанову і запоўніў самалёт палівам цалкам. Узлётная паласа — 3 км. Праходзім яе — самалёт не адрываецца! Прайшлі яе ўсю — ну думаем, усё… адарваліся з вялікай цяжкасцю ўжо на грунце.

— Сяргей Вазняк, сам у мінулым вайсковец, расказваў такі выпадак. Ён папрасіўся на ваенны самалёт, які ляцеў з ГДР у Расію. Дарога далёкая, селі на борце выпіваць. А перад самай пасадкай ён зразумеў, што выпівае з пілотамі.

— Так, такое магло быць.

— У вас было нешта падобнае?

— Бывала падобнае, але я б не хацеў расказваць (усміхаецца). Не ў нашым палку, але было. Экіпаж быў з пахмелку, кабіна разгерметызавалася, яны страцілі прытомнасць. Самалёт АН-12 ішоў на аўтапілоце са зніжэннем. Яны прыйшлі ў сябе ў апошні момант.

— У Афганістан вы па жаданні ці па загадзе трапілі?

— У мяне была магчымасць адмовіцца. Але мы ж былі замбаваныя, шмат чыталі пра вайну, і мне хацелася выпрабаваць свой арганізм.

Але ў Афгане я хутка зразумеў убогасць гэтай вайны. Афганская эпапея, на маю думку, была злачынствам перад афганскім народам і перад нашым народам.

Але нервовую сістэму я падцягнуў.

— Чым вам вайна запомнілася?

— Да Афганістана ў мяне з яшчэ малых гадоў быў закладзены страх перад НКВД-КДБ. У палку мы выцягваліся перад оперупаўнаважаным (ваенная контрразведка КДБ) у струнку — баяліся.

А ў Афганістане быў такі выпадак. На аэрадром у Кабуле прыбыла вялікая калона машын на 200. Шчыльна паставілі аўтамабілі з боепрыпасамі і палівам, далі адпачыць асабоваму складу. Нашы тры чалавекі з авіяцыйнай часткі, «старыя», убачылі, што кіроўцы абкураныя (тыя ведалі, дзе па дарозе можна гандлянуць палівам), і пайшлі выбіваць у маладых бакшыш. Унутры калоны пачалася стральба. Адзін няўдалы стрэл — і ўсё выбухне.

Я быў дзяжурным па варце аэрадрома. Са сваімі людзьмі абяззброіў хлопцаў, забралі 6 ці 7 аўтаматаў, арыштаваў байцоў. Потым мы спакойна разабраліся. Прыйшлі іх афіцэры, якія ішлі з калонай, расказалі пра сваё гора. Я ведаў, якая ў іх складаная служба, зброю ім аддаў. У 7 раніцы яны выехалі, а праз гадзіну сярод іх ужо было два трупы — трапілі пад абстрэл.

Дык вось у разгар канфлікту мне з палаткі тэлефанаваў п’янаваты старэйшы оперупаўнаважаны, раўнялі мяне. Я камітэтчыку сказаў: яшчэ раз патэлефануеш — прыйду, застрэлю цябе.

Вось так я пачаў да іх ставіцца.

— Пасля Афганістана вы прыехалі жыць у Беларусь. Не пашкадавалі?

— Тут ужо жылі мае сваякі. У Жодзіне я аказаўся першым афіцэрам — удзельнікам вайны ў Афганістане, таму хутка вырашыў ўсе пытанні. За 8 месяцаў атрымаў кватэру, месца пад гараж, купіў «Жыгулі». Пайшоў працаваць начальнікам ўчастка на аўтабазу.

Неўзабаве ўзначаліў арганізацыю афганцаў. Мы рэзка пайшлі наперад у фармаванні структуры. У мяне быў камандзірскі вопыт, адносіны з уладамі былі добрыя. На 1991 год у нас было ўжо каля двухсот ветэранаў.

— Бізнэсам калі заняліся?

— У 1991-м. Я трошкі пабойваўся ў бізнэс ісці, але моладзь падштурхоўвала. І мы пачалі кляпаць прадпрыемствы, якія былі завязаныя на аб’яднанне інвалідаў вайны ў Афганістане: медыцынскія, аўтатранспартныя, шэраг іншых. Нам давалі льготы ў падаткаабкладанні, але я ад іх катэгарычна адмовіўся. Тады былі нармальныя падаткі…

Прыбытак быў добры. Штомесяц мог вылучыць 30 тысяч даляраў на розныя мерапрыемствы: моладзевыя лагеры, канцэрты. Але потым пайшлі ганенні. Яны пачаліся ў 2000 годзе і актывізаваліся ў 2006-м, калі ў «Народнай волі» выйшлі два мае артыкулы.

— Чаму ганенні пайшлі?

Па-першае, мы дазвалялі сабе крытыку ўладаў. Па-другое… канкурэнцыя. У Беларусі дзве рэспубліканскія арганізацыі афганцаў. Адну ўзначальваў я, другую курыраваў Віктар Шэйман, які ўзначальваў Савет бяспекі. Яны ваявалі супраць нас, не хацелі, каб мы глядзеліся лепш. Грошай у іх не было. У мяне былі сур’ёзныя сувязі з афганскімі арганізацыямі СНД, першыя асобы прыязджалі не кудысьці, а да мяне.

