Знайсці
24.02.2021 / 16:10РусŁacБел

З выставы ў Гродне знялі карціны Надзі Букі — бо там спалучэнне белага і чырвонага колераў ФОТА

З выставы «Асабістая справа» Надзі Букі ў Горадні раптам знялі шэсць карцін. Усяго экспазіцыя ўключае ў сябе пяцьдзясят шэсць палотнаў, а таксама графіку і кніжную ілюстрацыю. Работы, якіх выстава пазбавілася, маюць пэўнае спалучэнне белага і чырвонага колераў, хаця некаторыя з іх напісаныя да 2020 года і, паводле мастачкі, не маюць адсылкі да бел-чырвона-белага сцяга.

Фота з фэйсбука Надзі Букі

Экспазіцыя адкрылася 13 лютага ў галерэі гандлёвага цэнтра Kazzarma Mall у Горадні. Аб тым, што ў выставе зробленыя карэкціроўкі, мастачка даведалася ад журналістаў, але афіцыйна ні прычын умяшання, ні імя таго, хто яго ініцыяваў, ёй не паведамілі.

«Твор Freedom з трыма балонікамі амаль адразу прадалі і некаторыя палічылі, што яго знялі наўмысна, але ў гэтым выпадку пакупнік проста папрасіў забраць карціну адразу. А наконт астатняга мне сказалі, што пакуль нічога не могуць пракаментаваць. Мне не зразумела, чаму так вырашана і адкуль прыйшла такая каманда, але не думаю, што гэта зрабілі супрацоўнікі галерэі».

Сярод знятых работ — «Надзея», напісаная ў 2018-м, «Рай» (на ёй — яблык на бярозе) альбо «Мая вера», дзе ад сэрца Хрыста адыходзяць белыя і чырвоныя промні.

«Сэнс карціны «Рай» у тым, што не трэба шукаць радзіму ў іншых краінах. Я пісала яе на пачатку 2020 года, але бачыце, прыйшоў час, калі вельмі шмат беларусаў шукае радзіму за мяжой. Райскім яблычкам на бярозе я хацела сказаць, што трэба тут неяк развівацца і рабіць краіну лепшай, а нехта ў гэтым убачыў проста чырвоны яблык на белай бярозе.

На творы «Мая вера» — сэрца Езуса Хрыста. Я практыкуючая каталічка, і мне даўно хацелася адлюстраваць гэты сімвал. Калі на яго фоне я малявала вітраж з белых і чырвоных промняў, думала не пра бела-чырвона-белы сцяг, хаця ён мне вельмі падабаецца, а пра сцяг уваскрослага Хрыста. Калі Хрыстос уваскрос, ён у руках трымаў сцяг, дзе на белым фоне быў чырвоны крыж. Я наогул не бачу сэнсу здымаць гэтую карціну».

Надзя Бука спадзяецца, што некаторыя творы будуць усё ж вернутыя ў экспазіцыю да 27 лютага, калі яна асабіста правядзе экскурсію па выставе. «Асабістая справа» будзе працаваць да 12 сакавіка.

Дазваніцца ў Kazzarma Mall і атрымаць каментарый у нас не атрымалася.

Чытайце таксама:
«Беларускіх кніжных ілюстратараў цэняць ва ўсім свеце. Акрамя Беларусі». Хто робіць найлепшыя кніжныя ілюстрацыі

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031