Знайсці
24.04.2021 / 21:12

20 гадоў таму дэпутат Мінгарсавета кінуў у Лукашэнку памідор — і папаў. Як склалася яго жыццё?

«Наша Ніва» расказвае забытую гісторыю з 2001 года.

У ліпені 2001 года сярод іншых навін пасля святкавання Дня незалежнасці вылучалася наступная: «Падчас забегу ў Аляксандра Лукашэнку кінулі нейкім цяжкім, вострым прадметам. У выніку інцыдэнту ён атрымаў невялікае пашкоджанне — драпіну на назе. Пасля кідка міліцыя ачапіла меркаванае месца злачынства і затрымала некалькі чалавек».

Сярод затрыманых апынуўся і той, каго шукалі, — былы дэпутат Мінгарсавета Сяргей Лапцеў. Праўда, пазней высветлілася, што кідаўся ён ніякім не вострым прадметам, а памідорам.

Праз амаль 20 гадоў «Наша Ніва» адшукала гэтага «памідоравага Робін Гуда» — менавіта так называлі Сяргея міліцыянеры, — каб даведацца, як склалася яго жыццё.

«Білі, прыгаворчаючы: «Каб руку не падымаў на прэзідэнта»

Пры сустрэчы Сяргей просіць пра тое, каб застацца максімальна непазнавальным: перажывае, што фанаты Лукашэнкі могуць і сёння захацець адпомсціць яму на вуліцы.

Бо нават у 2001-м, калі сітуацыя ў краіне яшчэ была больш ліберальнай, праз два тыдні пасля кідка памідора Сяргея збілі з пасылам: «Каб руку не падымаў на прэзідэнта».

Павялічыць

Сяргей Лапцеў. У 2001 годзе мужчыну было 45 год, цяпер — 66.

«Я тады быў у складзе ініцыятыўнай групы кандыдата Уладзіміра Ганчарыка, збіраў подпісы на пікеце. Да мяне падышлі чацвёра паголеных мужчын. Сказалі, што таксама хочуць падпісацца за Ганчарыка, праўда, пашпартоў у іх з сабой няма — пакінулі ў інтэрнаце побач. Я пагадзіўся схадзіць з імі ў інтэрнат, але туды мы не дайшлі. Мяне перавялі праз дарогу ў нейкі двор. Адзін за адну руку схапіў, другі — за другую, аб дрэва галавой ударылі. Я толькі паспеў адвярнуць галаву, каб нос не зламалі», — расказвае Лапцеў.

Мужчына падаваў заяву ў міліцыю, але атрад помсты так і не знайшлі. 

Удзел у палітычным жыцці краіны заўсёды быў натуральнай часткай жыцця Сяргея. Акрамя таго, што мужчына працаваў інжынерам на «Гарызонце», а пасля на «Інтэграле», у 1994-м ён збіраў подпісы за Зянона Пазняка, быў дэпутатам Мінгарсавета, куды вылучаўся ад БНФ, дапамагаў Генадзю Грушавому з дзейнасцю фонду «Дзецям Чарнобыля». 

«У дэпутаты ў 1990-м мяне падштурхнуў ісці якраз Генадзь, які сам увайшоў у лік дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання — першага парламента ў гісторыі незалежнай Беларусі. Чым я займаўся тады? У асноўным працаваў з заявамі выбаршчыкаў. Быў у камісіі па экалогіі, праводзілі даследаванне стану здароўя дзяцей у розных раёнах Мінска».

Павялічыць

«Спартсмены не маглі нагнаць Лукашэнку, а мой памідор нагнаў»

Палітычным выказваннем для яго стаў і кідок памідора. Дзень Х здарыўся 3 ліпеня. Сяргей згадвае, што на вуліцы тады было дужа сонечнае надвор’е. Шмат беларусаў прыйшлі паназіраць за спартовай эстафетай, якая праходзіла на сённяшнім праспекце Незалежнасці (у тыя часы — Францыска Скарыны).

«Я стаяў насупраць КДБ, дзе цяпер кавярня «Валошкі». Там тады разгарнулі выносны гандаль з ежай і напоямі. Перад тым, як на ролікавых лыжах павінен быў праехаць Лукашэнка, там і машыны-палівалачкі прайшлі, і са шчотачкамі тэхніка, уздоўж бардзюраў людзі з венікамі старанна збіралі недакуркі. І вось дыктар анансаваў: «Набліжаецца прэзідэнт!» Усе спартсмены, канечне, нагнаць яго не маглі на трасе. Толькі мой памідор нагнаў. Я загадзя закупіў парачку ў прадаўца таго самага выноснага гандлю, і, калі Лукашэнка прабягаў міма, кінуў адзін у яго бок», — згадвае Сяргей.

Павялічыць

Месца тых самых падзей

Мужчына хацеў падысці бліжэй да дарогі і дакладна ўбачыць, куды паляцеў яго «снарад», але і так зразумеў, што напаткаў мэту, бо яго са словамі «Што вы нарабілі?!» яго пад руку рэзка ўзяў мужчына (як пасля зразумеў Сяргей — прадстаўнік службы бяспекі). Той пачаў перадаваць камусьці: «Выклікай міліцыю, выклікай». Сяргея адразу ж даставілі ў аддзяленне міліцыі Ленінскага раёна.

