Даслаць навіну
Знайсці
16.01.2010 / 00:34 57

Ці заплаціць Беларусь за незалежнасць, як Літва?

Аказваецца, і для Літвы развітанне з «саўком» зацягнулася. Так што былому палітработніку Лукашэнку будзе пра што пагутарыць з экс-выкладчыцай Віленскай ВПШ Грыбаўскайце. Піша Аляксандр Класкоўскі.

Неўзабаве Беларусь можа наведаць прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце. У сваю чаргу, яна збіраецца запрасіць Аляксандра Лукашэнку на святкаванне 20-годдзя аднаўлення незалежнасці сваёй краіны 11 сакавіка.

Дарожка ў Вільню для беларускага афіцыйнага лідэра ўжо пракладзена. Ад Мінска да літоўскай сталіцы — бліжэй, чым да любога з нашых абласных цэнтраў. Карацей, да Еўразвязу ўжо некалькі гадоў рукой падаць, дзве гадзіны на аўто з ветрыкам. Мёртвым тормазам была, аднак, палітычная алергія Захаду на «апошнюю дыктатуру Еўропы». Але сякеру халоднай вайны, здаецца, закапалі.

Лукашэнка абкатаў гэты маршрут летась увосень — памятаеце, трыумфальна ўехаў у Вільню з меншым хлопцам на «мерседэсе». Зрэшты, пасля эры ізаляцыі візіты ў Еўразвяз для яго пакуль што ў навіну. Можа, таму ў верасні трымаўся там даволі напружана, задзірліва. Пад’юджваў суседзяў: вы ж, маўляў, кожны крок цяпер з Бруселем узгадняеце! Нават — ці сустракацца з «дыктатарам». Карацей, «дэманізавалі гэтага Лукашэнку».

А наогул Вільня для яго горад знаёмы. Там дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Лукашэнка з групай калегаў-парламентароў пабываў якраз у кульмінацыйныя дні барацьбы літоўцаў за выхад з СССР.

Аўтар гэтых радкоў бачыў спеўна-рэвалюцыйнуюВільню канца 80-х. Для чалавека, што прыехаў з «Вандэі перабудовы», як называлі тады ўзорна лаяльную Крамлю Беларусь, мітынг, арганізаваны «Саюдзісам» ля кафедральнага сабора, выглядаў фантасмагорыяй. Велізарная маса людзей, з’яднаных рамантычным памкненнем: свабода, незалежнасць, далоў імперыю! Над галавамі — лунанне крамольных нацыянальных трыкалораў. І сярод іх, дарэчы, упершыню ў рэале, над людскім морам, ваш пакорлівы слуга ўбачыў бел-чырвона-белы штандар. Гэта было страшэнна прыгожа.

Паўсталы неўзабаве

Беларускі народны фронт фактычна ўзяў матрыцу «Саюдзіса». Але літоўскі сцэнар рэзкага развітання з «саўком» у «Вандэі перабудовы» не пракаціў.

Ці сапраўды загваздка тут у нейкіх памылках БНФ? Ці магла Беларусь у прынцыпе пайсці шляхам суседзяў — рассячы савецкі гордзіеў вузел, «адвязацца» і ўзяць курс на еўраатлантычнае партнёрства ды ЕЗ?

Мінскі палітычны аглядальнік Андрэй Фёдараў мяркуе, што такі варыянт, кладучы руку на сэрца, не меў вялікіх шанцаў: у беларусаў мацнейшымі былі прасавецкія, патэрналісцкія настроі, і наадварот — слабейшымі незалежніцкія.

«Калі гаварыць пра эканоміку, то тут шлях Літвы — гэта, па сутнасці, шокавая тэрапія. Беларусы наўрад ці згадзіліся б на такія ахвяры»,

— гаворыць эксперт. Іначай кажучы, ківач настрояў усё роўна хіснуўся б да «светлай мінуўшчыны», мяркуе Фёдараў.

Дык можа, Лукашэнка, які асядлаў гэты трэнд масавай свядомасці — «Назад, у СССР!», скасаваў бел-чырвона-белы сцяг ды зрабіў стаўку на «братэрскую інтэграцыю» з багатай газам ды нафтай Расіяй, — не такі ўжо і выпадковы прэзідэнт?

Іншая рэч, што «братэрская інтэграцыя» аказалася вязкім балотам, пасткай. Цяперашняя нафтавая паўвайна лішні раз пераконвае: энергадурніца скончылася, Масква мае намер узяць сваё за кожны скормлены вітамін. І ўжо сам ППРБ пасыпае галаву попелам, па сутнасці, паўтараючы сваіх заўзятых крытыкаў: «Мадэрнізавацца трэба было хутчэй».

Нашы незалежныя эканамісты падкрэсліваюць: у краін Балтыі болей шанцаў на паспяховае развіццё пасля выхаду з цяперашняга крызісу. Усё ж яны паспелі дастаткова трывала ўбудавацца ў эканоміку Еўразвязу.

Беларусь жа ўлезла ў Мытны звяз, які ўжо напружвае тутэйшы электарат хуткім падаражэннем іншамарак і выглядае туманна ў плане макраэканамічных перспектыў. Ці вартая скурка вычынкі? Асабліва калі ўлічыць, што ў праекта — палітычная подбіўка. Масква такім чынам мае намер утрымліваць уплыў на «постсаўку». А вось Беларусь можа страціць шанцы на эканамічнае збліжэнне з ЕЗ.