І пачалі высякаць бізнэс. Сакратар Савета бяспекі або генпракурор дасылае праверку на нашае прадпрыемства. Правяраьнікі рыюць зямлю і, натуральна, нешта пры нашым беззаконні і знаходзяць. І пайшло далей: працуеш у Сан Саныча — на цябе заводзяць «ліпавыя» справы. У Маладзечне ў мяне дырэктара прадпрыемства па дрэваапрацоўцы пасадзілі, паўтара года адседзеў цалкам ні за што.

Ці, да прыкладу, наладзіў я добрыя адносіны з амерыканскім фондам. У 1999-м мы атрымалі ад іх гуманітарную дапамогу на 2 млн даляраў: адзенне, абутак, спальныя мяшкі, медыцынскае абсталяванне. Лукашысты восем месяцаў мяне правяралі праз Дзяржкантроль. Нічога не знайшлі, 10 даляраў штрафу далі. Я кажу: за што штраф?! Яны: ну трэба ж даць, восем месяцаў цябе правяралі.

У 2001-м у мяне кантракт з амерыканцамі быў падпісаны ўжо на 15 млн даляраў. Але на мяне пачалі ціснуць, і я ад яго адмовіўся. Амерыканцы ўсё аддалі Украіне.

Яны быццам не разумелі, што я для людзей працаваў. Медабсталяванне на 240 тысяч даляраў мы раздалі на мясцовыя бальніцы, ваенны шпіталь. Дырэктар БелАЗа купіў нейкую херовіну ў бальніцу за 10 тысяч даляраў, усе газеты пра гэта напісалі. Кажу ім: я паставіў абсталявання на велізарную суму, вы мяне пахваліце, а то пасадзіць хочаце.

Цяпер ад нашага бізнэсу нічога не засталося, я і не хачу яго. Сын быў дырэктарам фірмы, я яго прыбраў. Афіцэр міліцыі папярэдзіў: інакш пасадзяць. Дачку давялося прыбраць з працы ў гатэлі «Мінск», баяўся, каб яе не падставілі.

Некалькі гадоў таму я сышоў з пасады старшыні РГА інвалідаў вайны ў Афганістане, калі б не пайшоў — яго б закрылі.

— Выходзіць, яны самі вас выштурхнулі ў палітыку.

— У нас любая крытыка прыраўноўваецца да палітыкі, цябе тут жа заносяць у чорны спіс. Вядома, мы не былі згодныя з адменай сацыяльных гарантый і льгот ветэранам афганскай вайны. За што Лукашэнка патройную пенсію плаціць людзям з Нацыянальнага сходу? Чым яны рызыкуюць? Здароўем, крывёю? У іх заслуга адна — плебейства, галасуюць як піянеры.

У 2009 годзе я, Аўтуховіч і Воўчак былі галоўнымі ініцыятарамі адмовы ад юбілейных медалёў да 20-годдзя вываду войскаў з Афганістана ад Лукашэнкі. Нас падтрымалі больш за 2000 афганцаў.

— Сустракаліся калі-небудзь з Лукашэнкам?

— Асабіста не. Але мая арганізацыя падтрымлівала яго ў пачатку. Прычым вельмі сур’ёзна. Фінансавыя ўкладанні рабілі ў яго першую прэзідэнцкую кампанію. Салідныя выдаткі былі. Мяне цяпер шматлікія афганцы дакараюць: Сан Саныч, гэта ж твой сябар. Дзякуючы такім дурням, як я, ён і прыйшоў да ўлады. Вось ён мне і «аддзячыў».

— Вы пісалі, што не трэба лічыць усю міліцыю ці КДБ ворагамі.

— Я лічу, што адсоткаў 80 там — нармальныя людзі. Вось, дапусцім, капітан Пыжык — цяпер ён палітуцякач. Ён працаваў следчым у Жодзінскім РАУС, у яго была задача пасадзіць мяне. Мне падкінулі фальшывыя даляры, завялі крымінальную справу. Але ён бачыў, колькі ў справе нестыковак. На хлопца пачалі ціснуць, звольнілі з міліцыі, павінныя былі спакаваць у турму. Ён зрабіў правільны выбар, ірвануў за мяжу.

Таксама ведаю з КДБ прыстойнага чалавека, са старой гвардыі. Гадоў 10 таму ён да мяне падышоў і кажа: «Лукашэнка загубіць дзяржаву».

— Сан Саныч, з якімі пачуццямі 70 гадоў сустракаеце?

— З аднаго боку, з аптымізмам падводжу асабістыя вынікі: выгадаваў і выхаваў дваіх дзяцей. Служыў, абараняў Айчыну. Сумленне чыстае на тысячу адсоткаў — перад дзяржавай, перад народам, перад сям’ёй.

Але ёсць і адмоўныя пачуцці. На вялікі жаль, мы не можам у нашай дзяржаве свабодна дыхаць, свабодна гаварыць, свабодна стасавацца. Супраць мяне, ветэрана, які мае ордэн за афганскую вайну, рабілі правакацыі, падкідвалі фальшывыя даляры. Сем сутак давялося адседзець у камеры.

Спадзяюся, беларускі народ зразумее, што так жыць далей нельга. Што час выходзіць з гэтага цёмнага тупіка. Хочацца, каб кожны беларус адчуваў, што жыве ў выдатнай краіне, што за ім дзяржава, што спецслужбы працуюць не каб пасадзіць яго на нары, а каб абараніць.

Руслан Гарбачоў, Салідарнасць

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031