Павялічыць

Момант той спартовай эстафеты на праспекце. Крыніца: lenta.ru

«У аддзяленні мяне пасадзілі ў клетку разам з відавочнымі заўсёднікамі тых мясцін. Спачатку не давалі тэлефанаваць жонцы, аргументуючы тым, што тут не ЗША, але пасля дазволілі паведаміць сям’і пра затрыманне. У той жа дзень да мяне зайшлі двое мужчын у гальштуках. Пачалі распытваць, хто я і навошта тое зрабіў.

Я распавёў як мае быць: гэта было маё палітычнае выказванне. Акцыя. Дрэнных акцёраў у тэатры было прынята сустракаць тухлымі яйкамі, а я сустрэў прэзідэнта памідорам. Я нават патлумачыў, чаму лічу Лукашэнку дрэнным акцёрам: родная мова ў заняпадзе, эканоміка — таксама, іпэшнікаў ціснуць…

Мужчыны тыя сышлі, і я застаўся ў камеры да суда. Ніякага гвалту, пагроз не было. Ставіліся да мяне вельмі лаяльна».

Суд над Лапцевым цягнуўся хвілін 10. У яго спыталі, ці не думаў ён, што можа патрапіць у дзяцей, на што той адказаў, што цэліўся ў пэўную кропку. Пакараць мужчыну за правіннасць суддзя Зміцер Жданок вырашыў сямю суткамі (дробнае хуліганства — артыкул 17.1 КаАП). Увечары Сяргей чакаў моманту, калі яго адканваююць з міліцыі на Акрэсціна, але далей падзеі развіваліся нечаканым чынам.

Як расказвае суразмоўца, у камеру да яго зайшоў дзяжурны лейтэнант:

— Так, памідоракідальнік, выходзь да начальніка!

«Было недзе каля 18-й гадзіны, сонца свяціла вельмі ярка. Начальнік сядзеў у сваім кабінеце за сталом. Устаў і працягнуў мне руку, каб яе паціснуць. Я ачмурэў. Ëн сказаў мне, што наш прэзідэнт — добры чалавек і што нібыта ён злітаваўся нада мной. Не ведаю, як было насамрэч, але мяне адпусцілі — без пратакола, без пастановы суда. Вярнулі мой пейджар, шнуркі і сказалі ісці дадому. Я пасля разважаў: можа, начальніку спадабаўся мой учынак, таму ён сябе так павёў? Але, мне здаецца, тут завязаны ўсё ж Рыгоравіч. Ëн — галоўны над усімі законамі, па адным званку можа вырашыць любое пытанне».

Пра далейшы лёс Лукашэнкі пасля атакі памідорам СМІ тады пісалі: «Гэта непрыемнасць не перашкодзіла прэзідэнту Беларусі прабегчы эстафету даўжынёй 2 км 800 м і здзейсніць яшчэ адзін забег, але ўжо не на лыжах-ролерах, а на ролікавых каньках. У гутарцы з журналістамі пасля забегу на пытанне, ці з'яўляецца гэта выхадка невядомага тэрарыстычным актам, Лукашэнка адказаў: «Не дачакаецеся».

Факт таго, што Лукашэнка меў дачыненне да вызвалення памідоракідальніка, прэс-служба тады зняпраўджвала. Хаця вельмі шмат экспертаў звязалі такую дабрыню (усё ж спачатку ўчынак хацелі кваліфікаваць па крымінальным артыкуле як публічную абразу прэзідэнта) з жаданнем не хістаць перадвыбарчы імідж і святочны настрой грамадзян на дзень незалежнасці.

«Сёння за такое суткамі б ніхто не адкараскаўся»

Ужо шэсць год Сяргей на пенсіі, на якую выйшаў са сваёй апошняй працы — кнігараспаўсюдніка. Кажа, што займаецца выхаваннем трэцяга сына, якому цяпер восем гадоў (усяго ў мужчыны трое дзяцей, ёсць і ўнукі). Ад палітыкі адышоў.

Сваякі і па сёння згадваюць акцыю Сяргея ў 2001 годзе з усмешкай. Не шкадуе пра свой учынак і сам герой. Праўда, дадае, што ў сённяшніх умовах на яго б не рашыўся:

«Думаю, за такі самы ўчынак сёння суткамі б ужо ніхто не адбіўся. Сэрца баліць ад таго, што адбываецца ў Беларусі цяпер. Мяне вельмі цікавіць, што думаюць пракуроры і суддзі, якія робяць суд несправядлівым. Лукашэнка сыдзе, хай не ў гэтым годзе, але дакладна сыдзе. І ўсім абавязкова прыйдзецца адказаць за свае ўчынкі. Як усе свядомыя людзі, я думаў, што хоць апошнія выбары будуць выбарамі, а ў нас атрымаўся нейкі фарс. Я цяпер у раз’юшаных пачуццях…»

Павялічыць

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31