Пры гэтым, на думку Андрэя Фёдарава, палітычныя калізіі — скажам, вакол «справы Усхопчыка» — наўрад ці з’яўляюцца сур’ёзным тормазам для развіцця эканамічных сувязяў паміж Беларуссю і Літвой. Хаця міністр замежных спраў Ушацкас і паспеў заўважыць, што запрашаць Лукашэнку на фоне свежай адмовы Мінска выдаць генерала Усхопчыка — не лепшы момант.

Аднак тут кожны з бакоў адпрацоўвае свой рытуал. Разам з тым камерцыя ёсць камерцыя. Дый крызіс не цётка. Бізнес Літвы (як і іншых краін ЕЗ) з лёгкай душой пайшоў бы да нас, каб не пабойваўся, мяркуе Фёдараў. Рэпутацыю дзяржавы з добрым інвестыцыйным кліматам давядзецца, аднак, зарабляць доўга і ўпарта. Нават калі цалкам зжыць саўковыя камісарскія замашкі датычна бізнесу — як айчыннага, так і замежнага.

Так, крызіс падсек беларускую мадэль, паказаў усю небяспеку прывязкі да Масквы. Але ці далёка адышлі суседзі пад сваім трыкалорам? Таксама ж крэкчуць ды зацягваюць паясы!

Гаворачы аб выніках мінулага дваццацігоддзя для сваёй краіны,

літоўскі палітолаг Вадзім Вілейта адзначае: бясспрэчная заваёва — гэта «дастаткова ліберальная ўнутрыпалітычная абстаноўка, калі актыўныя грамадзяне могуць, не баючыся рэпрэсій, рэалізоўваць сябе ды адстойваць свае інтарэсы — элементарная рэч, да якой Беларусь пакуль так і не дарасла».

Другая важная заваёва літоўцаў — «магчымасць адчуваць сябе грамадзянамі аб’яднанай Еўропы, падарожнічаць, працаваць і вучыцца на Захадзе без перашкод».

Але дэмакратыю і свабоду на хлеб не намажаш. А вось што да стварэння дзяржавы дабрабыту, дык тут, паводле Вілейты, «Літва, на жаль, мала прасунулася ў бок развітай Заходняй Еўропы».

Так, сярэдні ўзровень жыцця ў Літве вышэйшы, чым у Беларусі, адзначае палітолаг, але разам з тым «дзікі капіталізм заахвочваў толькі буйны бізнес». І таму «вельмі мала зроблена што да развіцця грамадскага сектара эканомікі, забеспячэння якаснай адукацыі, аховы здароўя, грамадскага транспарту, сацыяльных гарантый, інфраструктуры». Карацей, далёка не Скандынавія, прыклад якой так натхняў прыбалтаў два дзесяцігоддзі таму.

Вадзім Вілейта робіць парадаксальную і, напэўна, малапрыемную для беларускіх энтузіястаў еўраінтэграцыі выснову:

пры кантраснай рознасці шляхоў постсавецкага развіцця і зараз, праз 20 гадоў, у літоўцаў і беларусаў галоўная праблема шмат у чым падобная. Гаворка ідзе пра адсталасць («у выпадку Беларусі — нават архаічнасць») сацыяльна-эканамічнай мадэлі.

Літоўцы, на думку эксперта, мусяць вырашаць праблему «шляхам далейшай ментальнай, а не толькі фармальнай інтэграцыі ў еўрапейскія структуры».

Во як усё няпроста! Аказваецца, і для Літвы развітанне з «саўком» зацягнулася. Так што былому палітработніку Лукашэнку будзе пра што пагутарыць з экс-выкладчыцай Віленскай ВПШ Грыбаўскайце.

Праўда, літоўская калега, якая некалі абараніла дысертацыю па палітэканоміі сацыялізму, паспела папрацаваць еўракамісарам па фінансах і бюджэце. Эвалюцыя ж беларускага кіраўніцтва ў бок буржуінскіх рынкавых прынцыпаў, мякка кажучы, не такая відавочная. Не кажучы ўжо пра дэмакратычныя перакананні.

І яшчэ адзін прынцыповы момант. «Працяг „братэрскай інтэграцыі“ тоіць у сабе для Беларусі здачу важных пазіцый, — гаворыць аналітык Андрэй Фёдараў. — Літва ж у значна большай ступені забяспечыла гарантыі сваёй незалежнасці».

За гэтыя 20 гадоў літоўцы пераканаліся: свабода, незалежнасць — гэта не толькі паэзія, але і суровая проза. За гэтыя рэчы трэба плаціць, і плаціць па-буйному.

Беларусы, здаецца, толькі пачынаюць усведамляць гэту ісціну.

Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН

0
Димыч1 / адказаць
18.01.2010 / 20:16
Скутеру Что ж Вы так испугались фамилия Берия?:)) Хорошо, назовусь Саакашвили.:))
0
2 Сунь Укун / адказаць
18.01.2010 / 21:13
"У димыча1 только старенький компьютер, но ему хочется почувствавать себя вершителем судеб." Что, ещё тот компьютер, который Вечерке не вернул?!
0
Сунь Укун / адказаць
19.01.2010 / 07:54
Нет, наверное, у него немного поновее. Тот комп, что ему Коз-лин вручил анонимки писать.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30